Эфектыўны аўтарскі ўрок: скачок альбо палёт?

Нядаўна ў сталіцы былі падведзены вынікі гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока, 2019”. Уладальнікам гран-пры гэтых спаборніцтваў стаў настаўнік фізікі сярэдняй школы № 30 Аляксандр Генадзьевіч Сядзяка, 1-е месца заваявала настаўніца беларускай мовы і літаратуры ліцэя № 2 Алена Канстанцінаўна Пекач, 2-е месца  — у настаўніцы геаграфіі гімназіі № 37 Таццяны Сяргееўны Бародзіч, 3-е месца прысуджана настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 165 Наталлі Канстанцінаўне Калян.

Галоўнымі задачамі конкурсу з’яўляюцца ўдасканаленне ўмоў для выяўлення творчай і прафесійнай індывідуальнасці педагогаў, рэалізацыі іх асобаснага патэнцыялу, стварэнне актыўных прафесійных адносін да ўдасканалення якасці адукацыі. Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.

Удзельнікам “Акадэміі ўрока” неабходна было прайсці два конкурсныя выпрабаванні: выступіць на брыфінгу па тэме “Урок як форма педагагічнага аўтарства. Аўтарскі ўрок” і правесці ў актавай зале сваёй установы адукацыі для педагагічнай аўдыторыі горада адкрыты ўрок са сваімі навучэнцамі па загадзя выбранай тэме. Дарэчы, падчас конкурсу ўдзельнікі правялі 28 аўтарскіх урокаў. На іх змаглі папрысутнічаць больш за 2 тысячы педагагічных работнікаў сталіцы.

“Урокі акадэміі — невыпадковая падзея, — адзначаюць арганізатары конкурсу. — На такіх уроках канцэнтруецца ўвесь вопыт педагога, яго навуковая падрыхтоўка, педагагічныя навыкі і метадычныя ўменні, здольнасць арганізоўваць работу ўсіх навучэнцаў. Ці значыць гэта, што ўрокі, якія падарылі акадэмікі, ідэальныя? Ці значыць гэта, што такім настаўнікам больш няма чаго дадаць да сваёй методыкі, каб зрабіць яе яшчэ лепшай? Безумоўна, не, таму што лепшы педагог заўсёды будзе імкнуцца вучыцца і развівацца, не пагарджаючы вопытам калег, бо, як вядома, non est terminus — няма меж дасканаласці”.

Падзяліцца сваімі ўражаннямі ад конкурсу, расказаць пра сваё бачанне эфектыўнага ўрока, складнікі яго паспяховасці, пра аўтарскую метадычную сістэму, упадабаныя метады і прыёмы работы, пра адносіны да выкарыстання мабільных прылад на занятках — мы звярнуліся да пераможцы і лаўрэатаў конкурсу.

Узлятай вышэй!

Наталля Канстанцінаўна КАЛЯН, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 165 Мінска, рэцэнзент вучэбных праграм і падручнікаў, уладальніца прэміі Мінгарвыканкама:

— Конкурс “Акадэмія ўрока” — гэта вопыт зносін з калегамі, ­магчымасць зацвердзіцца на сваіх ­пазіцыях, упэўніцца, што раблю таксама штосьці цікавае, бо, калі гэта трывала ўваходзіць у практыку работы, падаецца, што нічога новага і не робіш. Такія конкурсы патрэбны. Яны даюць магчымасць пазба­віцца прафесійнага выгарання, даюць выхад уменням, здольнасцям педагога. Форма правядзення гэтых спаборніцтваў мне нават больш падабаецца, чым конкурс “Настаўнік года”. Тут няма шоу, дзе настаўніку трэба шмат чаго прадставіць на сцэне. “Акадэмія ўрока” — гэта менавіта дэманстрацыя тых напрацовак, якія ёсць у педагога, гэта экстракт таго, што настаўнік умее рабіць. На гэтых спаборніцтвах неабходна не проста метадычна правільна правесці ўрок, а правесці менавіта аўтарскі ўрок, прадставіць яго такім, якім бачыш. Педагог сам выбірае тэму, а таксама клас ці групу дзяцей, з якімі будзе працаваць, сам выбірае форму правядзення ўрока, і чалавеку за кошт гэтага даецца магчымасць паказаць розныя аспекты сваёй дзейнасці. Калі ў конкурсе “Настаўнік года” канкурсанту можна схітрыць і ўзяць пэўныя тэхналогіі і методыкі, якімі ён не карыстаецца ў рабочай абстаноўцы, то аўтарскі ўрок — гэта звычайна тое, што чалавек робіць, таму ўрокі атрымліваюцца дастаткова цікавымі. Праўда, адзіны мінус, калі ўрок адрэпеціраваны. Гэта відаць адразу: заняткі ператвараюцца ў спектакль, прычым не зусім цікавы.

