Эфектыўная форма ўзаемадзеяння з сям’ёй

- 10:29Навіны рэгіёнаў

Прыярытэтным напрамкам работы педагогаў нашай установы з’яўляецца аказанне ранняй комплекснай дапамогі дзецям да трох гадоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

На жаль, не ўсе бацькі ведаюць пра ўзроставыя асаблівасці дзяцей ранняга ўзросту, не ўмеюць знайсці формы адэкватнага педагагічнага ўздзеяння, што прыводзіць да розных праблем, звязаных з псіхалагічным здароўем і развіццём малышоў. З мэтай стварэння ўмоў для максімальнага ўдзелу мам і татаў у карэкцыйным працэсе, павышэння ўзроўню іх кампетэнтнасці па асноўных аспектах развіцця і выхавання дзяцей да трох гадоў, укаранення актыўных форм супрацоўніцтва з сям’ёй у нашай установе дзейнічае бацькоўскі клуб “Першыя крокі”. Яго работа будуецца на прынцыпах добраахвотнасці і асабістай зацікаўленасці, паколькі мам і татаў аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы і сумесныя пошукі аптымальных форм дапамогі дзецям.

Тэматыка сустрэч вызначаецца па запытах бацькоў і прадугледжвае гібкую карэкцыю ў выпадку неабходнасці. У рабоце клуба задзейнічаны настаўнікі-дэфектолагі, медработнікі, педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог, урач-псіхіятр і музычны кіраўнік. Шырокія сацыяльныя кантакты абагачаюць веды ўдзельнікаў клуба па актуальных пытаннях развіцця і сацыялізацыі дзяцей ранняга ўзросту, дазваляюць паглядзець на сітуацыю з розных пазіцый і знайсці правільныя шляхі вырашэння пэўных праблем.  

Пасяджэнні праходзяць у рознай форме. Так, на семінарах-практыкумах і трэнінгах бацькі навучаюцца розным тэхнікам, знаёмяцца з эфектыўнымі метадамі і прыёмамі канструктыўнага ўзаемадзеяння з дзецьмі. На пася­джэннях у форме вуснага часопіса “Ад А да Я пра ранні ўзрост” падрабязна аналізуюцца асноўныя этапы развіцця дзяцей да трох гадоў, раскрываюцца асаблівасці маўленчага, псіхічнага і сацыяльнага развіцця малышоў. Мамы і таты атрымліваюць інфармацыйную падтрымку і псіхалагічную дапамогу, абменьваюцца цікавым вопытам сямейнага выхавання.  

На пасяджэннях бацькоўскай гасцёўні “Уплыў рухальнай актыўнасці на здароўе дзіцяці” вядзецца гаворка пра фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця і фізічнае развіццё малышоў. Мамы і таты знаёмяцца з комплексамі практыкаванняў і актыўных гульняў, разам з інструктарам ЛФК распрацоўваюць рэкамендацыі па арганізацыі фізічнай актыўнасці ў хатніх умовах.

Дзейснымі формамі павышэння матывацыі і эмацыянальнай далучанасці да сумеснай дзейнасці, развіцця творчых здольнасцей дзяцей з’яўляюцца інтэрактыўныя сустрэчы: арт-студыя, творчая майстэрня, кірмаш. Так, у рамках творчай майстэрні “Развіццё навыкаў дробнай маторыкі ў дзяцей ранняга ўзросту” створаны дапаможнікі па развіцці сенсорнай сферы і дробнай маторыкі, якія актыўна выкарыстоўваюцца на занятках і ў хатніх умовах.

Яркім і запамінальным з’яўляецца кірмаш “Развіццё маўлення шляхам розных відаў дзейнасці”, падчас якога ладзіцца міні-конкурс інсцэніровак народных казак з выкарыстаннем розных відаў тэатра. Так, бацькі вырабляюць герояў лялечнага тэатра з падручных сродкаў, арганізоўваюць з педагогамі выставу сучаснай дзіцячай мастацкай літаратуры. 

Цікавая форма работы па сацыялізацыі і развіцці навыкаў гульнявой дзейнасці малышоў — выязныя экскурсіі ў гарадскі парк і гарадскую бібліятэку, дзякуючы якім мамы і таты папаўняюць скарбонку пазнавальных і рухавых гульняў, атрымліваюць новы вопыт узаемадзеяння з дзецьмі ў соцыуме, што гарманізуе між­асобасныя адносіны.

