Эфектыўнае бацькоўства —шчаслівае дзяцінства

На працягу некалькіх гадоў дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Дзітвы Лідскага раёна з’яўляўся пляцоўкай для рэалізацыі інавацыйнага праекта Міністэрства адукацыі “Укараненне мадэлі фарміравання эфектыўнага бацькоўства як умова сацыяльнага дабрабыту выхаванцаў дашкольнай установы”. Калектыў напрацаваў новыя формы супрацоўніцтва з бацькамі выхаванцаў, дзякуючы якім вырасла іх актыўнасць і ўключанасць у жыццё дзіцячага сада. Павысіўся і прэстыж установы, якая стала раённым, а затым абласным рэсурсным цэнтрам па фарміраванні эфектыўнага бацькоўства і зараз дзеліцца сваімі дасягненнямі.

“Нашу ўстанову наведвае 77 дзяцей, пачынаючы з 2-гадовага ўзросту, з 62 сем’яў. У ёй працуе 16 педагогаў. Гэта адзіная дашкольная ўстанова ў аграгарадку Дзітва, і недахопу ў выхаванцах мы не адчуваем. Наш аграгарадок малады, тут працягваецца будаўніцтва жылля, некаторыя сем’і пераязджаюць сюды з Ліды. Сярод буйных прадпрыемстваў — торфабрыкетны завод “Дзітва”, які з’яўляецца нашым шэфам, а таксама некалькі фермерскіх гаспадарак, — расказала намеснік загадчыка цэнтра Наталля Валянцінаўна Сцецкая. — Статус дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці прадугледжвае, што ў ім разам з рэалізацыяй вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі асаблівая ўвага ўдзяляецца творчым здольнасцям дзяцей, стварэнню паўнацэнных умоў для іх рознабаковага развіцця. Стабільны педагагічны калектыў аднадумцаў дазваляе нам паспяхова спраўляцца з гэтай задачай”.

Сацыяльнае асяроддзе выхаванцаў і перш за ўсё сям’я ўплываюць на якасць адукацыйнага працэсу. У рамках інавацыйнай работы калектыў цэнтра арганізаваў узаемадзеянне з сем’ямі выхаванцаў, у тым ліку з тымі, што знахо дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Праводзілася работа па зніжэнні ўзроўню сацыяльнага недабрабыту, умацаванні і аднаўленні сямейных сувязей, фарміраванні пазітыўнага вопыту мацярынства і бацькоўства. Супрацоўніцтва з баць камі пачало ажыццяўляцца комплексна. І большасць з іх праяўляе сябе актыўна: жыва цікавяцца тым, што адбываецца ва ўстанове, назіраюць за творчай і інтэлектуальнай дзейнасцю малышоў, у тым ліку праз фотасправаздачы ў Viber-групах. Ра зам з дзецьмі бацькі ўдзельнічаюць у традыцыйных мерапрыемствах дашкольнага цэнтра, святах, конкурсах, выставах, адукацыйных праектах і ініцыятывах, якія прапануюць ім педагогі. Напрыклад, выхавальнік можа звярнуцца да бацькоў з просьбай прыдумаць экалагічную казку пра тое, як цяжка птушкам жывецца зімой, як важна ім дапамагаць. Усе дружна ўключаюцца ў творчы працэс. Педагог піша зачын, а баць кі разам з дзецьмі прыдумваюць працяг казкі. Вынікі творчай дзейнасці агучваюцца ў группах падчас заняткаў. Паспяховы вопыт работы ў рамках рэалізацыі сумесных адукацыйных праектаў з дзецьмі і баць камі мае выхавальніца Наталля Вячаславаўна Лапацей. Яна таксама выкарыстоўвае ТРВЗ-тэхналогіі, з’яўляецца пераможцай раённага конкурсу “Настаўнік года”.

