Эфектыўны чалавек падобны да робата?

- 10:21Портфолио

“Сучасны ўрок — гэта цікавы ўрок”, — упэўнены Максім Самаль, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 5 Маладзечна, фіналіст конкурсу “Настаўнік года — 2020”.

Менавіта на такі крэатыўны і інтэрактыўны ўрок грамадазнаўства ён запрасіў мяне. Дзесяцікласнікі працягвалі вывучаць тэму “Канкурэнцыя і яе роля ў эканоміцы”. Работа ішла ў групах. У класе панавала пазітыўная атмасфера.

Канкурэнцыя і манаполія

— Скажыце, калі ласка, што такое канкурэнцыя? — звярнуўся да вучняў Максім Анатольевіч. — Мы гаварылі пра гэта на мінулым уроку. Сапраўды, гэта саперніцтва паміж вытворцамі. Якая мэта канкурэнцыі? Імкненне да больш выгадных умоў.

А якія бываюць віды канкурэнцыі? Па ступені свабоды, цанавая і нецанавая. Прывядзіце прыклады. 

Вучні ўспомнілі яркі прыклад цанавой канкурэнцыі: калі яны прыходзяць у магазін і бачаць надпіс “скідкі”, якія чароўным чынам дзейнічаюць на пакупніка. А нецанавая канкурэнцыя праяўляецца ў імкненні да паляпшэння якасці прадукту, калі, напрыклад, вытворца пераходзіць на новы тэхнічны працэс. Калі раней выраблялі 14-нанаметровыя камп’ютарныя працэсары, то цяпер іх памер дасягае 10 і нават 7 нанаметраў.

— Што такое манаполія? — працягвае Максім Анатольевіч. — Гэта калі на рынку знаходзіцца адзін прадавец. Часцей за ўсё манаполія існуе ў фінансавай і энергарэсурснай сферах. А што такое манапалістычная канкурэнцыя? Калі паміж сабой канкурыруюць манапалісты або калі на рынку прадстаўлена шмат розных фірм па вытворчасці пэўнага тавару. Які тавар ва ўсе часы адносіўся да манапалістычнай канкурэнцыі? Папулярны, масавы, напрыклад, тэлефоны, касметыка. А што такое алігаполія? Гэта рынак, на якім пануе некалькі буйных вядомых фірм. Напрыклад, рынак машынабудавання. З дапамогай прыёму “Так-Нетка” замацуем матэрыял. Калі вы згодны са сцвярджэннем, ставіце зялёны лайк, калі супраць — дызлайк. Добраахвотнікі ёсць?

Вучань выйшаў да дошкі. На мультыбордзе прадстаўлены слайд з наступнымі сказамі: базар — сфера эканомікі, у якой здзяйсняецца працэс таварнага абарачэння (не); калі цэны растуць, то рыначная кан’юнктура спрыяльная для пакупніка (не); селектыўную функцыю рынку яшчэ называюць саніруючай — (так); рыначная кан’юнктура — гэта суадносіны попыту і прапанавання (так); попыт — гэта колькасць тавару, які хоча і можа набыць спажывец пры пэўным узроўні цэн (так); алігаполія — гэта такі рынак, на якім пануе некалькі буйных вядомых фірм (так); канкурэнцыя бывае дасканалай і абсалютна дасканалай (не); слова concurentia ў перакладзе з лацінскай азначае “сутыкацца” (так).

Чым больш эфектыўны чалавек, тым больш ён падобны да робата. Ці справядлівы гэты пункт гледжання? Пытанне, наколькі і ў каго менеджмент ператварае чалавека, адкрытае.

Лепшы сродак заспакаення

Максім Анатольевіч прапанаваў вучням паразважаць над цытатамі вядомых лю­дзей, пра што ж яны так вобразна выказваюцца? Яны “…даюць усё тое, што іншым здаецца шчасцем” (Анры дэ Рэнье); “…лепшы сродак заспакаення” (Леанард Луіс Левінсан); “…не пахнуць” (Веспасіан Ціт Флавій); “… псуюць характар” (Эрых Марыя Рэмарк). Клас аднагалосна вызначыў, што гаворка ідзе пра грошы.  

