Эх, яблычак, ды сікораўскі…

- 15:07Родная земля, Рознае

Кожны чалавек, як вядома, павінен пасадзіць за сваё жыццё хаця б адно дрэва. Клён, дуб, бярозу, таполю, можна нават елку або сасну, але абавязкова і ў першую чаргу яблыню — сімвал дабрабыту, урадлівасці, здароўя, любові, прыгажосці. Чаму менавіта яе, а не, скажам, стройную бярозу або дуба-асілка? Пра гэта нам раскажуць у Шаркаўшчынскім раёне, на радзіме знакамітага садавода-селекцыянера Івана Паўлавіча Сікоры.

Лаўка, яблынька, цянёк…

Сучасныя гіпермаркеты і прадуктовыя рынкі — нібыта заморскія сады, дзе бананы, ананасы, ківі, гранаты, апельсіны, персікі так прывабліва жаўцеюць, чырванеюць, зелянеюць, што, здаецца, скупіў бы ўсё і адразу, а потым цэлы дзень сядзеў на канапе і не спяшаючыся смакаваў гэты фруктовы скарб. І ўсё ж ніякі гіпермаркет з яго стракатымі прылаўкамі, пастаяннымі скідкамі, акцыямі не параўнаецца з прыгажосцю і ўтульнасцю беларускага яблыневага саду. “Лаўка, яблынька, цянёк у спякотны летні дзянёк; ветрык, промень праз лістоту…” Карацей, пра адпачынак у яблыневым садзе можна нават складаць вершы. А можна і прыпеўкі ў стылі знакамітага “Яблычка”: “Эх, яблычак, ты мой смачненькі, я цябе зараз з’ем, буду ўдзячненькі!” А вось пра славуты марозаўстойлівы гатунак “Памяць Сікоры” можна праспяваць так: “Эх, яблычак, ды сікораўскі, праляжыш ты да вясны… Ой, няма табе цаны!”

Яблыкі з брусніцамі

Яблык — гэта не толькі карысныя для нашага арганізма мікраэлементы, смачныя кампоты, сокі, шарлоткі, пірагі, варэнне. Гэта яшчэ і своеасаблівы магніт, здольны прыцягваць турыстаў, павышаць, так бы мовіць, турыстычны патэнцыял рэгіёна. Менавіта такой чароўнай уласцівасцю валодаюць яблыкі, што растуць у садах руплівых шаркаўшчынскіх гаспадароў. Хаця знешне яны нічым асаблівым не вылучаюцца. Такія ж кругленькія, такія ж чырвона-зялёныя, як і ў іншых куточках нашай краіны. Значыць, ёсць нейкія сакрэты шаркаўшчынскай яблычнай прыцягальнасці.
Самы галоўны — гэта вынікі шматгадовай працы Івана Паўлавіча Сікоры, які на невялікім па плошчы садзе вывеў вялікую колькасць гатункаў яблыкаў, атрымаў званне заслужанага агранома БССР і праславіў на ўвесь былы Саюз сваю радзіму — вёску Малыя Алашкі. Яшчэ адзін сакрэт — актыўная распрацоўка турыстычнага брэнда раёна, якім, як не цяжка здагадацца, выбраны яблык. Цяпер ён красуецца не толькі ў садах. Вялікі, амаль з чалавечы рост зялёны яблык паважна разлёгся ў цэнтральным скверы Шаркаўшчыны каля будынка райвыканкама. А вось каля ганка другой шаркаўшчынскай школы настаўнікаў і вучняў вітае ўжо дружная яблычная сямейка: тата- або мама-яблык і чатыры яблыкі-сыночкі (а можа, і яблыкі-дочкі). Безумоўна, калі б герб Шаркаўшчыны ствараўся не дзесяць гадоў назад, а цяпер, то побач з брусніцамі на срэбраным полі іспанскага шчыта прыгажэлі б і выявы яблыкаў. Наогул, яблыкі і брусніцы — гэта не толькі смачны кампот, варэнне, але і галоўныя сімвалы Шаркаўшчынскага краю.