Навошта я ўдзельнічала ў гэтым конкурсе? Рэйтынг? За больш чым 30 гадоў педагагічнай дзейнасці рэйтынг я ўспрымаю як звязак аздобленых стужачак ад шарыкаў, якія лопнулі. Прыгожыя, цікавыя ідэі могуць ­ператварыцца ў кайданы, што замінаюць свабоднаму руху. Жаданне ­паказаць сябе? Паветраны шарык прыцягвае, але ўжо праз некаторы час пра яго забываюць. Самае чароўнае відовішча — шарык, які ляціць увышыню. Больш, чым вынік, мяне прыцягвае дзеянне, выхад за рамкі шаблонаў. Мне, дзецям,  якіх я вучу, іх бацькам падаецца цікавым тое, што я раблю. Я ўдзельнічаю ў тых конкурсах, якія мне падабаюцца і цікавыя. І аўтарскі ўрок я хацела зрабіць падобным на свабодны палёт.

Як зрабіць, каб урок быў эфектыўным, быў адкрыццём праўды, пошукам ісціны і яе асэнсаваннем? Выйсце адно: у сумеснай дзейнасці настаўніка і вучня па вызначэнні таго шляху, па якім трэба ісці.

У школе біялогія — пераважна апісальная дысцыпліна. Але вывучэнне гэтага прадмета на вербальным узроўні не стварае правільнага ўяўлення пра аб’екты і з’явы, што вывучаюцца. На першы план выходзіць задача фарміравання здольнасці да актыўнай разумовай дзейнасці. Мяркую, на сучасным этапе вучням важна даць ключ да пазнання рэчаіснасці, а не імкнуцца да вычарпальнай сумы ведаў.

Адным з найбольш перспектыўных метадаў рэалізацыі разумовага выхавання, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці дзяцей на вучэбных занятках з’яўляецца мадэляванне. Я вельмі люблю мадэляваць — пачынаючы ад фізкультхвілінкі і заканчваючы вывучэннем новага матэрыялу, бо гэта дае магчымасць візуалізаваць біялагічныя працэсы. Мне хацелася б адысці ад апісальнай навукі і перавесці яе ў ранг назірання і адкрыцця, вельмі хацелася б, каб біялогія засталася праблемнай. 

Час камп’ютарных ­тэхналогій патрабуе прымянення ІКТ на ўроку. Так, выкарыстанне інтэр­актыўнага адукацыйнага зместу mozaBook дазваляе зрабіць урокі больш відовішчнымі і эфектыўнымі, абудзіць і падтрымаць цікавасць навучэнцаў. Пра праграму Plickers шмат гаворыцца, але можна адзін раз убачыць, і самы “страшны” для вучняў элемент урока, праверка ведаў, ператвараецца ў гульню.

На сваіх уроках я вітаю выкарыстанне мабільных прылад, калі гэта дапамагае вучням у засваенні таго ці іншага матэрыялу. Сістэма QR-кодаў у новым падручніку па біялогіі дазваляе актыўна прымяняць іх.

На конкурсе я правяла ўрок-даследаванне “Узлятай ­вышэй! Птушкі — жыхары паветра”. Правёўшы мэтавызначэнне па спосабе Цыцэрона, навучэнцы выбралі пытанні, адказы на якія дапамаглі раскрыць тэму ўрока, — “Хто? Якія? Як? Чаму?”. Значнае месца на занятках адводзілася ­мадэляванню: навучэнцы мадэлявалі лятальныя апараты (самалёцікі), складалі логіка-сэн­савую мадэль “Птушкі — пазваночныя, прыстасаваныя да палёту”, на фізкультхвілінцы імітавалі палёт птушак розных відаў, праводзілі эксперыменты і даследаванні з дапамогай мікраскопа. Школьнікам удалося самастойна здзейсніць адкрыццё, зробленае яшчэ ў IX стагоддзі, на падставе набытых ведаў аб будове пяра ­птушак. Не абышлося на ўроку і без інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій — інтэр­актыўны
экран забяспечыў наглядны складнік, сэрвіс mozaBook падтрымліваў ціка­васць, праграма Plickers паказала вынік навучання.

У свеце творчасці і пераўтварэння

Таццяна Сяргееўна БАРОДЗІЧ, настаўніца геаграфіі гімназіі № 37 Мінска, пераможца Рэспубліканскага фестывалю метадычных ідэй “Інтэрактыўны калейдаскоп”:

— Удзел у конкурсе “Акадэмія ўрока” — гэта вельмі вялікая адказнасць. У першую чаргу перад самім сабой (ці змагу я, ці не падвяду?), перад калегамі, якія дапамагаюць, перажываюць няўдачы, радуюцца тваім поспехам, перад вучнямі, якія чакаюць ад цябе чагосьці новага, цікавага. Ці патрэбны такія спаборніцтвы? А чаму б і не! У любой прафесіі ёсць конкурсы прафесійнага майстэрства. Удзел у конкурсе мабілізуе ўсе сілы, магчымасці, уменні, пабуджае да дзеяння, з’яўляюцца новыя ідэі, думкі, знаходкі. У рэшце рэшт расце аўтарытэт настаўніка ў вачах вучня. І не толькі. Безумоўна, усё гэта патрабуе вялікага нервовага напружання, аднак, з другога боку, пасля падвядзення вынікаў у цябе з’яўляецца адчуванне добра і якасна выкананай работы. Такія конкурсы, безумоўна, патрэбны.

На маю думку, эфектыўны ўрок — гэта ўрок, на якім дасягнуты мэты, вырашаны задачы, навучэнцы адкрылі для сябе штосьці новае. Аднак часам і такі ўрок не заўсёды задавальняе настаўніка. Чаму? Урок, які прыносіць задавальненне педагогу і вучням, — гэта ўрок, на якім ёсць узаемадзеянне “настаўнік — вучань”. Менавіта ўзаемадзеянне з’яўляецца перадумовай паспяховасці заняткаў. Прадукцыйны ўрок — гэта не толькі падрыхтоўка настаўніка, гэта актыўны ўдзел у ім вучняў. Мае гімназісты рыхтуюць апера­джальныя заданні, відэаролікі, прэзентацыі, элементы тэатральнай пастаноўкі. Такім чынам, эфектыўны ўрок — гэта цэлы свет актыўнай творчасці і пераўтварэння.

Адным з улюбёных прыёмаў, які выкарыстоўваецца на ўроках, з’яўляецца кросэнс (перасячэнне думак). На экране вучням дэманструюцца карцінкі. Сярод іх — нейкая незвычайная, і вучням неабходна патлумачыць, якія адносіны яна мае да тэмы ўрока, да папярэдніх карцінак. Выбудоўваецца асацыятыўны рад, вучні называюць тэму і выходзяць да мэты заняткаў.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю і праектную дзейнасць. Навучэнцы атрымліваюць заданні на некалькі тыдняў, на месяц наперад. Яны здымаюць цікавыя ролікі, рыхтуюць прэзентацыі, бяруць інтэрв’ю ў розных людзей.

Сучасныя вучні вельмі прасунутыя ў выкарыстанні га­джэтаў. Гэтага нельга не заўважыць, таму задача настаўніка — накіраваць выкарыстанне гаджэтаў у патрэбнае рэчышча. Сучасныя тэхналогіі нам дазваляюць гэта рабіць. Напрыклад, усе ведаюць, што другая мова геаграфіі — карта, але зараз мы выкарыстоўваем не проста насценныя карты ці карты-атласы, а менавіта інтэрактыўныя карты. Я азнаёмілася з праграмай “1С: Канструктар інтэрактыўных карт”, якая дазваляе ­ствараць інтэрактыўныя карты, з якімі можна праца­ваць на ўроку. І безумоўна, успрымаць інфармацыю і працаваць з ёй сучаснаму вучню намнога цікавей, чым са звычайнай картай. З дапамогай інтэрактыўных карт я правяраю дамашняе заданне (геаграфічную наменклатуру), магу прапанаваць заданні на этапе замацавання і кантролю вывучанага. Для настаўнікаў геаграфіі гэтыя карты зручныя тым, што дазваляюць вучням не толькі кантраляваць свае веды, але і займацца трэнінгам.

На сваіх уроках я дазваляю дзецям карыстацца мабільнымі
прыладамі. Акуляры віртуальнай рэальнасці мы таксама выкарыс­тоўваем. Часцей за ўсё для вырашэння задачы эстэтычнага выхавання: вучні спазнаюць прыгажосць навакольнага свету.

На конкурсе я праводзіла ўрок у 10 класе па тэме “Азёры і вадасховішчы. Водныя рэсурсы Беларусі”. Пачала ўрок з матывацыйнага этапу, на якім, выкарыстоўваючы сродкі літаратуры, музыкі, імкнулася сфарміраваць трапяткія адносіны да роднай прыроды. Пры выкарыстанні кросэнса навучэнцы былі прыцягнуты да самастойнага вызначэння тэмы і мэты ўрока. У выніку была сфармулявана мэта — вывучыць і ацаніць водныя рэсурсы Беларусі.

Паглыбленне ў тэму пачалося з легенды аб паходжанні азёр. Навучэнцы надзелі акуляры віртуальнай рэальнасці і прагледзелі відэаролік пра азёры Беларусі. Прымяніўшы раней атрыманыя веды, патлумачылі паходжанне азёрных катлавін, звярнуліся да геаграфічнага атласа і выкарысталі трэнажорную інтэрактыўную карту “Азёры і вадасховішчы”. У працэсе засваення матэ­рыялу ўстанаўліваліся прычынна-выніковыя сувязі паміж размяшчэннем азёр і геалагічнай гісторыяй фарміравання тэрыторыі. Безумоўна, любы ўрок трэба набліжаць да жыцця. Я задала вучням пытанне: “А ў якіх азёрах вы не раілі б купацца сваім сябрам?” Выкарыстаўшы праблемны часткова-пошукавы метад, вучні папрацавалі ў групах і прааналізавалі водныя рэсурсы Беларусі.

Прымяненне воблачных тэхналогій і сучасных камп’ютарных сродкаў навучання: планшэтаў, мультыборда, ­акуляраў віртуаль­най рэальнасці, інтэрактыў­ных карт — дазволіла ў выніку стварыць прадукт творчай дзейнасці на вэб-сайце гімназічнага адукацыйнага сэрвісу. Падчас вывучэння тэмы былі ўстаноўлены міжпрадметныя сувязі з матэматыкай, гісторыяй, рускай і беларускай літаратурай для больш паглыбленага асэнсавання навучэнцамі матэрыялу, які вывучаўся.

Не абышлося на ўроку і без праектнай дзейнасці. Старшакласнікам загадзя было прапанавана заданне: “Уявіце, што вы фермер і ў вас ёсць уласная сажалка. Як вы будзеце яе выкарыстоўваць? Дакажыце эфектыўнасць выкарыстання сваёй сажалкі”. Навучэнцы прадставілі цікавыя праекты “Выкарыстанне сажалкі для вырошчвання журавін”, “Сажалкавая рыбная гаспадарка”, “Выкарыстанне меліярацыйнага канала для арашэння”.

