Эфектыўнае двухбаковае супрацоўніцтва — добрая аснова для ўзаемадзеяння ў рамках інтэграцыйных аб’яднанняў

- 13:54Інфармацыйная гадзіна

Беларусь зацікаўлена ў тым, каб павялічыць пастаўкі прадукцыі машынабудавання ў Кыргызстан, паведаміў Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на сустрэчы з першым віцэ-прэм’ер-міністрам Кыргызстана Кубатбекам Баронавым.

“Мы хацелі б прапанаваць і лічым перспектыўнымі праекты па расшырэнні кааперацыйных сувязей паміж нашымі прадпрыемствамі. Гэта можа быць як развіццё дзеючых, так і стварэнне новых зборачных вытворчасцей. Гэта і нарошчванне паставак машынабудаўнічай прадукцыі ў Кыргызстан, таксама з улікам дзеючых у Беларусі мер падтрымкі гэтага экспарту. Я лічу, што падпісанне Урадам Беларусі з кыргызскім банкам дагавора аб пастаўках тэхнікі на льготных умовах, несумненна, будзе садзейнічаць іх росту”, — адзначыў Сяргей Румас.

Перспектыўным прэм’ер-міністр таксама лічыць супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі, ІТ, транспарту, лагістыкі.

У сваю чаргу Беларусь зацікаўлена ў пастаўках тавараў з Кыргызстана. “У нас вельмі добра зарэкамендавалі сябе радыятары для МТЗ, МАЗа. Мы традыцыйна купляем шмат бавоўны, шэрсці і ведаем, што Кыргызстан можа пастаўляць гэтую высакаякасную прадукцыю. Аб’ёмы пакуль невялікія. Трэба пагля­дзець, што зрабіць для таго, каб расшырыць гэтыя пастаўкі”, — сказаў Сяргей Румас.

Прэм’ер-міністр запэўніў, што Беларусь зацікаўлена ў самым цесным партнёрстве з Кыргызстанам і выступае за сістэмнае ўмацаванне гандлёва-эканамічных адносін. “Мяркую, што наша эфектыўнае двухбаковае супрацоўніцтва стане добрай асновай для аналагічнага ўзаемадзеяння і ў рамках іншых інтэграцыйных аб’яднанняў, у першую чаргу ЕАЭС, СНД і АДКБ”, — дадаў ён.

На думку Сяргея Румаса, удзел Беларусі і Кыргызстана ў шматбаковых інтэграцыйных аб’яднаннях, асабліва ў ЕАЭС, дае дадатковыя магчымасці для расшырэння ўзаемных сувязей і актывізацыі двухбаковых кантактаў на ўсіх узроўнях.

“У апошнія гады гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кыргызстанам прыметна актывізавалася. Наш тавараабарот на працягу апошніх трох гадоў не апускаецца ніжэй за $100 млн. Але патэнцыял нашага супрацоўніцтва, вядома ж, значна вышэйшы, і я спадзяюся, што на пасяджэнні міжурадавай камісіі вы зможаце намеціць дадатковыя сферы, дзе Беларусь і Кыргызстан змогуць нарасціць сваё супрацоўніцтва. Перакананы, што гэтыя перагаворы дадуць старт новым праектам, і Урад Беларусі будзе ўсяляк іх падтрымліваць”, — падкрэсліў Сяргей Румас.