Педагогу-псіхолагу ва ўстанове дашкольнай адукацыі важна знайсці індывідуальны падыход да выхаванцаў і іх бацькоў, пракласці да кожнай сям’і сваю сцяжынку, заснаваную на даверы і ўзаемаразуменні, быць кампетэнтным у аказанні дапамогі кожнаму дзіцяці і любому члену сям’і.
Навучыцца навыкам пазітыўных зносін
Важна ведаць, як жывуць члены сям’і, пра што яны думаюць, што плануюць, як фарміруюць стыль выхавання дзіцяці. Неабходна высветліць, ці ёсць праблемы ў выхаванні дзіцяці, а калі бацькі справіліся з праблемамі самі, даведацца як.
У апытанні, праведзеным сярод бацькоў групы інтэграванага навучання і выхавання, таты і мамы адзначылі жаданне асвоіць навыкі пазітыўных зносін са сваімі дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Зыходзячы са сваёй практыкі, разумею, што калі “пачуць” своечасова запыт бацькоў, адгукнуцца на яго сэрцам, то аказаная псіхалагічная дапамога будзе шчырай і кваліфікаванай.
Я як педагог-псіхолаг установы дашкольнай адукацыі пастаянна самаўдасканальваюся ў рэалізацыі і пошуку найбольш эфектыўных форм узаемадзеяння з сем’ямі. У мяне ўзнікла ідэя стварыць дзіцяча-бацькоўскі клуб “Паспяховыя бацькі”. Сёння яго заняткі наведваюць бацькі разам з дзецьмі — выхаванцамі групы інтэграванага навучання і выхавання.
У рабоце выкарыстоўваю прынцыпы ўзаемадзеяння:
- падтрымліваць у дзіцяці яго пачуццё ўласнай годнасці і пазітыўны вобраз “Я”;
- гаварыць з бацькамі пра саму сітуацыю, пра ўчынак дзіцяці і прычыны паводзін, а не пра асобу і характар малога;
- заўважаць дынаміку ў асобасным росце дзіцяці, параўноўваючы яго поспехі да і пасля;
- ствараць сумесныя дзіцяча-бацькоўскія прадукты творчасці;
- падтрымліваць дзіця пахвалой, дапамагаць яму пераадольваць цяжкасці, матываваць на поспех.
Ад прывітання да рэфлексіі
Этапы правядзення дзіцяча-бацькоўскіх сустрэч клуба “Паспяховыя бацькі” дзіцячага сада № 6 Навагрудка лагічна ўзаемазвязаны, паступова ўскладняюцца і ўключаюць наступныя этапы.
- Прывітанне.
На гэтым этапе ўдзельнікі настройваюцца на работу з мэтай згуртавання, стварэння спрыяльнага псіхалагічнага клімату, падрыхтоўкі да работы ў камандзе.
Гульні “Мяне завуць…”, “Прывітанне”, “Знаёмства” і інш.
- Асноўная частка.
На гэтым этапе можа быць варыятыўнае выкарыстанне метадаў работы, сярод якіх — элементы трэнінгу, майстар-клас, дыскусія, дыялог, разыгрыванне ролевых сітуацый, псіхалагічныя гульні, вырашэнне праблемных сітуацый, творчыя заданні (складанне казкі разам, адгадванне загадак, маляванне сямейных талісманаў, складанне калажаў і інш.).
Кожны ўдзельнік можа падзяліцца сваім вопытам выхавання асаблівага дзіцяці, расказаць пра цяжкасці і перажыванні, з якімі сутыкнулася сям’я.
- У заключнай частцы псіхолаг атрымлівае зваротную сувязь ад удзельнікаў: “Маім адкрыццём сёння было”, “Маё дзіця сёння здзівіла…”, “Пажаданне… педагогу-псіхолагу” і інш.
Бацькі падчас выканання заданняў разважаюць па наступных алгарытмах: “Я сёння даведаўся новае пра сябе…”, “Маё дзіця сёння навучылася…”, “Яно ўмее…”, “Мы з дзіцем разам змаглі (выканалі)…”.
На гэтым этапе рэфлексія дзейнасці ўдзельнікаў здольна павысіць іх самаацэнку.
Планаванне далейшых тэматычных дзіцяча-бацькоўскіх сустрэч залежыць ад інтарэсаў бацькоў і неабходнасці сумеснага вырашэння праблем, якія ўзнікаюць у сем’ях. Сустрэчы маюць прафілактычную накіраванасць: іх мэты — прадухіленне насілля ў сям’і, канфліктаў, пераадоленне ўзроставых крызісаў дзіцяці, развіццё маўлення “негаворачых” дзяцей і інш.
Пагода ў доме
Некаторыя сустрэчы прымеркаваны да акцый, тэматычных тыдняў для бацькоў і дзяцей, якія праходзяць па гадавым плане.
Пра некаторыя з іх я раскажу. У рамках Тыдня бацькоўскай любові адбылася сустрэча “Пагода ў доме”. Інтэрактыўная гульня “Пагода ў доме”, псіхалагічная казка “Я не такі, як усе” чаргаваліся з музычнымі выступленнямі дзяцей і бацькоў. Сюрпрызным момантам сталі падарункі для мам і татаў — партрэты, паштоўкі, зробленыя рукамі дзяцей.