На працягу ўсяго ўрока вучні кантралявалі сябе, ставілі адзнакі ў лісты самаацэнкі па крытэрыях. Была складзена памятка па беражлівым выкарыстанні вады. На этапе рэфлексіі выкарыстоўваўся прыём “3М”: вучні называлі тры моманты, якія ім асабліва запомніліся. Урок атрымаўся. Я вельмі задаволена работай дзяцей.

Падзея = дзея + дзе Я?

Алена Канстанцінаўна ПЕКАЧ, настаўнік-метадыст, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ліцэя № 2 Мінска, аўтар звыш 40 навукова-метадычных і навуковых публікацый, уладальніца прэміі Мінгарвыканкама:

— Удзел у конкурсе “Акадэмія ўрока” прынёс маральнае задавальненне, радасць супрацоўніцтва з калегамі. Ён дазволіў сістэматызаваць сабраны за гады работы матэрыял пра жыццёвы і творчы шлях Алеся Разанава, сказаць сваё слова пра самага выбітнага, на маю думку, пісьменніка сучаснасці. Урок аказаўся “вірусным”, і шмат хто з вучняў зацікавіўся паэзіяй Алеся Разанава.

Ці патрэбны такія конкурсы? Так, патрэбны хаця б для таго, каб каля 100 чалавек (і не толькі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры!) далучыліся да паэзіі А.Разанава і зразумелі звышсэнс, метазмест пункціраў паэта, квантэм, версэтаў, вершаказаў, вершаслоў, зномаў.

На маю думку, эфектыўны ўрок — гэта ўрок, карысны для вучня, на якім ён з’яўляецца актыўным удзельнікам. Разам з дзецьмі адбываецца мэтавызначэнне, з імі наладжваецца цесная зваротная сувязь. Гэта ўрок актыўнай мысліцельнай дзейнасці, індывідуальнай і групавой работы, урок эмацыянальны, творчы, які натхняе на пошук, адкрыццё, стварэнне новых праектаў, на якім дасягаюцца пастаўленыя мэты.

Перадумовай паспяховага ўрока з’яўляецца скрупулёзная падрыхтоўка да  яго, вялікае жаданне і ўменне так арганізаваць заняткі, каб вучням захацелася самім прадоўжыць пошук матэрыялу, звестак па тэме, каб захацелася расказаць пра твор, пра пісьменніка сябрам, бацькам, каб захацелася скласці вучнёўскі праект (намаляваць партрэт, стварыць вокладку, бук­трэйлер, зняць фільм, напісаць мініяцюру, верш), наведаць выставу, музей.

У практыцы сваёй работы выкарыстоўваю розныя формы ўрокаў, сярод якіх вялікую папулярнасць у вучняў маюць урокі-падарожжы, урокі-КВіЗ, урокі-конкурсы. На маіх занятках перавага аддаецца метаду праектаў і перавернутаму ўроку. Што тычыцца выкарыстання мабільных прылад, то яны часцей бываюць задзейнічаны на ўроках беларускай літаратуры. Аднак лічу, што гаджэты ў большасці выпадкаў усё ж такі перашкаджаюць вучобе, адцягваюць увагу вучняў.

На конкурсе я прадставіла аўтарскі ўрок-падарожжа ў 11 класе “Інтэлектуальна-філасофская лірыка Алеся Разанава”. Гэтая тэма была выбрана невыпадкова. Нягледзячы на высокую цікавасць навукоўцаў да асобы А.Разанава і яго творчасці, настаўнік губляецца ад недастатковай метадычнай распрацаванасці заяўленай тэмы. Акрамя таго, новыя разанаўскія жанры патрабуюць новага мыслення і асэнсавання новага зместу, разумення звышсэнсу, метазместу. А даследаваць новае няпроста.