“У выніку назіранняў, гутарак, анкетавання бацькоў мы вызначылі найбольш эфектыўныя і цікавыя формы сумеснай работы, — адзначае Наталля Валянцінаўна. — Сярод іх — куфар “Сакрэты выхавання”. У спецыяльную прыгожа аформленую скрыначку змяшчаюцца пытанні, прапановы, парады ад бацькоў і педагогаў па розных аспектах выхавання, навучання і развіцця дзяцей. Выкарыстоўваецца таксама партфель-эстафета, у які кожны з бацькоў можа змясціць рэкамендацыі, расказ аб сваім вопыце выхавання, задаць пытанні і прачытаць адказы іншых бацькоў, папрасіць параду. Сямейны вернісаж “А як у нас…”праходзіць у форме прэзентацыі сваёй сям’і: любімых заняткаў, гульняў дзяцей, хобі, сямейных традыцый і сумеснай дзейнасці.

У рабоце педагогаў з бацькамі выхаванцаў актыўна выкарыстоўваюцца ІКТ. Пытанні, якія тычацца выхавання дзяцей і развіцця навыкаў канструктыўнага ўзаемадзеяння, найбольш эфектыўна вырашаюцца ў рамках Zoom-канферэнцыі “Сямейны форум”, кансультацыйнага пункта для бацькоў “Мы разам” на базе кабінета педагога-псіхолага. Для зваротнай сувязі выкарыстоўваецца сайт установы, пошта [email protected] Такім чынам, у нас ёсць магчымасць вызначыць характар праблем бацькоў і ўзровень іх задаволенасці дзейнасцю ўстановы, а таксама абмеркаваць перспектывы развіцця дзяцей. Кансуль тантамі часам выступаюць і самі бацькі-прафесіяналы ў той ці іншай сферы (медыцынскія работнікі, юрысты, работнікі сферы культуры і іншыя). Таксама была створана спецыяльная рассылка, якая дапамагае бацькам быць у курсе мерапрыемстваў, якія адбываюцца ва ўстанове і за яе межамі”.

Выхаванцы ДЦРД Дзітвы маюць магчымасць наведваць басейн, спецыяльную групу для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, а таксама пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Прапануюцца адукацыйныя паслугі на платнай аснове ў мацярынскай школе (для дзяцей, якія не наведваюць дашкольную ўстанову і іх бацькоў), па харэаграфіі, дзіцячым фітнесе, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, у майстэрні тэхнічнага канструявання. А таксама арганізуюцца заняткі па сенсорным развіцці і развіцці маўленчых навыкаў з выкарыстаннем лагарытмікі для дзяцей 3—4 гадоў па запыце баць коў.

На працягу года запатрабаваны паслугі студыі “Растишка” (адаптацыйнай групы на бясплатнай аснове) для дзяцей ва ўзросце ад 1,5 да 2,5 года, якія не наведваюць дашкольную ўстанову, і іх бацькоў, а таксама заняткі прагулачнай групы. На семінарскіх занятках бацькі атрымліваюць тэарэтычныя веды, працуюць над павышэннем сваёй псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці і нават гуляюць, пераўвасабляючыся ў дзяцей. Гульнявыя заняткі малышоў сумесна з мамамі і татамі пад кіраўніцтвам выхавальнікаў, педагога-псіхолага, музычнага кіраўніка, кіраўніка фізічнага выхавання садзейнічаюць эфектыўнаму ранняму развіццю дзяцей, фарміраванню ў іх пачуццяў абароненасці і ўнутранай свабоды, даверу да навакольнага свету і, як вынік, паспяховай адаптацыі да дашкольнай установы. Шмат новых ідэй для правядзення заняткаў з дзецьмі педагогі ўстановы знайшлі ў працэсе рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта, у рамках якога ішла работа над фарміраваннем у выхаванцаў навыкаў сюжэтна-ролевых гульняў.

