Эфектыўнасць кіравання метадычнай работай

“Метадычная работа ў нашай установе адукацыі — гэта цэласная сістэма, якая будуецца на аснове дыягностыкі і самадыягностыкі прафесійных цяжкасцей педагогаў, якія носяць, як правіла, прадметны, радзей — псіхолага-педагагічны, характар, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Століна Наталля Васільеўна Савончык. — У школе на цяперашні момант вучацца 863 навучэнцы. У складзе педагагічнага калектыву — 72 настаўнікі, з іх 26% — з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, 49% — з першай”.

На вырашэнне метадычных задач у сярэдняй школе № 3 Століна накіравана дзейнасць метадычнага савета і 10 прадметных вучэбна-метадычных аб’яднанняў, у рабоце якіх удзельнічаюць усе настаўнікі ўстановы, два аб’яднанні створаны для класных кіраўнікоў. На пасяджэннях метадычнага савета заслухоўваюцца справаздачы кіраўнікоў школьных аб’яднанняў педагогаў па тэмах самаадукацыі, абагульняецца эфектыўны педагагічны вопыт калектыву, разглядаюцца планы метадычных мерапрыемстваў, арганізоўваецца работа часовых творчых груп па падрыхтоўцы педагагічных нарад, разглядаюцца пытанні падрыхтоўкі навучэнцаў да ўдзелу ў прадметных алімпіядах, НПК, арганізацыі пазакласнай дзейнасці па прадметах. Метадычны савет ажыццяўляе каардынацыю дзейнасці метадычных аб’яднанняў.

Ва ўстанове на працягу некалькіх гадоў функцыянуюць творчыя групы настаўнікаў замежнай мовы, настаўнікаў пачатковых класаў, пастаянна дзеючы семінар “Актыўная ацэнка — новая стратэгія адукацыі” (кіраўнік С.І.Белавус). Па выніках дзейнасці творчых груп штогод выдаюцца зборнікі метадычных і дыдактычных матэрыялаў. Для аказання метадычнай дапамогі маладым спецыялістам, развіцця і падтрымкі іх ініцыятывы ажыццяўляецца настаўніцтва. Працэс настаўніцтва мае і зваротны эфект. Маладыя педагогі таксама спрыяюць удасканаленню прафесійных якасцей вопытных калег, бо моладзь мае добры ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі, знаёма з метадычнымі навінкамі, можа па-новаму ацаніць пэўную педагагічную сітуацыю. Невыпадкова маладыя педагогі школы станавіліся фіналістамі і пераможцамі раённага, удзельнікамі абласнога этапаў конкурсу “Малады настаўнік”. У 2014/2015 навучальным годзе І.С.Круг, настаўніца англійскай мовы, з’яўлялася пераможцай раённага этапу і ўдзельніцай занальнага абласнога этапу конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны” (дыплом ІІІ ступені). У 2017/2018 навучальным годзе А.Ю.Чупік, настаўніца англійскай мовы, узнагароджана дыпломам І ступені па выніках раённага этапу конкурсу “Малады педагог года”.

У школе стала традыцыяй правядзенне педнарад, агульнашкольных метадычных мерапрыемстваў, пасяджэнняў метадычных аб’яднанняў і творчых груп, падчас якіх ажыццяўляецца інтэрактыўнае, дыялогавае ўзаеманавучанне педагогаў, практыкуюцца эфектыўныя формы работы: педагагічная студыя, педагагічныя майстэрні, метадычны дыялог, метадычны аўкцыён, кірмаш метадычных ідэй, трэнінг, квест, метадычны фестываль, дзелавая гульня і інш. Штогод ва ўстанове праводзіцца адзіны раённы метадычны тыдзень, мерапрыемствы якога прадстаўлены ў розных формах: фестываль адкрытых вучэбных і факультатыўных заняткаў, парад аб’яднанняў па інтарэсах, сямейная гасцёўня, квест для педагогаў, метадычны фестываль, майстар-класы, трэнінгі, адкрыты мікрафон, метадычны дыялог.

Ва ўстанове склаўся свой алгарытм работы педагогаў над тэмай па самаадукацыі. Тэмы педагагічных даследаванняў, якія яны выбіраюць, з’яўляюцца працягам адзінай метадычнай тэмы школы. Кантроль за працэсам самаадукацыі настаўнікаў ажыццяўляецца на пасяджэннях школьных метадаб’яднанняў, дзе педагогі прадстаўляюць вынікі сваёй работы, праводзяць адкрытыя вучэбныя і факультатыўныя заняткі, пазакласныя мерапрыемствы, самапрэзентацыі, майстар-класы.

У маі 2018 года кіраўнікамі школьных метадаб’яднанняў выпушчаны зборнікі матэрыялаў з вопыту работы над тэмай самаадукацыі педагогаў з электронным дадаткам “Актыўныя метады навучання рускай мове і літаратуры”, “Сучасныя педагагічныя тэхналогіі, якія спрыяюць фарміраванню камунікатыўных навыкаў навучэнцаў” (на ўроках замежнай мовы), “Гульнявая дзейнасць на ўроках фізічнай культуры і здароўя”, зборнікі метадычных распрацовак настаўнікаў пачатковых класаў “Мой лепшы ўрок” і настаўнікаў матэматыкі “Урок, якім я хацеў бы падзяліцца”, зборнік “Асарці педагагічных ідэй” класных кіраўнікоў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

На базе сярэдняй школы № 3 Століна праходзяць пасяджэнні раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў, раённыя семінары “Стварэнне электронных вучэбных курсаў у сістэме дыстанцыйнага навучання MOODLE”, “Актыўная ацэнка — новая стратэгія адукацыі”. Педагогі школы з’яўляюцца кіраўнікамі і членамі раённых творчых груп, вучэбна-метадычных аб’яднанняў, кіраўнікамі раённых пастаянна дзеючых семінараў, рэсурсных цэнтраў па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд.

Адным з напрамкаў арганізацыі метадычнай работы ў школе з’яўляецца абагульненне і распаўсюджанне эфектыўнага вопыту педагагічнай дзейнасці. Педагогі працуюць над павышэннем узроўню сваёй прафесійнай кампетэнтнасці, дабудоўваюць сваю дыдактычную сістэму неабходнымі элементамі, адаптуюць да ўмоў навучання новыя ідэі і сродкі, адкідваюць тое, што недастаткова добра спрацоўвае. За апошнія тры гады 9 педагогаў школы паспяхова прадставілі свой вопыт на кваліфікацыйным экзамене на атрыманне вышэйшай катэгорыі. У 2017/2018 навучальным годзе павысілі сваю кваліфікацыйную катэгорыю 8 педагогаў, у бягучым навучальным годзе — 2, вывучаецца педагагічная дзейнасць 5 педагогаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.