Эфектыўнае партнёрства і гендарная роўнасць

- 11:51Дашкольная адукацыя

Эфектыўныя методыкі работы з сям’ёй і фарміраванне адказнага бацькоўства былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў 3-й секцыі міжнароднага форуму. У ролі каардынатараў выступілі галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Вікторыя Пашко і загадчыца кафедры дзіцячай псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Вольга Леганькова.

Работа гэтай секцыі стала вельмі змястоўнай і праходзіла ў рэжыме зваротнай сувязі дакладчыкаў са слухачамі. Магчыма, адной з прычын з’яўляецца той факт, што практычна ўсе ўдзельнікі секцыі, акрамя таго, што працуюць у сістэме дашкольнай адукацыі, з’яўляюцца бацькамі і амаль усе карысталіся ці карыстаюцца паслугамі дзіцячых садкоў, таму ведаюць вынесеныя на абмеркаванне пытанні не па чутках.
Разам з тым старшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ала Кавалеўская звярнула ўвагу прысутных на неабходныя кампетэнцыі сучаснага педагога дашкольнай адукацыі ў галіне партнёрства з бацькамі выхаванцаў. Ала Віктараўна правяла своеасаблівы лікбез у галіне нарматыўных дакументаў, якімі неабходна кіравацца педагогу дзіцячага садка ў рабоце з бацькамі.
— У адпаведнасці з палажэннямі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, суб’ектамі адукацыйных адносін з’яўляюцца не толькі педагогі, але і бацькі або законныя прадстаўнікі выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі. Для атрымання дашкольнай адукацыі выхаванцамі, час знаходжання якіх ва ўстанове адукацыі паменшаны па жаданні іх законных прадстаўнікоў, дзіцячым садам распрацоўваюцца індывідуальныя вучэбныя планы.Арыентацыя сучаснай сістэмы дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на адкрытае ўзаемадзеянне з бацькамі выхаванцаў знайшла сваё адлюстраванне і ў Палажэнні аб установе дашкольнай адукацыі ад 25 ліпеня 2011 года № 150. Так, “у адпаведнасці з запытамі законных прадстаўнікоў выхаванцаў фарміруюцца групы, вызначаецца рэжым іх работы з 1 верасня на падставе пісьмовых заяў законных прадстаўнікоў непаўналетніх выхаванцаў”.
“Установа дашкольнай адукацыі абавязана знаёміць законных прадстаўнікоў выхаванцаў пры залічэнні дзіцяці ва ўстанову дашкольнай адукацыі са статутам установы, а па іх патрабаванні — з вучэбна-праграмнай дакументацыяй”.
“Групы кароткачасовага знаходжання (вячэрнія групы, групы выхаднога дня, сезонныя і гульнявыя пляцоўкі) у дзіцячым садку функцыянуюць па гнуткім рэжыме з улікам графіка і сезоннасці работы законных прадстаўнікоў выхаванцаў”, акрамя таго, “у групах кароткачасовага знаходжання магчыма сумеснае знаходжанне выхаванцаў і іх законных прадстаўнікоў”, — цытавала дакументы Ала Віктараўна.
Далей яна працягнула, адзначаючы, што сёння ўстанова дашкольнай адукацыі мае патрэбу ў супрацоўніцтве з бацькамі, у стварэнні зацікаўленай і актыўнай суполкі бацькоў, якая можа стаць пастаянным сацыяльным партнёрам дзіцячага сада. Калі бацькі ўцягнуты ў супрацоўніцтва, яны прымаюць на сябе адказнасць за вынікі ўзаема-дзеяння з дзіцячым садам, у якім выхоўваюцца іх дзеці.
— У педагагічнай і метадычнай літаратуры ўзаемадзеянне сям’і і ўстановы дашкольнай адукацыі вызначаецца як працэс сумеснай дзейнасці па ўзгадненні мэт, форм і метадаў выхавання дзіцяці. Каштоўнасная аснова такога ўзаемадзеяння бацькоў і педагогаў дзіцячага сада — стварэнне ўмоў для рознабаковага развіцця асобы дзіцяці ранняга і дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з яго узроставымі і індывідуальнымі магчымасцямі, здольнасцямі і патрэбамі, фарміраванне ў яго маральных норм, садзейнічанне набыццю ім сацыяльнага вопыту.
У рэальнай практыцы ўзаемадзеянне сям’і і ўстановы дашкольнай адукацыі можа быць паспяховым, калі ўяўляе сабой выразна выбудаваную сістэму мер, накіраваных на вырашэнне канкрэтных задач:
• забеспячэнне магчымасці рэалізацыі адзінай праграмы выхавання і развіцця дзіцяці ў дзіцячым садку і ў сям’і на фоне станоўчага эмацыянальнага настрою педагогаў і бацькоў на сумесную работу па выхаванні дзяцей;
• ажыццяўленне апрабацыі новых форм арганізацыі выхаваўча-адукацыйнай работы на аснове ўліку педагогам індывідуальнасці дзіцяці пры ўмове падтрымання пастаяннага кантакту з яго сям’ёй;
• забеспячэнне інфармацыйна-асветніцкай падтрымкі самастойнага выбару бацькамі прыярытэтных напрамкаў у развіцці і выхаванні з дапамогай умацавання бацькоўскай адказнасці і выпрацоўкі ўсвядомленай кампетэнтнай педагагічнай пазіцыі ў адносінах да ўласнага дзіцяці;
• стварэнне бяспечных умоў для развіцця здольнасцей дзіцяці ў розных відах адукацыйнай дзейнасці, забеспячэнне бесперапыннасці падрыхтоўкі да наступнага адукацыйнага этапу (сістэматычнага школьнага навучання);
• павышэнне псіхолага-педагагічнай культуры, асобаснае ўдасканаленне ўсіх удзельнікаў выхаваўча-адукацыйнага працэсу;
• умацаванне ўнутрысямейных сувязей, — працягнула Ала Кавалеўская, а затым агучыла спіс кампэтэнцый спецыяліста дашкольнай адукацыі ў галіне партнёрства з бацькамі выхаванцаў.
Ён павінен валодаць наступнымі кампетэнцыямі:
а) ведаць: прадукцыйныя спосабы аказання бацькамі дапамогі дзіцяці пры засваенні адукацыйных праграм; прыёмы эфектыўных зносін бацькоў з дзіцем; метады фарміравання сямейных каштоўнасцей у выхаванцаў і павышэння культуры сямейных адносін у членаў іх сем’яў; змест нарматыўных актаў, якія рэгламентуюць дзейнасць па аказанні адукацыйных паслуг у пытаннях узаемадзеяння з законнымі прадстаўнікамі непаўналетніх;
б) умець: праводзіць дыягностыку і вывучэнне сям’і, маніторынг бацькоўскіх запытаў і рэсурсаў, прафесійныя самапрэзентацыі; ажыццяўляць асветніцкую работу, навучанне бацькоў, у тым ліку з выкарыстаннем інфармацыйных камп’ютарных тэхналогій і электронных адукацыйных рэсурсаў; арганізоўваць дзейнасць бацькоўскага актыву; рэалізоўваць уключэнне бацькоў у адукацыйны працэс у актуальных формах арганізацыі ўзаемадзеяння сям’і і ўстановы дашкольнай адукацыі; весці дакументацыю, якая адлюстроўвае дзейнасць па ўзаемадзеянні з сем’ямі выхаванцаў;
в) мець уяўленне: пра спецыфіку работы з сем’ямі сацыяльна слабых катэгорый (сем’і, у якіх дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы; якія выхоўваюць дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі; замяшчальныя сем’і).
Пры падрыхтоўцы спецыяліста дашкольнай адукацыі, заўважыла Ала Віктараўна, варта ўлічваць, што сістэмаўтваральным кампанентам у структуры яго кампетэнтнасці ва ўзаемадзеянні з сем’ямі выхаванцаў з’яўляецца глыбокае разуменне выключнай ролі бацькоў у станаўленні здаровай і ўсебакова развітой асобы дзіцяці.

