У Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся тэматычны круглы стол, падчас якога кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна абмяркоўвалі прапанаваныя змяненні і дапаўненні ў Кодэкс аб адукацыі.
Удзел у мерапрыемстве прынялі 26 дырэктараў агульнаадукацыйных устаноў з усіх раёнаў Магілёўскай вобласці. У ходзе круглага стала дырэктары змаглі абмяняцца думкамі з калегамі і прадставіць свае канструктыўныя прапановы па ўдасканаленні агульнай сярэдняй адукацыі. З улікам эпідэмічнай сітуацыі, уся гутарка праходзіла ў дыстанцыйным фармаце з выкарыстаннем магчымасцей вядомай інтэрнэт-платформы. Свае прапановы дырэктары агучвалі рэктару Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі М.М.Жудро і члену Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прарэктару па вучэбнай рабоце МДУ імя А.А.Куляшова А.В.Дзячэнку.
— Тэма для абмеркавання вельмі актуальная. Асабліва з улікам таго, з якімі цяжкасцямі нам давялося сутыкнуцца пасля заканчэння гэтага навучальнага года, калі ўстановы рознага профілю былі вымушаны ў тэрміновым парадку перабудоўваць сваю работу. Кодэкс аб адукацыі — дакумент, які рэгулюе ўсе сферы прафесійнай дзейнасці педагогаў. Але не раз даводзілася чуць ад выкладчыкаў на месцах, што не ўсе аспекты кодэксам улічаны. Законапраект яшчэ не прыняты і праходзіць дапрацоўку. На гэтай стадыі ў нас ёсць магчымасць унесці прапановы па ўдакладненні і дапаўненні яго раздзелаў і артыкулаў, якія, на нашу думку, недастаткова поўна адлюстроўваюць інтарэсы сярэдняй школы. Думаю, круглы стол дазволіць абмеркаваць найбольш актуальныя пытанні законапраекта, сфармуляваць канкрэтныя прапановы, якія пасля іх аналізу, сістэматызацыі, абагульнення і юрыдычнага афармлення будуць накіраваны ў парламенцкія камісіі і адпаведныя профільныя міністэрствы і ведамствы, — адзначыў А.В.Дзячэнка.
Як высветлілася, магілёўскія педагогі актыўна вывучаюць змяненні ў праекце новага кодэкса. Большасць з іх настаўніцтва адзначае як станоўчыя. Але падчас круглага стала быў агучаны і шэраг прапаноў, якія, па меркаванні ўдзельнікаў мерапрыемства, здольны палепшыць якасць агульнай сярэдняй адукацыі. Настаўнікаў хвалююць сёння пытанні нарматыўнага прававога рэгулявання дыстанцыйнага навучання школьнікаў, умацавання прававога статусу вучэбна-метадычных кабінетаў, зніжэння напаўняльнасці класаў, долевага фінансавання школ, прадастаўлення адтэрміновак ад прызыву ва Узброеныя Сілы педагогам мужчынскага полу, павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі і абароны гонару і дзелавой рэпутацыі педагагічных работнікаў, абароны персанальных даных навучэнцаў пры правядзенні УВА прафарыентацыйнай работы, матывацыі школьнікаў да атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі па запатрабаваных спецыяльнасцях.
Так, начальнік аддзела па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама А.Д.Паштовая выступіла з шэрагам прапаноў па функцыянаванні школ у сельскай мясцовасці.
— Каб вёска жыла і развівалася, у ёй павінна дзейнічаць школа. Магчыма, варта перагледзець прынцыпы аптымізацыі сельскіх навучальных устаноў. Напрыклад, знізіць напаўняльнасць класаў, перафармаціраваць штат педагогаў у малакамплектных школах сельскай мясцовасцi, замацаваць на заканадаўчым узроўні арганізацыю бясплатнага падвозу сельскіх школьнікаў па мікрараёнах. Мэтазгодна таксама ўстанавіць мінімальны сярэдні бал для прыёму ў 10 клас. На маю думку, вучыцца ў 10—11 класах павінны дзеці, матываваныя на паступленне ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Для астатніх у нас дастаткова ўстаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі, дзе можна набыць разнастайныя прафесіі. У многіх краінах такі адбор ужо даўно звычайная практыка. Іншая гаворка — профільныя аграрныя класы. У іх варта прымаць і з больш нізкім сярэднім балам базавай адукацыі, але і з улікам таго, што гэты малады чалавек потым сапраўды скончыць УВА аграрнай накіраванасці, а пасля вернецца на работу на сваю малую радзіму, — выказала сваё меркаванне А.Д.Паштовая.
А вось дырэктар гімназіі № 1 Горак С.І.Пруднікаў прапанаваў разгледзець мэтазгоднасць замацавання пэўных тэрытарыяльных мікрараёнаў за гімназіямі. А яшчэ лічыць неабходным вызначыць пэўныя прэферэнцыі для замацавання ў школах педагагічнага кантынгенту мужчынскага полу.
Наогул, усё мерапрыемства прайшло ў фармаце адкрытага канструктыўнага дыялогу. Дзейсныя прапановы, здольныя палепшыць якасць агульнай сярэдняй адукацыі, выказалі ўсе ўдзельнікі.
Адметна, што абмеркаванне новаўвядзенняў у Кодэкс аб адукацыі педагагічнай грамадскасцю рэгіёна ажыццяўляецца ўсюды. Абыякавых у гэтай справе няма. Магілёўскае настаўніцтва ўпэўнена: толькі разам, агульнымі намаганнямі, атрымаецца зрабіць галоўны педагагічны дакумент максімальна эфектыўным.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.