Эфектыўныя і паспяховыя

На Брэстчыне вызначылі лепшага дырэктара ўстановы прафесійнай адукацыі. Арганізатарамі абласнога конкурсу, у якім удзельнічалі кіраўнікі 22 ПТНУ і ССНУ, выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі пры падтрымцы галіновых прафсаюзаў.

Фіналісты конкурсу.

— Конкурс праводзіўся з мэтай павышэння эфектыўнасці кіраўніцкай дзейнасці дырэктараў устаноў прафесійнай адукацыі, — расказаў старшыня журы конкурсу першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама А.Ф.Жук. — Спаборніцтва — добрая магчымасць для развіцця творчых і прафесійных кампетэнцый кіраўнікоў, выяўлення і распаўсюджвання эфектыўнага кіраўніцкага вопыту, фарміравання пазітыўнага іміджу кіраўнікоў.

Конкурс праводзіўся пад дэвізам “Эфектыўнае кіраванне — гарантыя якасці адукацыі” і складаўся з двух этапаў — завочнага і вочнага. Удзельнікі першага этапу рыхтавалі выніковыя матэрыялы абласнога конкурсу на лепшую ўстанову прафесійнай адукацыі, стваралі відэаролікі на тэму “Мая малая радзіма” і афармлялі паспяховы кіраўніцкі вопыт у выглядзе партфоліа. Пераможцамі завочнага этапу сталі Святлана Уладзіміраўна Шышына з Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сфе­ры абслугоўвання, Аляксандр Пят­ро­віч Юшчук з Кобрынскага дзяр­жаў­нага політэхнічнага каледжа, Васіль Васіль­евіч Нагурны з абласно­га аграрна-вытворчага прафесій­нага ліцэя Драгічына, Мікалай Віктаравіч Новак з Пінскага дзяржаўнага ПТК лёгкай прамысловасці і Сяргей Фёдаравіч Палхоўскі з Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання. Гэтыя кіраўнікі сустрэліся ў заключным этапе конкурсу, які прахо­дзіў у Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі. Фіналісты рыхтавалі візітоўкі сваіх устаноў, паказвалі майстар-класы па розных рабочых прафесіях, выступалі ў ролі мастакоў, складалі з прапанаваных фраз вершы аб прафесійнай адукацыі, спаборнічалі ў веданні мелодый, удзельнічалі ў інтэлектуальным шоу, імправізавалі ў пэўных жыццёвых сітуацыях і вызначалі лепшага капітана КВЗ.

— Стратэгія развіцця каледжа і майго самаразвіцця як кіраўніка распрацоўваецца з улікам інтарэсаў навучэнцаў, іх бацькоў, педагогаў і заказчыкаў кадраў. План дзейнасці павінен быць значным не толькі для ўстановы ў цэлым, але і для кожнага члена навучэнскага і педагагічнага калектыву, — лічыць С.У.Шышына.

— Паспяховы кіраўнік павінен глядзець наперад і бачыць канкрэтныя мэты сваёй работы, прымаць правільныя рашэнні, не баяцца вялікай нагрузкі і адказнасці, дзейнічаць рашуча і заўсёды завяршаць справу перамогай. Эфектыўны кіраўнік вызначае высокія ўнутраныя стандарты прафесійнай дзейнасці і чакае таго ж ад падначаленых, — лічыць А.П.Юшчук.

— Практыка паказвае, што поспехі і няўдачы залежаць найперш ад кіраўніка. Галоўнае ў яго рабоце — умела ўплываць на падзеі і працэсы адукацыйнага працэсу, мабілізуючы калектыў на высокія вынікі. А калі да гэтага дадаць любоў да справы і жаданне зрабіць установу яшчэ лепшай — поспех абавязкова прыйдзе, — упэўнены В.В.Нагурны.

— Толькі той чалавек шчаслівы, які займаецца любімай справай. Я шчаслівы, бо знайшоў яе і прысвяціў ёй жыццё, — прызнаецца М.В.Новак.

— Асноўная мэта маёй работы — прафесійнае станаўленне і развіццё калектыву, паспяховае авалоданне навучэнцамі неабходнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, задавальненне патрэб грамадства і дзяржавы ў кваліфікаваных кадрах, — гаворыць С.Ф.Палхоўскі.

Па выніках усіх конкурсных выпрабаванняў лепшым дырэктарам стала С.У.Шышына з Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання. На 2-м месцы — В.В.Нагурны з абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына, на 3-м — А.П.Юшчук з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага кале­джа. Педагагічны стаж пераможцаў конкурсу — 39, 41 і 18 гадоў адпаведна. Фіналісты атрымалі грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі.

— У сістэме прафесійнай адукацыі Брэстчыны шмат таленавітых кіраўнікоў, здольных з дапамогай сваіх калектываў паспяхова вырашац­ь актуальныя задачы не толькі сённяшняга, але і заўтрашняга дня, — адзначыў А.Ф.Жук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.