У аб’ектыве — яблыкі

Асабліва актыўна распрацоўкай турыстычнага брэнда займаюцца педагогі і навучэнцы. Як паведаміла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шаркаўшчынскага райвыканкама Наталля Анатольеўна Арэшкава, з мінулага навучальнага года ў раёне праводзіцца доўгатэрміновы конкурс “Яблык”, накіраваны на пошук мастацкага адлюстравання турыстычнага брэнда, развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў. Першы этап конкурсу праводзіўся са студзеня па чэрвень ў намінацыях “Творчы праект” і “Фотаконкурс”. Удзельнікі конкурсу прысвяцілі галоўнаму сімвалу краю вершы, песні, прыпеўкі, казкі, легенды, прымаўкі, малюнкі, тэматычныя вырабы з рознага матэрыялу. Дзяліліся школьнікі з членамі журы і сваімі ідэямі адносна правядзення раённага свята “Светлы Яблычны Спас — сікораўскай душы часцінка”. У намінацыі “Фотаконкурс” былі прадстаўлены арыгінальныя фотапартрэты яблыкаў, відэазамалёўкі з жыцця турыстычнага брэнда.
Удзел у конкурсе прынялі ўсе ўстановы адукацыі раёна. Выстава найлепшых работ была адкрыта ў мінулую суботу ў мемарыяльным доме Івана Паўлавіча. Удзельнікі свята “Светлы Яблычны Спас — сікораўскай душы часцінка” маглі азнаёміцца з вязанымі (створаны навучэнцамі Германавіцкай сярэдняй школы), папяровымі (Лонскага дзіцячага сада — базавай школы) яблыкамі і поўным кошыкам штучных яблыкаў (Більдзюжскай сярэдняй школы). Сярод актыўных удзельнікаў конкурсу і сярэдняя школа № 2 Шаркаўшчыны, а таксама Лужкаўская сярэдняя школа, дзе выхоўваць у навучэнцаў працавітасць, павагу да роднага краю педагогам дапамагаюць… яблыкі, прычым беларускіх гатункаў, многія з якіх былі выведзены Сікорам.

Яблыкі ў дапамогу

Цэнтрам такой выхаваўчай работы з’яўляецца пладовы сад. Знайсці яго вельмі проста: на тэрыторыі школы некалькі паказальнікаў. Ды і ў самім садзе, нягледзячы на вялікую плошчу і разнастайнасць гатункаў пасаджаных там яблынь і груш, лёгка арыентавацца. Адпаведныя шыльдачкі інфармуюць аб тым, дзе расце “Весяліна”, дзе красуецца прыгажуня “Алеся”, дзе можна сустрэцца з “Асілкам”, дзе пакаштаваць “Беларускую салодкую”. Усяго ў садзе каля 240 яблынь і 20 грушавых дрэў. Значная іх частка была прывезена з лепельскага гадавальніка ў 2008 годзе. Праз два гады з алашкаўкага саду Сікоры лужкаўскім садаводам-аматарам было падорана яшчэ 80 яблынь, якія ў лістападзе 2010 года пасадзілі навучэнцы 11 класа, каб праз многія гады прыйсці ў сад, пакаштаваць смачных яблыкаў і ў цяні дрэўцаў узгадаць свае школьныя гады.
Пасадзіць дрэўцы — гэта адна справа, прычым самая лёгкая, а зусім іншая — даглядаць іх, рабіць усё магчымае, каб дрэўцы прыжыліся. Галоўнае — рабіць гэта з любоўю, бо дрэвы адчуваюць, як да іх ставіцца чалавек. Нярэдка і ў снег, і ў слоту настаўнікі на чале з дырэктарам школы Ларысай Віктараўнай Гаранінай узбройваліся нажоўкамі і адпраўляліся пасля ўрокаў абразаць галінкі, залечваць ранкі ў дрэўцаў. Рэгулярная праполка, абразанне, абвязванне на зіму — без гэтых клопатаў немагчыма сфарміраваць сад, дабіцца таго, каб кожную вясну ён радаваў незлічонай колькасцю бела-ружовых кветачак, якія напярэдадні Яблычнага Спасу ператвараюцца ў такую ж незлічоную колькасць чырвоных, зялёных, з жоўтым адлівам і асаблівым смакам яблыкаў.
— Вялікую дапамогу ў доглядзе за садам нам аказаў родзіч Івана Паўлавіча Алег Іосіфавіч Сікора. Па спецыяльнасці ён тэхнік, аднак садаводчая сікораўская кроў у яго пастаянна бурліць. Ён лічыцца лепшым садаводам-аматарам у раёне, — дзеліцца Ларыса Віктараўна. — Наш сад ужо сфарміраваны і дае добры ўраджай. Канечне, ён яшчэ малады, і вырашчаных яблыкаў хапае толькі для арганізацыі школьнага харчавання. Пазабюджэтныя сродкі мы зарабляем нарыхтоўкай яблыкаў на тэрыторыі мясцовай гаспадаркі “Гарадзец”, якая прадастаўляе нам у арэнду свой яблыневы сад. Так у мінулым годзе мы здалі 25 тон яблыкаў, за што атрымалі 21 мільён рублёў, за якія адрамантавалі актавую залу, набылі цяпліцу для памідораў.
Праца ў яблыневым садзе — гэта толькі частка работы, якая праводзіцца ў пазаўрочны час лужкаўскімі настаўнікамі і вучнямі. На тэрыторыі школы разбіты дэндрарый з экзатычнымі раслінамі, шмат клумб, ягаднік, у якім налічваецца больш за 100 кустоў парэчак. Нядзіўна, што Лужкаўская сярэдняя школа рэгулярна займае прызавыя месцы на розных конкурсах. А ў самой школе рэгулярна праводзяцца раённыя, абласныя, рэспубліканскія семінары, дзе гасцей абавязкова частуюць яблыкамі, а таксама грушамі — усім тым, чым шчодра адорвае кожную восень сваіх гаспадароў школьны сад.