Падчас дзіцяча-бацькоўскай сустрэчы “Шлях даверу” ў групе інтэграванага навучання і выхавання быў “пабудаваны мосцік даверу”. Усе ўдзельнікі былі актыўнымі ў гульнях і заданнях (“Пахвала”, “Пазнай сваё дзіця”) і выканалі калектыўную творчую работу “Дрэва дружбы”.
Псіхалагічны трэнінг “Расцём разам з дзіцем” уключаў у сябе выкарыстанне гульняў, творчых заданняў, тэхнік арт-тэрапіі (гульнятэрапія, музыкатэрапія, тэрапія выяўленчым мастацтвам). Распрацаваны памяткі для бацькоў па ўзроставым развіцці і выхаванні дзіцяці, асаблівасцях развіцця яго маўлення.
На занятках “Вучымся правільна гаварыць” разыгрываліся тэатральныя сцэнкі па сюжэтах знаёмых казак, бацькі і дзеці сумесна прыдумвалі ўласныя казкі, вучыліся ўзаемадзейнічаць.
На практыкуме “Я+Я = дружная сям’я” выкарыстоўваліся прыёмы вырашэння праблемных сітуацый, тэрапія выяўленчым мастацтвам, гульнятэрапія. Прымяняліся вучэбныя элементы самамасажу ў парах “дзіця — бацькі”. Гульня-рэлаксацыя “Дожджык у лесе” з выкарыстаннем музыкатэрапіі паўплывала на настрой кожнага ўдзельніка, садзейнічала захаванню і ўмацаванню псіхалагічнага здароўя дзяцей і бацькоў. А прагляд тэматычнага відэароліка аб псіхалагічнай бяспецы дзіцяці дапоўніў уражанні аб сустрэчы.
Усе бацькі дзіцяча-бацькоўскага клуба “Паспяховыя бацькі” запрашаюцца і актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах тэматычных дзён, тыдняў, акцый. У рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Дом без насілля” яны атрымліваюць кансультацыі па тэмах “У вашых руках — асабістая бяспека дзяцей”, “Сям’я — не для насілля!”, даведваюцца аб прычынах, маркерах насілля ў сям’і, мерах яго прадухілення, вывучаюць актуальныя нарматыўныя дакументы па прававым выхаванні, прафілактыцы насілля.
Адкрыты мікрафон
Аб выніковасці работы клуба можна меркаваць па ацэнцы мерапрыемства ўдзельнікамі, выніках рэфлексіі, актыўнасці ўдзельнікаў падчас сустрэч: бацькі дэманстравалі сямейны вопыт, уласныя бацькоўскія ўстаноўкі выхавання дзіцяці ў сям’і. У анкетах адзначалася: “бацькі станоўча ацэньваюць мерапрыемствы клуба”, “тэматыка сустрэч выклікае цікавасць”, “даведаліся новую інфармацыю”, “навучыліся з дзіцем чуць адно аднаго”.
Я лічу работу клуба выніковай, таму што падчас сустрэч у дзіцяча-бацькоўскім клубе была наладжана зваротная сувязь з членамі сям’і. Каштоўным з’яўляецца набыццё бацькамі станоўчага вопыту ў выхаванні і развіцці дзіцяці, выкарыстанне бацькоўскіх установак, накіраваных на гарманізацыю сямейных адносін. Забяспечваецца магчымасць уключаць спецыялістаў (настаўніка-дэфектолага, музычнага кіраўніка, кіраўніка фізічнага выхавання) у гутаркі і кансультацыі, улічваючы інтарэсы бацькоў па выхаванні і развіцці дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Добра зарэкамендавала сябе ідэя выкарыстання фармату “Адкрыты мікрафон”, калі дзіця і бацькі выступаюць у ролі карэспандэнта, па чарзе мяняючыся ролямі, пры гэтым тэматыку выбіраюць самі ўдзельнікі. Спадабалася бацькам выкарыстанне лялек-эмоцый: свае праблемы агучвае лялька-сум, рашэнні прапануе лялька-радасць і г.д. Ёсць у нас і “Пошта даверу” ў форме паштовай скрыні, куды бацькі апускаюць канверты з ананімнымі пытаннямі. Прачытаўшы пытанні, педагог можа загадзя падрыхтаваць поўны адказ, вывучыць літаратуру, параіцца з калегамі.
Магу падзяліцца ўласнай формулай поспеху: “Станоўчы вопыт “як я магу” памножыць на паспяховы “вопыт іншых людзей” плюс вялікае жаданне “я хачу, каб…”, падзяліць вынік на суму “цярпення, мэтанакіраванасці і ўдачы”.
Бацькам дзіцяча-бацькоўскага клуба “Паспяховыя бацькі” раю выхоўваць дзіця сэрцам і душой, гэта самае галоўнае для паспяховага выхавання дзіцяці ў сям’і.
Ала ЖДАН,
педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 6 Навагрудка
Фота з сайта ўстановы адукацыі