***

Вельмі важным з’яўляецца і фарміраванне дзяржаўнай палітыкі ў падтрымку адказнага бацькоўства. Пра гэта гаварыла доктар эканамічных навук дацэнт эканамічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава Ірына Калабіхіна.
— Хочацца звярнуць увагу на існуючую канцэпцыю пазітыўнага бацькоўства, якую распрацоўвае Еўрапейскі саюз у якасці рекамендацыі ўсім краінам саюза. Канцэпцыя пазітыўнага бацькоўства — гэта адказнае бацькоўства. У ёй існуе некалькі напрамкаў, многія з якіх для нас з’яўляюцца знаёмымі, але ёсць і новыя. Яны звязаны паміж сабой, дапаўняючы і ўзмацняючы адзін аднаго. І калі дзяржава ў сацыяльнай, сямейнай, дэмаграфічнай палітыцы змагла б рэалізаваць гэтыя прынцыпы, то якасць жыцця сем’яў значна палепшылася б. Што гэта за прынцыпы? Гэта ўдзел дзяцей у прыняцці рашэнняў, якія закранаюць іх жыццёвыя інтарэсы, гендарная роўнасць бацькоў, калі таты маюць магчымасць быць паўнапраўнымі ўдзельнікамі выхаваўчага працэсу сваіх дзяцей. Такая неабходнасць звязана з узаемнай адказнасцю, правамі і абавязкамі бацькоў і дзяцей, існаваннем дыялогу паміж бацькамі і паміж пакаленнямі ўнутры сям’і, а таксама з важнай умовай для рэалізацыі бацькоўства ўвогуле, для стварэння балансу “сям’я — работа”.
Баланс гэты можа трымацца на трох кітах — гэта грамадская падтрымка ў выхаванні дзяцей (дзіцячыя сады рознага фармату, сертыфікаваныя надомныя нянькі), сяброўскі рынак працы ў адносінах не толькі маці, але і бацькі, і прыцягненне татаў у сям’ю. Абавязкі па доме і гаспадарцы павінны быць падзелены. Прынамсі, у свеце такі вопыт існуе, — адзначыла Ірына Яўгенаўна.