З яблыкам па жыцці

У Лужках, безумоўна, прыгожыя смачныя яблыкі. Аднак сапраўдны турыстычны брэнд раёна расце кіламетраў за 50 ад Лужкоў, у вёсцы Вялікія Алашкі, на радзіме Івана Паўлавіча Сікоры. Нягледзячы на тое, што Іван Паўлавіч даўно пайшоў ад нас, памяць пра яго, традыцыі яго працы беражліва захоўваюцца землякамі. Яго ўзгадваюць як руплівага гаспадара, працавітага, чулага і ў той жа час патрабавальнага чалавека. Асабліва яскрава пра гэта ў сваім дзённіку піша дачка Івана Паўлавіча Лідзія Іванаўна Сікора. Іван Паўлавіч вельмі цаніў час. Ён часта гаварыў сваім вучням, што страчаную рэч можна знайсці, а марна страчаны час вярнуць нельга. Акрамя працы, любіў песні, вершы, найгрышы. Аднак асаблівая любоў была да кніг. Усіх здзіўляла яго багатая дамашняя бібліятэка, на якую ён нярэдка траціў амаль увесь свой заробак. Садавод-самавучка, свой вялікі вопыт ён набыў дзякуючы нястомнай працы, праз уласныя спробы і памылкі. Ён перапісваўся са знакамітымі вучонымі, пісьменнікамі. Гэта адыграла ў яго жыцці вялікую ролю. Асабліва каштоўным для садавода быў партрэт Льва Мікалаевіча Талстога, які Івану Паўлавічу пісьменнік падпісаў і даслаў асабіста.
Пра тое, як Сікора будаваў свой дом, як вазіў з лесу бярвёны, расказала Ада Эльеўна Райчонак, якая ў 18 гадоў прыйшла працаваць у Слабадскую сярэднюю школу піянерважатай. Жанчына прызналася, што прыходзіла на падворак свайго старэйшага калегі як у казку — столькі тут расло прыгожых кветак. Жанчына не магла змірыцца з тым, што пасля смерці Івана Паўлавіча і яго жонкі дом пуставаў і мог быць знесены, таму яна яго выкупіла. Менавіта дзякуючы ініцыятыве Ады Эльеўны і прайшло ў мінулую суботу ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага дома.
— Пра тое, якую ролю адыграў Іван Паўлавіч у жыцці Слабадской сярэдняй школы, можна гаварыць бясконца. Пачаць варта з таго, што да вайны ён быў яе дырэктарам, вёў біялогію. Падчас маёй працы ў школе яго сын Віктар Іванавіч Сікора выкладаў спецыяльны прадмет “Садаводства і агародніцтва”, які ў вучняў быў адным з любімых. Іван Паўлавіч часта наведваў нашу школу. Памятаю, як ён прысутнічаў і на маім апошнім званку. Мы доўга рэпеціравалі святочны канцэрт, хваляваліся, намагаліся, каб наша выступленне спадабалася дарагому госцю. Калі вучні ўспамінаюць Івана Паўлавіча як настаўніка, дырэктара, то абавязкова гавораць, што ён быў патрабавальным, цікавым субяседнікам, чалавекам энцыклапедычных ведаў. Ад вясны да зімы праводзіў шмат экскурсій па сваім садзе. Гаспадар сустракаў нас у вышыванай падпяразанай кашулі і звычайных тапачках, у якіх яму было зручна хадзіць. У садзе зямлі было нямнога, але кожны яе кавалачак быў дагледжаны, скарыстаны для пэўнай расліны. Пра кожную з іх Іван Паўлавіч мог расказваць гадзінамі. А на падворку яго дома расла высокая яблынька, і на ёй былі прывіты 10 гатункаў яблыкаў. На гэтае дрэўца мы глядзелі як на дзіва. Яно і цяпер расце каля дома, — узгадвае былы дырэктар Слабадской сярэдняй школы Галіна Іванаўна Сікора.
Па словах пляменніцы садавода, у памяць пра яе дзядзьку настаўніца біялогіі Праскоўя Іванаўна Сікора заклала каля Слабадской школы разам з вучнямі ўнікальны дэндрарый. Дзякуючы намаганням настаўнікаў быў адкрыты і мемарыяльны музей. Пасля таго як школа закрылася, экспазіцыю перанеслі ў дом суседзяў Івана Паўлавіча. Менавіта тут да сённяшняга часу і знаходзіцца, як сведчыць упрыгожаная адмысловай разьбой драўляная шыльда, музей садавода-селекцыянера І.П.Сікоры. Шматлікія экспанаты расказваюць пра насычанае і цікавае жыццё Івана Паўлавіча, пра тое, як ён, просты хлопец са шматдзетнай сялянскай сям’і, толькі дзякуючы сумленнай працы праславіў сваё імя і бацькоўскі край. Калі будзеце ў Шаркаўшчынскім краі, абавязкова наведайце Вялікія Алашкі. Тут у сваім яшчэ маладым садзе вас дзівосным чынам суст-рэне ў вышыванай кашулі Іван Паўлавіч, з любоўю, не спяшаючыся раскажа пра кожнае дрэўца і, канечне, пачастуе яго смачнымі пладамі. Якім чынам адбудзецца гэтая сустрэча? Прыязджайце — даведаецеся.

