Эфектыўная мадэль выкладання замежнай мовы

— З кожным годам інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ўсё больш трывала ўваходзяць ва ўсе сферы чалавечай дзейнасці, — гаворыць настаўніца англійскай мовы Алена Уладзіміраўна Прылепа з сярэдняй школы № 22 Брэста. — Гэта прыводзіць да таго, што дзеці лягчэй успрымаюць інфармацыю з экрана мабільнага тэлефона ці камп’ютара, чым з друкаваных крыніц. На ўроках становіцца ўсё складаней зацікавіць вучняў звычайнай мультымедыйнай прэзентацыяй ці карцінкай, выведзенай на экран, даводзіцца пастаянна шукаць новыя спосабы падачы вучэбнага матэрыялу. На дапамогу прыходзяць інтэрактыўныя камп’ютарныя тэхналогіі, якія дазваляюць рэалізаваць якасна новую і эфектыўную мадэль выкладання замежнай мовы. 

А.У.Прылепа ўпэўнена, што гэта не проста працэс узаемадзеяння настаўніка і вучняў, а новая ступень арганізацыі вучэбнага працэсу. Інтэрактыўныя камп’ютарныя тэхналогіі актывізуюць мысленне дзяцей, забяспечваюць іх пастаянны ўдзел у вучэбным працэсе і самастойную выпрацоўку рашэнняў, павышаюць матывацыю і пашыраюць узаемадзеянне ўсіх вучняў на занятках.

— Сёння ў многіх школах усталяваны інтэрактыўныя дошкі, — расказвае А.У.Прылепа. — Гэта даволі эфектыўны інструмент, які дазваляе канструяваць розныя інтэрактыўныя заданні. Іх выкарыстанне далучае да актыўнай дзейнасці нават тых вучняў, якія прызвычаіліся адседжвацца на ўроках. Дзеці могуць не толькі паназіраць за матэрыялам, прапанаваным на дошцы, але і папрацаваць з ім.

Настаўніца звяртаецца да інтэрактыўнай дошкі на сваіх уроках вельмі часта. За час работы ў школе (а гэта ўсяго 3 гады) педагог распрацавала комплекс інтэрактыўных заданняў для ўрокаў англійскай мовы на базе праграмнага забеспячэння SmartNotebook. Гэтая праграма дазваляе ствараць інтэрактыўныя ўрокі, дапамагае ў гульнявой форме перадаць вялікі аб’ём матэрыялу з высокай ступенню яго засваення.

— Для ўдасканалення фанетычных уменняў і навыкаў вучняў выкарыстоўваю шэраг практыкаванняў, накіраваных на работу з транскрыпцыяй слова, адрозненне гукаў і правільнае вымаўленне, — расказвае А.У.Прылепа. — Вучні праслухоўваюць заданне і, націскаючы на інтэрактыўную падказку, правяраюць свае рашэнні. Падчас работы з лексічным матэрыялам выкарыстоўваю заданні з інтэрактыўнымі крыжаванкамі і заданні на групоўку слоў па іх тэматычных прыметах. У гэтым выпадку патрабуецца з набору лексікі выбраць вывучаныя словы па тэме і перацягнуць іх у пэўнае месца на слайдзе. Калі правільна — слова знікае, а калі не — аўтаматычна вяртаецца назад.

Даволі цікавымі з’яўляюцца заданні на напісанне слоў па транскрыпцыі ці па літарах. Так, вучні з дапамогай інструментаў інтэрактыўнай дошкі запісваюць адказы, а праграма, счытваючы рукапісны тэкст, аўтаматычна правярае работу.

Працуючы з граматычным матэрыялам, А.У.Прылепа выкарыстоўвае практыкаванні на раскрыццё дужак, пабудову сказаў, а таксама розныя граматычныя табліцы і схемы. Акрамя таго, настаўніца, захоўваючы камунікатыўную накіраванасць навучання замежнай мове, распрацоўвае інтэрактыўныя практыкаванні для ўдасканалення ўменняў і навыкаў гаварэння і чытання. Сярод іх вылучаюцца інтэрактыўныя тэксты з мноствам дадатковых заданняў і практыкаванняў на пабудову дыялогаў.

— Усе практыкаванні напоўнены інтэрактыўнымі падказкамі, пераходамі і анімацыяй, — гаворыць педагог. — Усё гэта дазваляе задзейнічаць візуальныя, аўдыяльныя і кінестэтычныя каналы засваення інфармацыі, што асабліва актуальна для вучняў сярэдніх класаў. Няўважлівыя дзеці лепш успрымаюць інфармацыю, размешчаную на вялікім экране. Засваенне матэрыялу не выклікае цяжкасцей. Вучні працуюць разам, прыдумваюць і абмяркоўваюць новыя ідэі, каменціруюць выявы.

Па словах настаўніцы, праграмнае забеспячэнне SmartNotebook дазваляе ствараць інтэрактыўныя практыкаванні аўтаматычна па шаблоне: напрыклад, для запаўнення пропускаў, адкрыцця подпісаў, сартавання і інш. Вучні могуць выконваць такія заданні на сваіх мабільных тэлефонах і адразу правяраць сябе.

— Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі на ўроках англійскай мовы актывізуе пазнавальную дзейнасць вучняў, стымулюе развіццё іх мысліцельнай і творчай актыўнасці, інтэнсіфікуе працэс навучання. Дзякуючы гэтаму, эфектыўна засвойваецца матэрыял, прычым і па іншых прадметах, — падагульняе А.У.Прылепа.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *