Эфектыўнасць урока чарчэння

- 14:34Якасць адукацыі

Кожны педагог, у якой бы навучальнай установе ён ні працаваў, усведамляе, што ад актыўнасці навучэнцаў у многім залежыць поспех урока, лекцыі, гутаркі, любога выхаваўчага мерапрыемства. Веданне свайго прадмета не заўсёды дае магчымасці для добрага навучання. Школьнікаў неабходна зацікавіць, каб яны сталі актыўнымі на занятках.

Аднак абуджэнне пазнавальнай цікавасці — гэта толькі пачатковая стадыя вялікай і складанай працы па фарміраванні актыўнасці на занятках і патрэбы ў самаадукацыі. Многія нават перакананы, што калі дзецям цікава слухаць настаўніка, то ўрок прайшоў добра. Мы часта не задумваемся над тым, як дзеці працавалі на ўроку, якія галоўныя кірункі выбраў педагог для абуджэння і развіцця іх творчай актыўнасці, самастойнасці думкі, імкнення да самаадукацыі і самавыхавання.

Вопыт сведчыць, што арганізацыя вучэбных комплексных мерапрыемстваў выклікае ў настаўнікаў пэўныя цяжкасці. Мы павінны імкнуцца да таго, каб адукацыйны працэс спрыяў развіццю ўсіх якасцей асобы, якія павінны адпавядаць зоне яе найбліжэйшага развіцця. Навучэнцы толькі тады засвояць веды, навыкі і ўменні, калі будуць актыўна працаваць.

Урок, нават самы ўдалы, мае адзін недахоп: ён абмежаваны ў часе і не дапускае адцягнення ўвагі, нават калі навучэнцы вельмі цікавяцца якім-небудзь пытаннем. Таму настаўнік прымяняе разнастайныя метады.

Спынімся на дыдактыцы. Дыдактычныя прынцыпы — гэта зыходныя папаўненні тэорыі навучання, якімі кіруецца настаўнік пры арганізацыі і правядзенні ўрока. Яны вынікаюць з задач выхавання, заканамернасцей навучання і вызначаюць яго змест, формы арганізацыі і метады. Прынцыпы маюць характар аб’ектыўных законаў, але ў адрозненне ад законаў натуральных не дзейнічаюць стыхійна. Для паспяховага ажыццяўлення адукацыйнага працэсу яны павінны быць рэалізаваны настаўнікам.

У дыдактыцы разглядаюцца прынцыпы, якія з’яўляюцца агульнымі для выкладання ўсіх прадметаў. Але кожны прадмет мае пэўныя асаблівасці, якія ўплываюць і на прынцыпы навучання яму. Сістэма іх наступная: сувязь тэорыі з практыкай, навуковасць, сістэматычнасць і паслядоўнасць, даступнасць і пасільная праца для навучэнцаў, свядомасць і актыўнасць навучэнцаў, трываласць засваення навучэнцамі ведаў, уменняў і навыкаў, нагляднасць, выхаванне навучэнцаў падчас навучання. Усе гэтыя прынцыпы дзейнічаюць у цеснай сувязі. Разгледзім сутнасць кожнага і асаблівасці іх прымянення на ўроках чарчэння.

Сувязь тэорыі з практыкай. Сродкам рэалізацыі гэтага прынцыпу з’яўляецца аб’яднанне навучання з практычнай дзейнасцю і працай школьнікаў. Праца навучэнцаў спрыяе іх патрэбе ў ведах, робіць навучанне больш асэнсаваным. На практыцы школьнікі пераконваюцца ў неабходнасці набыцця ведаў як кіраўніцтва да дзеяння. Дзякуючы практыцы, веды канкрэтызуюцца, становяцца больш жыццёвымі. Праца навучэнцаў узбагачае іх жыццёвы вопыт, дае ім канкрэтны матэрыял, які ў далейшым выкарыстоўваецца ў пазакласнай рабоце для фарміравання навуковых паняццяў і абагульненняў, раскрыцця навуковых заканамернасцей.

Навуковасць. Гэты прынцып патрабуе, каб вывучэнне тэхнікі чарчэння адбывалася на строгай навуковай аснове, каб навучэнцам даваліся толькі праўдзівыя, правераныя на практыцы навуковыя веды. Неабходна адбіраць найноўшыя дасягненні навукі і тэхнікі, выкарыстоўваць перадавыя метады і тэхналогіі, вопыт наватараў вытворчасці. Падчас выканання работы неабходна карыстацца толькі навуковай тэрміналогіяй, прымяняць прынятыя ў навуцы сімвалічныя абазначэнні, формулы і размернасці. Гэта адносіцца і да графічных матэрыялаў. Аповед можна весці ў простай, зразумелай форме, але на строгай навуковай аснове, без вульгарызацыі. Падчас практычнай работы навучэнцы павінны авалодваць найбольш мэтазгоднымі прыёмамі яе выканання і спосабамі кантролю сваіх дзеянняў і іх вынікаў. Сярод іншых патрабаванняў прынцыпу навуковасці — неабходнасць азнаямлення школьнікаў з гісторыяй з’явы, якая вывучаецца, метадамі яе адкрыцця і ўкаранення ў вытворчасць.