Падчас падрыхтоўкі да ўрока мы актыўна выкарыс­тоў­валі тэх­на­ло­гію пе­ра­­­­вер­ну­тага  ўрока Дзя­­куючы яму, вучні  ­ авалод­валі культу­рай чытання ­паэзіі абсалютна но­­вых для іх жанраў, навыкамі публічнага выступлення, прамоўніцкага майстэрства, навыкамі работы з навуковымі артыкуламі, літаратуразнаўчымі даведнікамі, слоўнікамі, навыкамі стварэння літаратурных праектаў і відэапраектаў, падрыхтоўкі да інтэрв’юіравання, набылі вопыт маўленчай і творчай дзейнасці, азнаёміліся з творчасцю беларускіх мастакоў на віртуальных выставах, разме­шчаных на маім сайце і на сайце Нацыя­нальнага мастацкага музея, атрымалі вопыт удзелу ў ліцэйскім флэшмобе, стасункаў у новым калектыве.

Кожны мой аўтарскі ўрок — гэта падзея, якая складаецца з дзеі і пытання “Дзе я?”. Праведзены аўтарскі ўрок быў не выключэннем. Новае заўсёды змяшчае элементы традыцыі, таму ўрок складаўся з агульнавядомых і маіх, аўтарскіх, метадаў і прыёмаў. Агульнавядомыя — гэта “Складзі кластар”, “Працягні фразу (зном)”, “Воблака літаратуразнаўчых тэрмінаў” і інш. Сярод аўтарскіх — “Хуткі малюнак”,  “Тры-У” (учытвацца, услухоўвацца і ўдумвацца), “Колер урока”  і інш. Так, “Хуткі малюнак” дапамагае вучням хутка асэнса­ваць, аб’яднаць у адно цэлае дастаткова вялікі пласт інфармацыі і ства­рыць цэласную карціну, прыдатную для запамінання. “Тры-У” дапамагае далу­чаць навучэнцаў да глыбокага спасціжэння аўтарскага слова, да таямніц і багацця беларускай літаратуры, асэнсавання яе месца ў еўрапейскім і сусветным кантэксце, выхоўвае нацыянальную і асабістую самапавагу. “Скрыжаванне” выкарыстоўваецца на ўроку, дзе перакрыжоўваюцца думкі і веды фізікаў і лірыкаў, філосафаў і псіхолагаў. Веды і разважанні навукоўцаў розных кірункаў дапамагаюць вучням пазнаваць жыццё, фарміраваць пэўныя каштоўнасці, перакананні, цікавасці і схільнасці. Назва аўтарскага прыёму “У крузе” даўно пазычана ў А.Разанава. Сутнасць круга — у дасканаласці, завершанасці і бясконцасці. Часта называю гэты прыём “У дарогу”. Сутнасць майго аўтарскага ўрока — дасканала распрацаваць, завяршыць яго рэфлексіяй і з пэўнымі жыццёвымі высновамі і праектамі скіраваць вучняў у жыццё.

Падчас урока навучэнцы спрачаліся і абмяркоўвалі, дэкламавалі вершы пад акампанемент скрыпкі, абаранялі праекты, складалі кластар, вызначалі ў вершаваных тэкстах паэта квантэмы, пункціры, версэты, зномы і прадстаўлялі доказы свайго рашэння, пера­фразавалі філасофскія вершы адным, самым ёмістым, словам. Напрыканцы ўрока вучні склалі ўласны верш у жанры А.Разанава як даніну павагі да яго творчасці.

Галоўнае на фізіцы — эксперымент

Аляксандр Генадзьевіч СЯДЗЯКА, настаўнік-метадыст, настаўнік фізікі сярэдняй школы № 30 Мінска, кіраўнік гарадской творчай майстэрні настаўнікаў фізікі, якія працуюць у профільных класах, уладальнік прэміі і гранта Мінгарвыканкама:

— Конкурсы ­прафесійнага майстэрства праводзяцца ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці, і прафесія настаўніка тут не выключэнне. І хаця ўдзел у такім выпрабаванні прэстыжны, гэта вялікі стрэс для канкурсанта. Трэба паказаць калегам тое, што ў цябе атрымліваецца лепш за іншых, бо ўсе твае метадычныя прыёмы будуць, нібы пад мікраскопам, разглядацца і ацэньвацца прафесійным журы і калегамі. А значыць, трэба ўважліва прааналізаваць свой прафесійны вопыт, сваю сістэму работы, вылучыць з яе лепшыя, найбольш эфектыўныя напрацоўкі, якія павысяць матывацыю дзяцей да вывучэння твайго прадмета і палепшаць вынікі іх вучэбнай дзейнасці. У гэтым ёсць карысць і для канкурсанта, бо самааналізам у шалёным рытме школьнага жыцця настаўнік займаецца ў апошнюю чаргу. Канечне, ёсць у гэтым карысць і для педагагічнай грамадскасці, бо конкурсныя адкрытыя ўрокі наведалі сотні настаўнікаў горада і, безумоўна, узялі на ўзбраенне тыя прыёмы і метады, якія ім спадабаліся.

Што тычыцца мяне, то пры вывучэнні фізікі я лічу вельмі важным наяўнасць фізічнага экс­перымента. Яшчэ ў савецкай школе ў пачатку прафесійнай дзейнасці мяне навучылі, што ўрок фізікі без эксперымента, прынамсі дэманстрацыйнага, не можа лічыцца паўнавартасным, таму на ўроку я рэдка абыходжуся без доследу. Нават у 90-я гады, калі адсутнасць у школе фізічнага абсталявання стала сур’ёзнай праблемай, я знаходзіў магчымасць зрабіць эксперыментальны рыштунак з самых простых рэчаў, якія ёсць пад рукамі, каб паказаць вучням на ўроку дослед. Перш чым растлумачыць прыродную з’яву і прычыны яе ўзнікнення, трэба спачатку паназіраць за ёй, выявіць яе сярод разнастайных з’яў прыроды як навуковы факт. Можна, проста надзімаючы на ўроку шарык, растлума­чыць дзецям сутнасць закона Паскаля, што ціск у газах і вадкасцях дзейнічае па ўсіх напрамках аднолькава, і змест фізічнага закона ўжо будзе асацыіравацца ў вучняў з гэтай фізічнай з’явай. Альбо, адпусціўшы гэты шарык і паглядзеўшы, як ён, выціскаючы паветра, лятае па класе, можна ўбачыць прыклад рэактыўнага руху і стварыць асацыятыўную сувязь з законам захавання імпульсу. Простыя трубачкі, у якія можна пасвістаць на ўроку, дапамогуць вучням зразумець з’яву рэзанансу і тое, што частата выпрамененай хвалі зале­жыць ад ­геаметрычных памераў рэзанатара. Гук даў­жэйшай трубачкі больш нізкі, чым карацейшай. Гэтая асацыяцыя дапаможа дзецям у далейшым зразумець, як фарміруецца электрамагнітная хваля вагальным контурам.

Дэманстрацыйны эксперымент, яго назіранне і абмеркаванне проста неабходны на занятках. Ён не толькі спрыяе нагляднаму ўспрыманню вучэбнага матэрыялу, яго разуменню і запамінанню, павышае цікавасць да вывучэння фізікі, але і фарміруе ў вучняў навуковы светапогляд і некаторыя важныя кампетэнцыі — назіраць, параўноўваць, абагульняць, аналізаваць з’яву, вылучаць гіпотэзы, устанаўлі­ваць залежнасці паміж фізічнымі велічынямі, рабіць высновы.  

Вядома, што матэматычнае апісанне прыродных з’яў выклікае найбольшыя цяжкасці ў дзяцей пры вывучэнні фізікі, і менавіта тут пралягае той масток, які звязвае ў свядомасці вучняў рэальную прыродную з’яву з матэматычнай абстракцыяй (формулай або графікам) і фарміруе ўстойлівыя асацыяцыі. Так абмеркаванне доследаў, фармуляванне фізічных законаў і спроба іх адлюстравання з дапамогай формул і графікаў становяцца важным метадычным звяном у тэорыі рэфлекторна-асацыятыўнага навучання.