Не менш дзейснымі формамі ўключэння сям’і ў адукацыйны працэс сталі інтэрактыўныя бацькоўскія сходы, гульнявыя трэнінгі, калядныя вечары і г.д. Такое ўзаемадзеянне заахвоціла ўсіх да творчага супрацоўніцтва. Удзел бацькоў у спартыўных святах, днях здароўя і іншае паспрыяла фарміраванню здаровага ладу жыцця ў сем’ях, згуртаванню ў адзіную каманду.

“Асабліва хочацца адзначыць такую вельмі эфектыўную форму работы з бацькамі, як арганізацыя клубнай дзейнасці, якая аб’ядноўвае ўдзельнікаў агульнымі інтарэсамі і носіць менш фармальны характар, — адзначыла Наталля Валянцінаўна. — Вывучыўшы патрэбы бацькоў, мы ўбачылі, што пачы наць суправаджэнне сям’і трэба яшчэ да паступлення дзіцяці ва ўстанову дашкольнай адукацыі. З мэтай псіхолага-педагагічнага суправаджэння маладой сям’і, аказання дапамогі бацькам у перыяд чакання дзіцяці, на этапах ранняга развіцця малыша была арганізавана дзейнасць бацькоўскіх клубаў “Маладая сям’я” для сем’яў, якія плануюць нараджэнне дзіцяці; “Дарыць жыццё” — для сем’яў, якія чакаюць нараджэння дзіцяці; “Я расту!” — для сем’яў з дзецьмі ад нараджэння да года.

Дзейнасць бацькоўскага клуба “Шчаслівае дзяцінства” спрыяе стварэнню аптымальных умоў для паспяховай сацыялізацыі выхаванцаў з розных сем’яў: няпоўных, мнагадзетных, маладых, сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама ўзбагачае ведамі бацькоў па пытаннях псіхічнага, сацыяльнага развіцця дзяцей, рэалізацыі іх правоў і законных інтарэсаў. Як вынік, за некалькі гадоў стабілізавалася сітуацыя ў 25% сем’яў, а значыць, колькасць дзяцей, якія выхоўваюцца ва ўмовах сацыяльнага дабрабыту, павялічылася. Удзельнікамі бацькоўскіх клубаў становяцца таксама прадстаўнікі ўстаноў аховы здароўя (педыятр, урач-гінеколаг, урач-валеолаг), органаў унутраных спраў (інспектары ІСН, РАУС), святар праваслаўнай царквы, спецыялісты СПЦ, педагогі. Гэта дазваляе абмяркоўваць шырокі спектр пытанняў.

Яркай і запамінальнай падзеяй стала правядзенне ў ДЦРД Дзітвы конкурсу “Сям’я года”, які быў арганізаваны ў некалькі этапаў. Спачатку цяжкім аказалася далучэнне бацькоў з нядобранадзейных сем’яў да сумеснай дзейнасці. Аднак падтрымка выхавальнікаў, прыклад актыўных бацькоў спрыялі іх жаданню ўзаемадзейнічаць у інтарэсах дзіцяці і пераасэнсоў ваць сваё жыццё. Станоўчыя эмоцыі, агульныя перажыванні і падтрымка падчас конкурсу спрыялі наладжванню дзіцяча-бацькоўскіх адносін.

Мы выкарысталі станоўчы вопыт мацярынства і бацькоўства шматпакаленнай сям’і. Сустрэчы ў клубе “Бабулечка” спрыяюць перадачы традыцый старэйшага пакалення сучасным бацькам. Прайшоў конкурс сумеснага малюнка ў намінацыі “Сям’я”. Нашы бацькі і дзеці з’яўляюцца неаднаразовымі прызёрамі Міжнароднага конкурсу сацыяльна значных плакатаў “Люблю цябе, мой край родны!”.

Рэалізуючы мадэль фарміравання эфектыўнага бацькоўства, педагогі ўстановы набылі найбагацейшы вопыт узаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў, якім сёння дзеляцца з калегамі ў рамках абласнога рэсурснага цэнтра. Мы працягваем распрацоўваць новыя формы работы з улікам сённяшняй сітуацыі, перш за ўсё дыстанцыйныя формы, якія магчыма ажыццяўляць у рамках анлайн-мерапрыемстваў. У апошні час педагогі і бацькі сталі больш кантактаваць праз сацыяльныя сеткі”.

Наталля Валянцінаўна расказала аб праекце, які стаў магчымы ва ўстанове дзякуючы падтрымцы бацькоў. Гэта сумесны з ПВТ праект “Інфарматыка без разеткі”. З гэтай мэтай дашкольны цэнтр атрымаў усё неабходнае абсталяванне, мэблю, тэхніку, мультымедыйны праектар і г.д. У мінулым годзе гэта быў пілотны праект. Заняткі прахо дзяць у рамках гуртка на платнай аснове, які наведваюць 15 выхаванцаў. Першапачаткова гэты курс педагогі прэзентавалі бацькам, расказвалі аб тым, чаму гэта важна для іх дзяцей, пазнаёмілі з яго зместам. Прайшлі мерапрыемствы для бацькоў і дзя- цей, на якіх яны выконвалі заданні з курса “Інфарматыка без разеткі”, дзе даступна з апорай на вучэбную праграму дашкольнай адукацыі вывучаюцца паняцці, характэрныя для курса інфарматыкі ў школе.

У 2020/2021 навучальным годзе ДЦРД Дзітвы з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па апрабацыі методыкі фарміравання алгарытмічнай пісьменнасці ў выхаванцаў ад 5 да 7 гадоў. Кіраўнікі праекта — Аксана Генадзьеўна Сарока, намеснік дэкана факультэта пачатковай адукацыі па навуковай рабоце, кандыдат педагагічных навук, дацэнт БДПУ імя Максіма Танка, і Наталля Станіславаўна Карлюкевіч, галоўны спецыяліст аддзела адукацыйнай дзейнасці адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій.

У мінулым годзе праходзіў конкурс сярод устаноў, якія ўдзельнічаюць у праекце “Інфарматыка без разеткі”, дзе ДЦРД Дзітвы заняў 1-е месца ў намінацыі “Творчая майстэрня” за падрыхтоўку настольнай гульні для дзяцей, якая накіравана на замацаванне зместу курса. Педагог-псіхолаг у мінулым, а сёння кіраўнік фізвыхавання Наталля Юр’еўна Бачарова з’яўляецца цьютарам праекта “Інфарматыка без разеткі” ва ўстанове і ідэйным натхняльнікам стварэння гульні. Калек- тыў установы па выніках конкурсу быў адзначаны прызам — смарттэлевізарам, які зараз знаходзіцца ў кабінеце, дзе праходзяць заняткі па “Інфарматыцы без разеткі”.

“Нашы бацькі на пастаяннай аснове павышаюць сваю псіхалагічную культуру, набываюць веды ў пытаннях выхавання дзяцей, вучацца навыкам узаемадзеяння з імі, — гаворыць Наталля Валянцінаўна. — Гэта дазваляе фарміраваць эфектыўную бацькоўскую пазіцыю, а іх дзецям выхоўвацца ва ўмовах сацыяльнага дабрабыту! І гэта таксама ўплывае на тое, што наш дашкольны цэнтр па выніках раённага конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі штогод знаходзіцца ў лідарах. Загадчык цэнтра Іаланта Зігмунтаўна Багатка — наш галоўны ідэйны натхняльнік. Кожны выклік часу яна ўспрымае як магчымасць палепшыць якасць адукацыйнага працэсу, а ўдзел калектыву ў новых праектах, конкурсах разглядае як бясцэнны вопыт, дзякуючы якому ўстанова няспынна развіваецца ва ўсіх кірунках”.

Надзея ЦЕРАХАВА.