— Вы памятаеце гэтага чалавека? — педагог паказаў на партрэт Адама Сміта. — Гэта шатландскі эканаміст, ­адзін з заснавальнікаў сучаснай эканамічнай тэорыі. Яго прозвішча можна ператва­рыць у паняцце. Ваша задача разгадаць, якія паняцці закадзіраваны ў літарах яго прозвішча.  

С — адносіны паміж людзьмі ў адносінах да сродкаў вытворчасці і прадуктаў вытворчасці — (собственность (уласнасць)).

М — эканамічная тэорыя, згодна з якой колькасць грошай у абарачэнні з’яўляецца вызначальным фактарам развіцця эканомікі (манетарызм).

— Гэта новае для вас паняцце, якое ўтвараецца ад слова “манета”. Гаворка ідзе аб палітыцы, калі дзяржава лічыць, што грошы вызначаюць усё, — падказвае настаўнік. — І гэта эканамічнае паняцце “манетарызм”. Паразважаем, калі ў краіне шмат грошай, значыць, эканоміка добра развіваецца? Не, на жаль, не заўсёды гэта так працуе. З грашыма здараецца хвароба пад назвай інфляцыя.

І — абясцэньванне папяровых, а таксама электронных грошай, выкліканае перавышэннем колькасці грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні, над іх таварным пакрыццём (інфляцыя).

Т — прадукт працы, прызначаны для куплі-продажу (тавар).

“Google ў дапамогу”

— Імя чалавека, чый партрэт перад вамі, напэўна, ведаюць усе, — звяртаецца да класа Максім Анатольевіч. — Гэта Біл Гейтс — заснавальнік кампаніі Microsoft.

У каго дома на камп’ютары ўстаноўлена аперацыйная сістэма Windows? Практычна ва ўсіх. Біла Гейтса, дарэчы, выгналі з універсітэта за непаспяховасць. А ён у вольны час захапляўся напісаннем праграм для камп’ютараў. Першая яго аперацыйная сістэма — MS-DOS. Ці з’яўляецца Microsoft манапалістам? Я прапаную вам скарыстацца Google-пошукавікам.

З інтэрнэту вучні даведаліся, што ў 2000 годзе суд прымусіў Microsoft па­дзяліцца на дзве кампаніі, што сведчыць пра тое, што грамадскасць прызнала яе манапалістам (калі падзяліць кампанію, ёй складаней быць манапалістам). Але ў 2002 годзе гэтае рашэнне было зменена на больш лагоднае. Наколькі ж правільнае сцвярджэнне пра манаполію Microsoft? З 2004 года праходзіць пільнае назіранне за гэтай кампаніяй, але манапалістам яе афіцыйна не прызналі.

— Хачу вам прапанаваць хэштэгі, да якіх вы сфармулюеце пытанні, — гэта тое, чым мы будзем займацца далей на ўроку, — адзначыў Максім Анатольевіч. 

# рост_эфектыўнасці — як павысіць эканамічную эфектыўнасць?

# топ_менеджар — якія метады работы і якасці менеджараў на прадпрыемствах?

 # прасоўванне_тавару — што такое маркетынг?

# рэкламная_паўза — якія метады і прыёмы выкарыстоўвае рэклама?

Прымаем кіраўніцкія рашэнні

Паняцце “менеджмент” азначае “кіраванне” — так званая сукупнасць прынцыпаў, метадаў, прыёмаў і сродкаў кіравання вытворчасцю і вытворчым персаналам з выкарыстаннем дасягненняў навукі і кіравання. Асноўнай мэтай менеджменту з’яўляецца дасягненне высокай эфектыўнасці вытворчасці.

