Эфектыўны вучэбны інструмент

- 10:02"Настаўніцкай газеце" — 75

Алена Іванаўна ВОЛКАВА — настаўніца рускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Салігорска імя Героя Савецкага Саюза В.І.Казлова. У 2018 годзе яна атрымала падзяку ад старшыні Мінскага аблвыканкама за добрасумленную працу, прафесіяналізм і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў. У 2019 годзе Алена Іванаўна стала гераіняй рубрыкі “Школа Z” і расказала, якія ў цяперашніх школьнікаў адносіны з чытаннем і як зрабіць іх больш цеснымі.

Гэта тое, што нас, настаўнікаў, аб’ядноўвае і робіць аднадумцамі. Гэта прымушае рухацца наперад кожнага з нас і беларускую адукацыю ў цэлым. Старонкі, напоўненыя самай актуальнай прафесійна арыентаванай інфармацыяй, — гэта наша “Настаўніцкая газета”.

Сёння інфармацыя стала самым каштоўным рэсурсам чалавецтва. Той, хто валодае інфармацыяй, той валодае часам і светам. Наша “Настаўніцкая газета” ўзбройвае настаўніка арсеналам самых сучасных сродкаў навучання і дазваляе рабіць працэс навучання крэатыўным і эфектыўным.

“Настаўніцкая газета”— гэта не толькі друкаваныя старонкі, але і інфармацыйны інтэрнэт-партал, які прадстаўляе беларускую адукацыю ва ўсёй найбагацейшай палітры імёнаў і ініцыятыў, а беларускім педагогам паказвае сусветныя тэндэнцыі ў развіцці адукацыі. У недалёкай будучыні сайт “Настаўніцкай газеты” можа стаць метадычнай анлайн-пляцоўкай для абмену вопытам і ўзаеманавучання педагогаў. Уявіце сабе: адкрываеце вы газету, папяровую ці электронную, знаходзіце артыкул, які вас зацікавіў, — і пасля яго прачытання пераходзіце па прапанаванай спасылцы, каб пазнаёміцца з гатовымі дыдактычнымі матэрыяламі ці ўбачыць, як гэта працуе на ўроку, з дапамогай прымацаванага відэафрагмента, ці каб прайсці навучальны міні-курс ад аўтара метадычнага прадукту, самому навучыцца ствараць такія навучальныя рэсурсы і тут жа апрабаваць іх на “ІТ-вучнях”. Пакуль што гучыць фантастычна, але ўсё больш хуткі тэмп развіцця
ІТ-тэхналогій указвае на тое, што такая “нетраўматычная” для вучняў апрабацыя педагагічных інавацый не за гарамі.

Ужо, здаецца, усім зразумела, што нашу рэальнасць у поўнай меры вызначае прынцып “Навучанне на працягу ўсяго жыцця”. А для настаўніка гэтае сцвярджэнне асабліва актуальнае: каб быць эфектыўным і запатрабаваным у сучасных школьнікаў, ён павінен вучыцца кожны дзень і кожную гадзіну. Каштоўнасць інфармацыі сёння вызначаецца магчымасцю яе практычнага выкарыстання: мне ўжо мала проста нешта ведаць, я павінен разумець, навошта мне гэта ведаць, як я магу гэта выкарыстоўваць для нарошчвання свайго асабістага рэсурсу. “Настаўніцкая газета” павінна быць эфектыўным вучэбным інструментам для беларускіх настаўнікаў.