Па выніках кожнага пася­джэння распрацоўваюцца розныя інфармацыйна-асветніцкія і наглядныя матэрыялы (буклеты, брашуры, лістоўкі) рознай тэматыкі: “Фізічнае развіццё ў раннім узросце”, “Развіццё дробнай маторыкі ў хатніх умовах”, “Асноўныя правілы выхавання дзяцей ранняга ўзросту”, “Маўленчае развіццё шляхам розных відаў дзейнасці” і інш.  

Вялікай папулярнасцю карыстаецца часопіс “Развивай-КА”, на старонках якога размешчаны карысныя парады і практычныя матэрыялы спецыялістаў па ранняй комплекснай дапамозе, развіцці і выхаванні дзяцей да трох гадоў. Часопіс выпускаецца штоквартал у друкаваным і электронным фармаце, што робіць яго даступным для шырокага кола бацькоў.

Эфектыўная форма работы — дзіцяча-баць­коўскія падгрупавыя заняткі, аб’яднаныя агульнай тэмай “У гасцях у казкі”. Гэта вельмі важна, бо менавіта казка з’яўляецца багатым матэрыялам для вырашэння развіццёвых задач. Педагогі адаптавалі казкі “Доктар Айбаліт”, “Курачка Раба”, “Калабок”, “Рэпка”, “Галодны вусень”.

Пры фарміраванні падгруп улічваецца ўзровень маўленчага развіцця і гатоўнасці дзіцяці да ўстанаўлення эмацыянальнага кантакту з дарослым і іншымі дзецьмі. Для некаторых малышоў работа ў падгрупах — першы вопыт узаемадзеяння ў калектыве.

Пры ўзнікненні цяжкасцей педагогі навучаюць бацькоў прыёмам дапамогі і прыняцця малышамі ўмоў сітуацыі. Падтрымка мамы і сумесная творчая дзейнасць ствараюць спрыяльную эмацыянальную атмасферу.

Бацькі загадзя знаёмяцца з задачамі і зместам работы, атрымліваюць рэкамендацыі па арганізацыі сумеснага чытання літаратурнага твора, які будзе вывучацца на занятках. Распрацаваны рытуал прывітання і развітання. Часцей за ўсё дзеці і дарослыя садзяцца ў кола, дзе кожны з’яўляецца часткай цэлага. Абмежаваная прастора дазваляе дзіцяці сканцэнтравацца.

Усе заданні і практыкаванні аб’яднаны ­адзінай сюжэтнай лініяй. Чаргаванне дынамічных і спакойных гульняў развівае адвольную ўвагу. Шырока выкарыстоўваюцца лагарытмічныя практыкаванні, якія пабуджаюць дзяцей да дзейнасці, розныя віды тэатралізаванай дзейнасці, кніжкі-панарамы і інтэрактыўныя кнігі. 

Актыўна практыкуецца работа клуба ў анлайн-рэжыме. Так, майстар-клас “Сенсорна-інтэгратыўная артыкуляцыйная гімнастыка для малышоў” уключае прыклады адаптаваных прак­тыкаванняў і заданняў па развіцці маўленчага дыхання. У рамках відэапрактыкуму “Гульнявыя практыкаванні на аснове лагарытмікі” баць­кі знаёмяцца з прыёмамі выкарыстання рыт­му ў развіцці маўлення, папаўняюць скарбонку папевак і пацешак для штодзённых заняткаў.  

У сацыяльнай сетцы “УКантакце” дзейнічае група “МалышОК”, ажыццяўляецца анлайн-кансультаванне бацькоў па актуальных пытаннях развіцця дзяцей да трох гадоў.

Мамы і таты адзначаюць, што работа клуба павышае псіхолага-педагагічныя кампетэнцыі, дапамагае больш глыбока зразумець праб­лемы ў развіцці дзяцей, змяніць свае ўяўленні пра шляхі іх вырашэння. Сустрэчы дазваляюць атрымаць кансультацыі розных спецыялістаў, абмеркаваць актуальныя тэмы, што істотна пашырае станоўчы вопыт сямейнага выхавання і ўмацоўвае дзіцяча-бацькоўскія адносіны. 

Актыўнасць мам і татаў вырасла, павысілася матывацыя да больш глыбокага супрацоўніцтва з педагогамі. Адзначаецца станоўчая дынаміка ў фарміраванні маўленча-камунікацыйных і сацыяльных уменняў у дзяцей, якія атрымліваюць раннюю комплексную дапамогу. Практыка работы паказала, што бацькоўскі клуб — эфектыўная форма ўзаемадзеяння з сям’ёй.

Святлана КАСЯК,
настаўнік-дэфектолаг Драгічынскага раённага ЦКРНіР.