— Менеджар — гэта прафесійна падрыхтаваны да кіравання арганізацыяй кіраў­нік, — падкрэсліў Максім Анатольевіч. — Заснавальнікам менеджменту з’яўляецца амерыканец Фрэдэрык Тэйлар. Ён выкарыстаў навуковыя прынцыпы для таго, каб вытворчасць, асабліва машынную, зрабіць максімальна эфектыўнай. Яго распрацоўкі ў галіне прамысловага машынабудавання прынеслі значнае павышэнне прадукцыйнасці. А можа, ён дэгуманізаваў фабрыкі і ператварыў людзей у машыны?! Чым больш эфектыўны чалавек, тым больш ён падобны да робата. Ці справядлівы гэты пункт гледжання?

— Чалавеку патрэбны адпачынак, а гэта зніжэнне эфектыўнасці. Калі твой каэфіцыент карыснага дзеяння расце, ты набліжаешся да машыны, — разважаюць вучні. — Чалавек больш крэатыўны, калі працаздольны, а не робатападобны. Ён больш свядома робіць сваю работу, а ў робаце ўсё запраграмавана.

— Пытанне, наколькі і ў каго менеджмент ператварае чалавека, адкрытае. Прапаную вам напісаць эсэ на гэтую тэму, — рэзюмаваў настаўнік. — А цяпер прымерым на сябе ролю менеджара — чалавека, які павінен умець вырашаць нестандартныя сітуацыі, быць крэатыўным. Што такое маркетынг? Прыцягненне ўвагі да тавару і яго прасоўванне. У кожнай групы на стале ляжаць заданні дзелавой гульні “Метады прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў”. З дапамогай прыёму “Мазгавы штурм” знайдзіце, калі ласка, аптымальны варыянт.

Заданне 1. Ці сапраўды мужчыны больш здольныя, чым жанчыны, у кіраўніцкай дзейнасці? Растлумачце, чаму ўзнікла такое меркаванне. 

— Магчыма, таму што ў мужчын больш устойлівы характар, яны мацнейшыя, — разважа­юць вучні. — Так першапачаткова склалася. Але па міжнародных даных, IQ самых разумных жанчын перавышае IQ самых разумных мужчын, хоць і ненашмат. Жаночая інтуіцыя дазваляе вырашыць праблемы, якія не можа вырашыць лагічны мужчынскі розум.

Заданне 2. Якія ідэі вы прапанавалі б для таго, каб скараціць колькасць бракаванай прадукцыі, якую выпускае фірма? Прагучалі варыянты: можна ўкладваць грошы ў аўтаматызацыю вытворчасці, а можна стымуляваць работніка заробкам. А магчыма, праблема ў пастаўшчыку, які прывозіць няякасную сыравіну?  

Заданне 3. Якое прымяненне можна знайсці для жаночай пудраніцы? І тут знайшліся рашэнні: для макіяжу, можна захоўваць у ёй дробязі, з дапамогай люстэрка можна распаліць агонь, у якасці сальніцы.

— А зараз музычная фізкультмінутка “Веру — не веру”, — абвяшчае Максім Анатольевіч. — Калі агучаныя мной сцвярджэнні правільныя, з вашага пункту гледжання, вы паказваеце “клас!” (вялікі палец уверх), калі не, то палец уніз, рухаемся ў рытме музыкі. 1) У Фінляндыі дыягназ “інтэрнэт-залежнасць” з’яўляецца прычынай для вызвалення ад службы ў войску (так). 2) Па статыстыцы, жанатыя мужчыны жывуць на 8 гадоў даўжэй, чым халастыя, а замужнія жанчыны — на 8 гадоў менш (не). 3) Дыярама — гэта паказ калекцыі адзення Крысціяна Дзіора, французскага куцюр’е (не). 4) У Моны Лізы няма броваў. У эпоху Адраджэння ў Фларэнцыі модніцы згольвалі бровы (так). 5) Рымляне насілі штаны (не).

6) Мозг на 80% складаецца з вады (так). 7) У Аўстраліі практыкуецца прымяненне аднаразовых школьных дошак (не).

Для таго каб выклікаць у дзяцей цікавасць, трэба выходзіць за рамкі тэмы і прадмета, судакранацца з агульнакультурным бэкграўндам вучняў.

