Эфектыўнае кіраванне — стабільнае функцыянаванне

- 11:36Планёрка ў рэгіёне

Сёння сістэма адукацыі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці — жывы арганізм. Прыярытэтная задача аддзела адукацыі — забеспячэнне эфектыўнага кіравання гэтай сістэмай, яе стабільнае функцыянаванне і паступальнае развіццё. Пра асноўныя вынікі мінулага навучальнага года і планы на наступны расказвае начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму Рэчыцкага райвыканкама Аляксандр ДЗЕМЯНЧУК.

Аляксандр Валянцінавіч, навучальны год завяршыўся, таму давайце падвядзём некаторыя вынікі.

— У цэлым сістэма адукацыі Рэчыцкага раёна на ўсіх узроўнях мае дастатковую рэсурсную базу і дэманструе пэўныя станоўчыя змены ў частцы павышэння кваліфікацыйнага і адукацыйнага ўзроўняў педагогаў, стабільныя вынікі работы ўстаноў адукацыі па забеспячэнні якасці навучання. З улікам дэмаграфічных фактараў у раёне праводзіцца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, ахопліваюцца спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйнай дапамогай дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, пашыраецца сетка гурткоў, клубаў, спартыўных секцый для арганізацыі вольнага часу навучэнцаў, удасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў.

У педагагічнай практыцы адукацыйных устаноў нашага раёна ўдала спалучаюцца багаты вопыт, прафесійная мудрасць старэйшага пакалення педагогаў і запал маладых спецыялістаў. Іх штодзённая карпатлівая праца забяспечвае перамогі нашых выхаванцаў у алімпіядах, творчых конкурсах і фестывалях. У 2018 годзе навучэнцы раёна атрымалі 46 дыпломаў на трэцім, 7 — на заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. 227 дыпломаў заваявана ў абласных, рэспубліканскіх, міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, інтэлектуальных і творчых конкурсах. Найбольшы ўклад у агульную перамогу зрабілі навучэнцы раённага ліцэя, раённай гімназіі, сярэдніх школ №№ 2, 7 Рэчыцы. Па выніках 2017/2018 навучальнага года 32 выпускнікі прэтэндуюць на атрыманне атэстатаў асобага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём. Рэчыцкая раённая гімназія, Рэчыцкі раённы ліцэй, сярэдняя школа № 7 сталі пераможцамі Абласнога конкурсу інтэрнэт-сайтаў сярод устаноў адукацыі Гомельскай вобласці.

На працягу 24 гадоў каманда юных інспектараў руху “Святлафорыч” сярэдняй школы № 7 з’яўляецца пераможцай абласнога злёту, 12 разоў яна станавілася прызёрам на рэспубліканскім узроўні. Сярэдняя школа № 2 Рэчыцы па выніках Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Найважнейшым складнікам выхаваўчай прасторы раёна з’яўляюцца ўстановы дадатковай адукацыі: Рэчыцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, фізкультурна-спартыўны цэнтр для дзяцей і моладзі “Алімп”, на базе якіх займаюцца 2524 дзіцяці. У 2017/2018 навучальным годзе выхаванцамі і педагогамі Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі заваявана 29 дыпломаў абласнога ўзроўню, 7 — рэспубліканскага, 9 — міжнароднага. У 2017 годзе ўпершыню ў Гомельскай вобласці прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства “Метадыст года” сярод устаноў дадатковай адукацыі, на якім метадыст Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Марына Уладзіміраўна Саўкіна заняла 2-е месца.

— Як ідуць справы з профільным навучаннем, дапрофільнай падрыхтоўкай, пра якую сёння шмат гавораць?