Калектыўнае абмеркаванне прыроднай з’явы, што назіраецца, ­дэманстрацыйнага доследу ператварае клас у саманаву­чальную групу. Ёсць агульная мэта і аб’яднанне намаганняў для яе дасягнення. Гэта і па­вышае ўзровень самастойнасці вучняў у набыцці ведаў, і паглыбляе іх політэхнічныя веды. Ствараецца сітуацыя навізны, пазнавальнай напружанасці, у якой кожны вучань, шукаючы тлумачэнне з’явам, што назіраюцца, і навуковым фактам, развівае не толькі мысленне, але і набывае ўпэўненасць у сабе. Развіццёвы патэнцыял такога ўрока цяжка пераацаніць. Акрамя мыслення, у дзяцей развіваюцца і іх моўныя навыкі, дакладнасць і лагіч­насць фармулёвак, ужыванне навуковай тэрміналогіі. Настаўнік жа, стварыўшы праблемную сітуа­цыю, атрымлівае магчымасць нават на першым уроку вывучэння новай тэмы фармуляваць пытанні пятага ўзроўню і ставіць адпаведныя адзнакі. Лічу, што фізіка сярод школьных прадметаў мае найбольшы ­патэнцыял для развіцця інтэлектуальнай асобы.

Назваць гэтую методыку аўтарскай я не магу, але актыўна ёй карыстаюся, асабліва цяпер, калі ў школы, нарэшце, стала паступаць новае фізічнае абсталяванне, у тым ліку лічбавае. Для настаўніка адкрываюцца проста неверагодныя магчымасці. Ну які вучань звяжа ў сваёй свядомасці парабалу, матэматычную аб­стракцыю з рухам цела, што разганяецца ці тармозіць? Цяпер жа лічбавыя датчыкі дазваляюць вымяраць фізічныя велічыні і адначасова выводзіць іх на экран у графічным выглядзе. Напрыклад, настаўнік за 15 мінут можа зрабіць просты рыштунак, дзе грузік за нітачку, перакінутую праз блок, цягне па стале настаўніка драўляны брусок. Дзеці назіраюць з’яву паскоранага руху, а ўльтрагукавы датчык анлайн выводзіць на экран парабалу, графік залежнасці каардынаты цела ад часу. Вось і жывая асацыяцыя. Створаны вобраз дазволіць вучню чытаць графікі, бачыць за імі рэальную фізічную з’яву.

З дапамогай лічбавай лабараторыі па фізіцы можна рабіць дакладныя эксперыментальныя вымярэнні і сапраўдныя навуковыя даследаванні. Гэтая работа вельмі вабіць адораных вучняў, якія набываюць яшчэ і эксперыментальныя навыкі. Дарэчы, асаблівасцю маіх заняткаў з’яў­ляецца выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі SMART Board, а таксама сістэмы інтэрактыўнага апытання.

На конкурсе “Акадэмія ўрока” я прадставіў урок-даследаванне ў 10 класе “Электрычны ток у металах і электралітах”. У праектаванні гэтага ўрока асаблівае месца заняў эксперымент, арганізацыя навучання як са­праўднага даследавання: ад ­выяўлення праблемы, вылучэння гіпотэзы, яе праверкі — да адкрыцця. Перш чым тлума­чыць, трэба вучыць назіраць з’явы, выяўляць асаблівасці і фармуляваць прадбачанні. Падчас урока навучэнцы атрымалі веды, якія дазволілі ім адказаць на пытанні, навошта акумулятар здымаюць на ноч зімой, чым дыхаць на Месяцы і Марсе, як пазалаціць ручку. З цікавасцю дзесяцікласнікі выконвалі заданне па каментарыях малюнкаў з інтэрнэту, якія адлюстроўвалі фізічныя эксперыменты, адрознівалі: праўда ці фэйк? Прайшоўшы шлях даследавання на ўроку, вучні адкрылі шэраг фізічных з’яў, даведаліся пра новыя фізічныя велічыні і самі сфармулявалі два фізічныя законы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота з асабістага архіва педагогаў і сайта МГІРА.