Сакрэты маркетолагаў

“Маркетынг” з англійскай мовы азначае рыначную дзейнасць па продажы чаго-не­будзь. Гэта сукупнасць працэсаў стварэння, прасоўвання і прадастаўлення прадукту або паслугі пакупнікам. Маркетынг вывучае і стымулюе попыт, а таксама арыентуе вытворчасць на задавальненне існуючага і патэнцыяльнага попыту. Маркетолаг — гэта не толькі крэатыўшчык, але і аналітык. Ён павінен ведаць, што трэба пакупніку, як даста­віць тавар (лагістыку), як абслугоў­ваць яго пасля продажу. Усё гэта знахо­дзіцца ў кампетэнцыі маркетолага. Для абывацеляў маркетынг часцей асацыіруецца са словам магазін.

— Маркетынг звязаны з рэкламай. Зараз мы паглядзім рэкламны відэаролік негазіраванай вады вядомай маркі і па прапанаваных крытэрыях прааналізуем яго, — гаворыць педагог. — Ролік зроблены нашымі вучнямі, у ім зняўся адзін з прысутных у класе.

Самая галоўная выснова, якую зрабілі дзеці, што рэкламны ролік павінен выклі­каць эмоцыі, быць арыгінальным, адрознівацца ад большасці існуючых.

Вучаніца расказала пра спосабы і прыёмы маркетолагаў, якія прымяняюцца ў гандлёвых аб’ектах. Адна з хітрасцей маркетынгу, калі пакупніку прапануецца замест 1 літра малака 900 мл, прычым па ўпакоўцы тавару гэтага не зразумееш. З паліц мы часта бяром прадукцыю, якую нам падказала рэклама. У магазінах уключаюць прыемную музыку, каб пакупнікі даўжэй там знаходзіліся, і распыля­юць араматычныя рэчывы, якія прывабліваюць увагу да тавару. Паліцы размешчаны так, каб пакупнік абышоў увесь магазін, дзе па ходзе стаяць дробязі, якія трэба пра­даць. Фантазіі маркетолагаў няма мяжы. Напрыклад, стваральнік напітку Virgin Cola Рычард Брэнсан выступіў з антырэкламай, заявіў, што насуперак чуткам яго напітак не валодае патрэбным эфектам. І крытыка мела адваротны эфект: напітак сталі яшчэ больш разбіраць. 

У канцы ўрока Максім Анатольевіч вярнуўся да пастаўленых у пачатку задач. Вучні зрабілі кароткі агляд пройдзенага матэрыялу і выканалі тэст у форме, падобнай з ЦТ. Далей — выстаўленне адзнак і дамашняе заданне: прачытаць § 16, скласці свой спіс асноўных маркетынгавых прыёмаў і хітрасцей, якія прымяняюцца ў магазінах го­рада.

Выходзіць за рамкі

— Для таго каб выклікаць у дзяцей цікавасць, трэба выходзіць за рамкі тэмы і прадмета, судакранацца з агульнакультурным бэкграўндам вучняў, — падкрэслівае Максім Анатольевіч. — Сёння дзеці праяўлялі нестандартнае бачанне сітуацыі, асаблівы падыход да тэмы. Для гэтага я прапанаваў ім спецыяльныя заданні. Мне заўсёды падабаецца ўстанаўлі­ваць міжпрадметныя сувязі. Сёння, напрыклад, мы працавалі з рэкламным відэаролікам, што бліжэй да кінамастацтва. Часам назіраю ў вучняў фрагментарнае ўспрыманне інфармацыі. Ім складана пераносіць веды з аднаго прадмета ў іншы. Каб гэта згладзіць, устанаўліваю мосцікі паміж рознымі прадметамі, што робіць веды і ўспрыманне свету дзецьмі больш цэласнымі. Я выступаю за разнастайнасць метадаў, каб задзейнічаць усе каналы ўспрымання інфармацыі. У школе мы маем магчымасць выкарыстоўваць ІКТ, што аблягчае і насычае адукацыйны працэс.   

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.