Эфектыўныя і беражлівыя рашэнні — у педагагічным кейсе

- 10:42Якасць адукацыі

Як дапамагчы вучню ўключыцца ў работу на ўроку? Як яго разбуральную энергію ператварыць у стваральную?
Як творчую натуру не зламаць сістэмай штодзённага вучэбнага працэсу? І такіх “як?” у кожнага настаўніка многа. Знайсці рашэнне кожнаму з іх няпроста, бо ёсць рызыка аказацца ў педагагічным тупіку. Тут на дапамогу можа прыйсці вопыт калег і сучасныя педагагічныя тэхналогіі. Як гэта адбываецца на практыцы, можна было ўбачыць на рэспубліканскім фестывалі “Педагагічны кейс як адукацыйны рэсурс”, які на мінулым тыдні прайшоў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

І.Ю.Кавальчук.

У цэнтры ўвагі — адукацыйныя падзеі

Мэтавай аўдыторыяй семінара сталі ўдзельнікі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі рэфлексіўнай дыягностыкі прафесійнай дзейнасці як сродку праектавання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі педагога”, педагагічныя работнікі, якія ажыццяўляюць інавацыйную дзейнасць. Мэтай стала фарміраванне прафесійных кампетэнцый удзельнікаў інавацыйнай дзейнасці, якія прадугледжваюць гатоўнасць да прэзентацыі і распаўсюджвання інавацыйнага педагагічнага вопыту.

Інавацыйная педагагічная дзейнасць фарміруе новы светапогляд настаўніка. “Галоўнае ў такой дзейнасці тое, што фарміруецца інавацыйная псіхалогія, дзякуючы якой з’яўляюцца новыя ідэі”, — адзначыла  ў сваім прывітальным слове прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі доктар педагагічных навук Галіна Іванаўна Нікалаенка.

Свае ідэі па вырашэнні самых розных педагагічных сітуацый і прадэманстравалі ўдзельнікі семінара, якія ў межах інавацыйнага праекта прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе распрацовак педкейсаў. У АПА сабраліся самыя ідэйныя і лепшыя.

Метад кейсаў для прэзентацыі вынікаў сваёй інавацыйнай дзейнасці быў выбраны невыпадкова, бо, як адзначыла старшы выкладчык кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА кансультант інавацыйнага праекта Аксана Валянцінаўна Сурыкава, педагагічныя кейсы — гэта пражытыя і апісаныя непасрэднымі ўдзельнікамі адукацыйнай падзеі, рэфлексіўна асэнсаваныя з’явы і факты педагагічнай рэчаіснасці.

Педагагічны кейс уключае ў сябе:

– сітуацыю (выпадак), праблему, гісторыю;

– кантэкст сітуацыі — храналагічны, гістарычны;

– характарыстыку ўмоў, асаблівасцей дзеяння суб’ектаў сітуацыі;

– каментарый сітуацыі, прадастаўлены аўтарам;

– пытанні і заданні для работы з кейсам;

– дадаткі (артэфакты).

Педагагічны кейс спрыяе фарміраванню рэфлексіўнай культуры, якая, па словах Аксаны Валянцінаўны, складаецца са здольнасці пераасэнсоўваць і творча ператвараць стэрэатыпы свайго прафесійнага вопыту і сукупнасці спосабаў і стратэгій, якія забяспеч­ваюць усведамленне і вызваленне ад стэрэатыпаў непрадукцыйнага асобаснага вопыту і дзейнасці шляхам іх пераасэнсавання. Дзякуючы гэтаму, з’яўляюцца інавацыі, якія дапамагаюць пераадолець тыя праблемна-канфліктныя сітуацыі, якія ўзнікаюць у працэсе вырашэння практычных задач.

В.Г.Жураўлевіч.

“Маляваць — гэта як марыць, толькі на… ўроку!”

Удзельнікі фестывалю прадстаўлялі свае праблемныя сітуацыі і шляхі іх вырашэння ў відэакейсах. Напрыклад, у класе ёсць вельмі актыўная, яркая дзяўчынка, якая заўсёды хоча адказваць першай і дапамагаць іншым. Вучэбным матэрыялам яна валодае добра, але яе паводзіны бянтэжаць і аднакласнікаў, і педагога. Дзяўчынцы, напрыклад, камфортна сядзець на падлозе побач са сталом настаўніцы. Так яна можа працаваць вельмі прадукцыйна, прынамсі, з задачамі ўрока спраўляецца “на выдатна”. Узнікае пытанне: як яе ўключыць у работу класа, захапіць каманднай работай?