Сістэматычнасць і паслядоўнасць на ўроках чарчэння. Гэты прынцып патрабуе такой арганізацыі навучання, пры якой матэрыял засвойваецца ў строгім лагічным парадку.

Толькі сістэматычныя веды будуць засвойвацца свядома, і навучэнцы змогуць свабодна выкарыстоўваць іх у сваёй практычнай дзейнасці. Гэты прынцып знаходзіць адлюстраванне ў сістэме вучэбных праграм і падручнікаў. Па меры павышэння ўзроўню падрыхтоўкі дыдактычная сістэма ўсё больш набліжаецца да сістэмы навукі.

Для поўнай рэалізацыі гэтага прынцыпу настаўніку чарчэння неабходна ведаць і прымяняць розныя метады навучання і так арганізоўваць пазакласнае мерапрыемства, каб яно вяло да сістэматызацыі ведаў і ўменняў вучняў.

Тэхніка-тэхналагічная інфармацыя павінна паведамляцца ў строгай паслядоўнасці, калі веды і ўменні па новым раздзеле абапіраюцца на раней атрыманыя веды. Для ліквідацыі прабелаў варта арганізаваць самастойную прапрацоўку матэрыялу.

Пры рэалізацыі гэтага прынцыпу неабходна ўлічваць таксама ўзровень фізічных сіл і пазнавальных магчымасцей навучэнцаў, здольнасць развіваць іх. Гэта дасягаецца паступовым ускладненнем работы з дабаўленнем новых аперацый.

Веды навучэнцаў сістэматызуюцца праз абагульняльнае паўтарэнне матэрыялу па кожнай тэме. Гэтаму спрыяе таксама ўстанаўленне міжпрадметных сувязей і апора на тэарэтычныя веды. Сістэматызацыя графічных уменняў і навыкаў забяспечваецца ўскладненнем задач, якія выконваюцца.

Даступнасць і пасільнасць працы. Прынцып даступнасці патрабуе, каб графічныя веды па змесце, аб’ёме і спосабах выканання работы адпавядалі ўзросту і ўзроўню падрыхтоўкі навучэнцаў, іх фізічным сілам і пазнавальным магчымасцям.

Даступнасць вызначаецца найвышэйшай мяжой магчымасцей навучэнцаў з паступовым ускладненнем заданняў. Для правільнага нармавання працы неабходна ўлічваць індывідуальныя асаблівасці навучэнцаў. З гэтай мэтай павінны праводзіцца псіхалагічныя тэсціраванні.

Даступнасць працы залежыць ад узроўню яе складанасці і працягласці па часе. Важным сродкам рэалізацыі згаданага прынцыпу з’яўляецца дыферэнцыяцыя ведаў: для слабых — больш лёгкія заданні, якія дапамагаюць запаўняць прабелы ў навучанні і падводзяць да выканання больш складанай работы; моцным даюцца заданні павышанай цяжкасці.

Свядомасць і актыўнасць. Гэты прынцып патрабуе такой арганізацыі навучання, пры якой школьнікі свядома авалодваюць ведамі і практычнымі метадамі, графічнымі ўменнямі і навыкамі, каб у іх развіваліся творчая ініцыятыва і самастойнасць, мысленне, маўленне і фарміравалася графічная культура.

Рэалізацыя гэтага прынцыпу пачынаецца з пастаноўкі перад навучэнцамі задач і канкрэтных мэт. Актыўнасць школьнікаў выяўляецца ў ходзе самастойнага авалодання тэарэтычным матэрыялам, рашэння творчых задач.

Вялікую ролю ў развіцці свядомасці і актыўнасці навучэнцаў выконвае аналіз тэхналагічных працэсаў, арганізацыі свайго працоўнага месца, прыёмы творчай дзейнасці.

Сродкам развіцця мыслення навучэнцаў i свядомага засваення ведаў з’яўляецца пастаноўка перад імі пазнавальнай задачы.

Трываласць засваення навучэнцамі ведаў, уменняў і навыкаў. Трываласць засваення ведаў, уменняў і навыкаў дасягаецца падчас усёй працы. Адной з умоў з’яўляецца веданне навучэнцамі мэт дадзенага матэрыялу і выкананне графічных заданняў. Разам з гэтым прымяняюцца спецыяльныя дыдактычныя сродкі. Для засваення ведаў, уменняў і навыкаў важна падтрымліваць у навучэнцаў цікавасць да працы. Гэта дасягаецца шляхам падбору вырабаў, канструктарскіх задач для навучэнцаў, уключэння іх у работу па рацыяналізацыі і творчасці.