***

Уплыў традыцый беларускай сям’і на гендарнае выхаванне дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту зацікавіў Настассю Пражэнік, галоўнага спецыяліста сектара выхаваўчай і спартыўна-масавай работы адзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама. Яе выступленне будавалася на дзейнасці ясляў-сада № 4 “Караблік дзяцінства” Нясвіжа Мінскай вобласці. Варта адзначыць, што гэты дзіцячы садок вядомы сваімі традыцыямі і імкненнем педагагічнага калектыву да сумеснай творчасці на карысць развіцця сваіх гадаванцаў. Зразумела, такая самаадданая праца не магла застацца незаўважанай. Калектыў дзіцячага сада № 4 Нясвіжа не раз адзначаўся на самых розных узроўнях.
Вяртаючыся да гендарнага выхавання, усе ўдзельнікі секцыі пагадзіліся, што сёння яно з’яўляецца даволі актуальным пытанннем. З аднаго боку, неабходна выхоўваць гендарную культуру дзіцяці, з другога — ураўнаважваць выхаваўчую ролю бацькі і маці. У нашым грамадстве дамінуючая роля ў выхаванні адводзіцца маці, але ж і таты маюць тыя ж правы.
Калі гаварыць пра гендарную культуру, то яна прадугледжвае правільнае ўяўленне аб жыццёвым прызначэнні мужчыны і жанчыны, уласцівых ім станоўчых якасцях і рысах характару, аб іх статусе, функцыях, узаемаадносінах у соцыуме, аб фізіялагічных і псіхалагічных асаблівасцях полаў і г.д. Да гендарнай культуры адносяцца правілы і культура ўзаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай, клопату адно пра аднаго.
Гендарнае ж выхаванне мае на ўвазе стварэнне ўмоў, якія будуць спрыяць ідэнтыфікацыі чалавека як прадстаўніка пэўнага полу, замацаванню гендарных роляў, фарміраванню гендарнай культуры асобы.
Калі гаварыць пра традыцыі беларускай сям’і, то ў ёй існавалі варыянты выхавання дзяўчынак і хлопчыкаў. У прынцыпе, усе мы выхоўваліся ў гэтых традыцыях, калі дзяўчынку з маленства рыхтавалі да ролі будучай маці і жонкі, а хлопчыка вучылі быць мужным, а таксама гаспадарлівым і клапаціцца пра сваю сям’ю. Акрамя таго, у нас ёсць паняцці жаночай і мужчынскай працы. Лічыцца, што жанчына выконваць цяжкую фізічную працу не павінна, як і “сябраваць” з тэхнікай. Яна — захавальніца сямейнага ачага, фея чысціні і прыгажосці. А мужчына ў нас надзелены такімі якасцямі, як сіла, цягавітасць, працавітасць. Разам з тым дакладных меж ужо не існуе, імногія такія сацыяльныя ролі мужчыны і жанчыны лічаць стэрэатыпамі.
Тым не менш гендарнае выхаванне дашкольнікаў з’яўляецца абавязковым. У 4-м садку Нясвіжа яно будуецца на традыцыях беларускай народнай культуры. У прыватнасці, у дашкольнай установе створаны музей беларускай цацкі. Насуперак меркаванням аб перарванасці традыцый беларускай народнай гульні дзеткі ў Нясвіжскім садку гуляюць. Яны вучацца цярплівасці і павазе адно да аднаго.
Хлопчыкі маюць паняцце пра сапраўдныя мужчынскія ўчынкі, а дзяўчынкі ведаюць асноўныя правілы паводзін гасцінных і ветлівых гаспадынь. Адбываецца не толькі самаідэнтыфікацыя па палавой прыкмеце, але і прывіваюцца важныя сацыяльныя характарыстыкі, дзеці вучацца правільнаму жыццёваму ўзаемадзеянню паміж сабой.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.