Прымусам такую праблему не вырашыш. Немагчыма прымусіць замаўчаць, калі ёй хочацца адказваць на пытанні (тым больш яна валодае зместам гаворкі), або пасадзіць за парту, бо на падлозе банальна нязручна. Гэтая дзяўчынка крэатыўная, эмацыянальная, паспявае рабіць вельмі многа спраў. Спачатку настаўніца прапанавала ёй сядзець побач з сабой за партай на працягу ўсяго ўрока. Так доўжылася некалькі заняткаў запар. Педагагічны кантроль у класе педагог пачала страчваць, бо астатнія вучні таксама захацелі такой персанальнай увагі. Існавала небяспека маніпуляцыі з боку навучэнцаў. Якое выйсце?

Гэтую гісторыю ў межах кейса “Ілжывая самастойнасць” расказала настаўніца біялогіі Бароў­скай сярэдняй школы Лепельскага раёна Алена Тухто. Найперш настаўніца правяла псіхолага-педагагічную дыягностыку вучаніцы, якая, з аднаго боку, паказала высокі ўзровень развіцця камунікатыўных і мысліцельных навыкаў, а з другога — недахоп канцэнтрацыі ўвагі, арганізатарскага навыку, адсутнасць умення працаваць у камандзе. У выніку Алена Аляксандраўна пачала ўключаць сваю вучаніцу ў групавую работу ў ролі эксперта, які спачатку ўсіх слухае, а пасля папраўляе ці пагаджаецца, а затым далучаць да даследчай дзейнасці і алімпіяднага руху. У прыватнасці, дзяўчынка можа лёгка падрыхтаваць выдатныя заданні для ўсяго класа.

Калега А.А.Тухто — настаўніца пачатковых класаў Бароўскай сярэдняй школы Алена Пятроўна Дакшаніна — прадстаўляла свой педагагічны кейс “А ў адказ — цішыня”, дзе расказвала пра дзіця, якое да вучэбнай дзейнасці праяўляла сітуацыйную цікавасць. Такому дзіцяці на ўроках сумна. Уклю­чыць яго ў вучэбны працэс Алене Пятроўне дапамагла стратэгія актыўнай ацэнкі, дзе вялікая ўвага ўдзяляецца зваротнай сувязі, якая і ажывіла стаўленне вучаніцы да вучобы. Акрамя таго, адносіны да адзнакі, якія фарміруюцца пры прымяненні актыўнай ацэнкі, зніжаюць узровень віны і страху ў дзяцей, што таксама спрыяе павышэнню цікавасці да вучобы.

Яшчэ адну нетыповую сітуацыю ў сваім педкейсе “Маляваць — гэта як марыць, толькі на… ўроку!” прадэманстравала настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 12 Пінска Іна Юр’еўна Кавальчук. Настаўніца ў адным са сваіх класаў сутыкнулася са спакойнай і ўраўнаважанай дзяўчынай, якая вельмі любіць маля­ваць. Яна — паспяховая вучаніца ў мастацкай школе, малюе выдатныя карціны. Але ж на школьным уроку неабходна ўключацца ў іншую вучэбную дзей­насць: слу­хаць настаўніка, адказваць на пытанні, выконваць заданні — быць актыўным і ініцыя­тыўным удзель­нікам вучэбнага працэсу. Дзяўчына ж, седзячы на ўроках, толькі малявала. Яна не магла працаваць у камандзе, тым самым раздражняла сваіх аднакласнікаў. Яе сярэдні бал па біялогіі быў 5,5.

Спачатку Іна Юр’еўна спрабавала проста паразмаўляць з навучэнкай, патлумачыць, што такое стаўленне да вучобы не дасць ёй магчымасці развівацца далей. Потым педагог пачала забіраць сшытак з малюнкамі, каб пераключыць увагу дзяўчыны. Але ўнутраная патрэба ўспрымаць тое, што адбываецца навокал, праз малюнкі перасільвала. Тады Іна Юр’еўна звярнулася да школьнага псіхолага, якая правяла дыягностыку і паведаміла: дзяўчына думае вобразамі-малюнкамі. Існуе такі від успрымання і перадачы інфармацыі. Тады настаўніца прапанавала вучаніцы маляваць біялогію.

Існуе тэхніка хуткаснага малюнка — скетчынг. Іна Юр’еўна, як гаворыцца, перакапала ўвесь інтэрнэт, каб даведацца пра такую тэхніку і магчымасці яе прымянення ў адукацыйным працэсе. Скетчынг — з англіскай sketch  — “эскіз, накід, замалёўка”. Такі хуткі малюнак дазваляе захаваць на паперы нейкую ідэю, стварыць простую кампазіцыю або перадаць свае эмоцыі. На прафесійнай мове скетчынг — гэта эфектны дызайнерскі малюнак, звычайна робіцца маркерамі. З-за таго, што ён робіцца хутка, мастак можа перадаць розныя аб’екты і месцы ў спрошчаным (схематычным) варыянце.