— На працягу трох гадоў у раёне актыўна ўкараняецца профільнае навучанне, якім цяпер ахоплены 510 навучэнцаў 10—11 класаў, што складае 38%. Найбольш запатрабаванымі профільнымі прадметамі ў школах раёна з’яўляюцца матэматыка і руская мова. Разам з тым на павышаным узроўні вывучаюцца фізіка, грамадазнаўства, англійская, нямецкая мова, хімія і біялогія. Варта адзначыць, што ўпершыню ў 2017/2018 навучальным годзе на базе Рэчыцкай раённай гімназіі ў 10 класе была адкрыта міжшкольная профільная група педагагічнай накіраванасці. Навучэнцы, якія паспяхова засвоілі курс факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію” і адпаведныя профільныя прадметы, пасля завяршэння навучання ў школе змогуць без здачы цэнтралізаванага тэсціравання, па сумоўі, паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі педагагічнай накіраванасці.

Акрамя таго, у 2017/2018 навучальным годзе ў раёне былі створаны 2 спартыўныя класы па 3 відах спорту (лёгкая атлетыка, плаванне, бокс). У 2018/2019 навучальным годзе плануецца стварыць яшчэ 3 спартыўныя класы па 3 відах спорту (веласпорт, баскетбол, плаванне), і гэтая праца будзе працягнута. У планах на наступны год таксама адкрыццё на базе Солтанаўскай сярэдняй школы профільнай групы аграрнай накіраванасці. Сумесна з Горацкай сельскагаспадарчай акадэміяй заключаны трохбаковы дагавор на падрыхтоўку спецыялістаў. У 2017/2018 навучальным годзе ўпершыню на базе Рэчыцкага професійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя арганізавана прафесійная падрыхтоўка 50 вучняў 10-х класаў з 12 устаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці, па спецыяльнасці “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі А. Па гэтай спецыяльнасці штогод мы рыхтуем ад 15 да 20 выпускнікоў на базе Васілевіцкай сярэдняй школы. Такім чынам, пасля школы выпускнік будзе мець запатрабаваную сёння спецыяльнасць. Вельмі важна, каб кожны знайшоў сваё месца ў жыцці і быў запатрабаваным у грамадстве.

— Што цікавае плануецца ва ўстановах адукацыі раёна на летніх канікулах?

— Лета — гэта пара года, якую дзеці чакаюць з нецярпеннем. Гэта мора незабыўных уражанняў, новых знаёмстваў, неверагодных прыгод і, вядома, актыўнага адпачынку. У цэлым на працягу лета 2018 года мяркуем ахапіць усімі формамі занятасці больш за 12 тысяч навучэнцаў. У 58 аздараўленчых лагерах плануецца аздаравіць 1820 дзяцей. У летні перыяд будуць адкрыты 10 лагераў працы і адпачынку для навучэнцаў 14—18 гадоў. Дзейнасць такіх лагераў накіравана на набыццё дзецьмі практычных працоўных навыкаў, прыцягненне да грамадска карыснай дзейнасці, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, стварэнне ўмоў для прафесійнага самавызначэння, усведамленне дзецьмі прафесійнага выбару.

У летні перыяд вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў. Для юных спартсменаў будуць працаваць 6 спартыўна-аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем на базе спартыўных устаноў (з паўнавартасным трэніровачным працэсам, удзелам у спаборніцтвах), а таксама 13 фізкультурна-аздараўленчых лагераў ва ўстановах адукацыі раёна. Традыцыйна ў летні перыяд будзе арганізавана праца кругласутачнага палатачнага лагера ў вёсцы Гагалі для дзяцей азёршчынскай сярэдняй школы № 1. Каб трапіць у гэты лагер, трэба прайсці ў школе строгі конкурсны адбор. У летнім палатачным лагеры дзіця вучыцца быць самастойным, бо там няма прыбіральшчыц, бацькоў, бабуль і дзядуляў. Усё трэба рабіць самім. Аказваецца, можна цікава жыць без тэлевізара і камп’ютара! Затое з’яўляецца ўпэўненасць ва ўласных сілах ад самых звычайных рэчаў: ад прыгатаванага абеду на вогнішчы або перажытай у палатцы навальніцы. І невыпадкова каманда Рэчыцкага раёна штогод займае прызавыя месцы ў спартыўнай гульні “Зарніца”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.