Нагляднасць. Гэты прынцып патрабуе, каб настаўнік абапіраўся на пачуццёва-практычны вопыт навучэнцаў, непасрэднае ўспрыманне імі прадметаў і працоўных працэсаў. Пачуццёвае ўспрыманне выконвае вялікую ролю ў навучанні, але ўяўляе толькі пачатковую ступень пазнання. Наступны яго этап — абстрактнае мысленне. Успрыманне павінна суправаджацца і накіроўвацца актыўным мысленнем.

Прымяняюцца наступныя віды нагляднасці: дэманстрацыя рэальных прадметаў, а таксама вырабаў і макетаў; малюнкі прадметаў, працэсаў і замалёўка на дошцы; мультымедыйныя прэзентацыі. Настаўнік павінен кіраваць успрыманнем таго, што паказана, навучэнцамі, накіроўваць іх увагу на галоўныя і істотныя бакі аб’екта, не перагружаць дапаможнікамі, выкарыстоўваць іх у неабходнай для дасягнення мэты колькасці. Калі на занятках трэба будзе паказаць некалькі дапаможнікаў, то разглядаць іх варта асобна, а не ўсе адразу.

Выхаванне навучэнцаў падчас навучання. Навучанне і выхаванне адбываюцца ў арганічным адзінстве. Іх аб’ядноўвае агульная мэта — фарміраванне ўсебакова развітой асобы.

Выхаваўчае ўздзеянне на навучэнцаў шмат у чым і ў рознай меры залежыць ад маральнага аблічча настаўніка, які праводзiць заняткі, яго ведаў і ўменняў, арганізатарскіх здольнасцей, адносін да справы, педагагічнага майстэрства, такту і іншых якасцей. У большасці выпадкаў гэтае ўздзеянне з’яўляецца вырашальным.

Асобна варта сказаць аб сувязі чарчэння з іншымі адукацыйнымі курсамі ў рамках адзінай сістэмы графічнай адукацыі навучэнцаў.

На ўроках чарчэння прыводзяцца ў сістэму і ўзбагачаюцца графічныя веды, набытыя школьнікамі падчас працоўнага навучання: віды графічных малюнкаў, тыпы ліній, тэхналагічныя базы, малюнак і абазначэнне разьбы і інш.

Сувязь з працоўным навучаннем выяўляецца ў выкарыстанні такіх агульных прыёмаў, як чытанне чарцяжоў, выраб і кантроль па чарцяжах вырабаў, выкананне эскізаў, прымяненне вымяральных інструментаў, работа з даведачнай літаратурай.

Спецыфічнымі відамі разумовай дзейнасці, што аб’ядноўваюць чарчэнне і працоўнае навучанне, з’яўляюцца маштабныя, прасторавыя, канструктыўныя і інш.

Падчас вывучэння метадаў графічных малюнкаў трэба абапірацца на вопыт навучэнцаў, набыты на занятках па выяўленчым мастацтве.

Пры азнаямленні з геаметрычнымі пабудовамі выкарыстоўваюцца веды і ўменні, атрыманыя на ўроках матэматыкі ў 5—8 класах. Да пачатку вывучэння курса чарчэння вучні знаёмы з такімі паняццямі, як кропка, прамая, прамень, вугал, паўплоскасці, трохвугольнік, чатырохвугольнік, ведаюць іх уласцівасці, умеюць вымяраць адрэзкі і вуглы, ведаюць роўнасці трохвугольнікаў, маюць уяўленне аб перпендыкуляры і могуць пабудаваць перпендыкуляр да адрэзка, ведаюць прыметы паралельнасці прамых і іх уласцівасці, знаёмы з паняццем папярочнага маштабу і інш.

З’яўляецца перспектыўнай сувязь чарчэння і інфарматыкі. Так, на ўроках чарчэння вучні распрацоўваюць чарцяжы, а на занятках па інфарматыцы складаюць праграмы для вываду малюнкаў на экран дысплея, выконваюць чарцяжы ў графічных праграмах і г.д.

Аб’яднанне навучання і працы — двухбаковы працэс. Вучэбная і працоўная дзейнасць вучня арганічна звязаны. Пры тлумачэнні тэарэтычных палажэнняў настаўнік абапіраецца на жыццёвы вопыт дзяцей, прыводзіць ілюстрацыі з тэхнікі і працоўнай практыкі. У той жа час на занятках усе дзеянні выконваюцца вучнямі і абгрунтоўваюцца тэарэтычнымі палажэннямі і заканамернасцямі.

Наталля ЦЫРУЛЬНІКАВА,
настаўніца працоўнага навучання і чарчэння сярэдняй школы № 37 Гродна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.