Скетчынг можа стаць свое­асаблівым спосабам наладжвання зносін у камандзе, чым і скарысталася Іна Юр’еўна. У выніку яна дапамагла сваёй вучаніцы ўключыцца ў вучэбны працэс, стаць паўнавартасным членам класнага калектыву і пастаянным удзельнікам каманднай работы над праектамі. Цяпер яна робіць лэпбукі, а яе агульны бал па біялогіі павысіўся да 8.

Мадэратары фестывалю Т.Ф.Пашковіч, А.У.Радзевіч і І.В.Фёдараў.

Лайфхакі для перавароту

Усяго на фестывалі было прадстаўлена 15 педкейсаў. Акрамя згаданых, свае шляхі вырашэння педагагічных праблем прадстаўлялі настаўнікі сярэдняй школы № 24 Брэста, гімназіі Жыткавіч імя А.А.Ліхоты, Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна, гімназіі № 1 Салігорска, сярэдніх школ № 52 Гомеля, № 16 Ліды, № 6 Мінска.

Акрамя разгляду пэўных сітуацый, прапаноўваліся і свое­асаблівыя лайфхакі. Напрыклад, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Салігорска Вольга Георгіеўна Жураўлевіч у сваім кейсе “Лайфхакі для перавароту” расказала, як хутка і эфектыўна можна перайсці да перавернутых урокаў, і адзначыла, як гэтая тэхналогія дапамагае фарміраваць у вучняў па­трэбныя сёння кампетэнцыі. Перавернутае навучанне, па меркаванні настаўніцы, дапамагае справіцца са многімі праблемнымі пытаннямі, якія могуць узнікаць у класе.

Яе калега — настаўніца рускай мовы і літаратуры першай гімназіі Салігорска Вольга Аркадзьеўна Герасімовіч — з дапамогай кейса “Фізікі і лірыкі” падзялілася сваім вопытам далучэння старшакласнікаў (фізікаў, матэматыкаў, інфарматыкаў) да літаратуры. Каб заахвоціць такіх вучняў да чытання, трэба задаваць правакацыйныя пытанні. Менавіта такія пытанні дапамагаюць Вользе Аркадзьеўне пераканаць сваіх навучэнцаў у карыснасці літаратуры. Для замацавання эфекту яна на ўроках часта звяртаецца да групавой формы работы, метаду “Ланцужок”, тэхналогіі асобасна арыентаванага навучання.

Як заўважыла Аксана Валянцінаўна Сурыкава, кожны кейс утрымлівае ў сабе магутны жыццесцвярджальны патэнцыял, які адлюстроўвае сапраўдныя каштоўнасці гуманнай педагогікі, нясе натхненне і творчы імпульс. “Кожны кейс — гэта таленавітыя педагогі, прафесіяналы, неардынарныя асобы. Невялікія фрагменты з жыцця класа складваюцца ў цэласную карціну педагагічнай дзейнасці. Тут кожны момант працы настаўніка напоўнены складаным пошукам эфектыўных і беражлівых рашэнняў, якія дазваляюць вучню станавіцца самім сабой, набываць упэўненасць і адчуванне асабістай годнасці, адчуваць радасць ад пазнання і ганарыцца сваімі дасягненнямі”, — падкрэсліла А.В.Сурыкава.

На мадэратараў фестывалю была ўскладзена няпростая задача — выбраць лепшы з лепшых кейсаў. Пасля абмеркавання начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА Іван Віктаравіч Фёдараў, яго намесніца Таццяна Фадзе­еўна Пашковіч, начальнік цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі АПА Алена Уладзіміраўна Радзевіч і Аксана Валянцінаўна Сурыкава абвясцілі пераможцу. Ёй стала настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 12 Пінска Іна Юр’еўна Кавальчук. Віншуем!

Яе педагагічны кейс быў той адукацыйнай з’явай, асабістай і прафесійнай гісторыяй, якая прадэманстравала глыбокі псіхалагізм узаемаадносін паміж настаўнікам і вучнем. Усе прадстаўленыя педкейсы сведчаць пра тое, што любы праблемны вучань можа стаць паспяховым. Тут многае залежыць ад настаўніка, яго жадання выра­шыць складаную і неардынарную педагагічную праблему. Рэфлексія праблемнай сітуацыі, апісанай у кейсе, запускае працэс генерацыі шматлікіх варыянтаў яе вырашэння, абуджае педагагічную думку, натхняе на творчасць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.