Свята з яблычным смакам

У мінулую суботу на радзіме Івана Паўлавіча было надзвычай урачыста: у Вялікіх Алашках праходзіла раённае свята “Светлы Яблычны Спас — сікораўскай душы часцінка”, якое ў наступныя гады плануецца вывесці на абласны, рэспубліканскі і нават міжнародны ўзровень. Алашкаўская ўрачыстасць была, безумоўна, з яблачным смакам. Яблычныя пірагі, гліняныя яблыкі, яблыкі з саломкі, яблычныя конкурсы і, канечне, поўныя кошыкі свежых яблыкаў. Яблыкі тут былі паўсюль. А незвычайны яблык-гаспадар нават паціскаў кожнаму руку. Асабліва радаваліся такой сустрэчы дзеці, якія вадзілі з яблыкам карагоды, фатаграфаваліся і ўсё ніяк не маглі зразумець, як гэта акцёру ўдалося ўсцягнуць на сябе вялікі касцюм і як у гэтым адзенні можна ўсё бачыць. Пра традыцыі правядзення свята на ўрачыстым адкрыцці, якое праходзіла на гасцінным двары яблыка, паведаміў старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч:
— Брэндам нашага раёна з’яўляецца яблык, і гэта нездарма, бо вясной наш край патанае ў квецені садоў, а восенню мы збіраем багаты ўраджай сакавітых і смачных пладоў. З даўніх часоў кожны гаспадар імкнецца абавязкова пасадзіць каля свайго дома яблыню або цэлы сад. Так стала і з нашым земляком заслужаным аграномам БССР Іванам Паўлавічам Сікорам. На невялікім кавалку зямлі Іван Паўлавіч заснаваў унікальны сад, уклаў у яго сваю душу і энергію. Вельмі радуе, што межы свята пашыраюцца. Кожнаму жадаю любові і шчасця з яблычным смакам!

Яблычны Спас — яблыкаў час

“Прыйшоў Спас — і лета ад нас”, “Спас усяго прыпас”, “Хто ў жніўні гуляе, той зімой галадае”… Менавіта такімі выслоўямі сустракалі ўдзельнікаў свята стракатыя стэнды. Сапраўды, пасля Яблычнага Спасу лета паступова адыходзіць ад нас. Аднак сёлета яно літаральна збегла. У мінулую суботу яшчэ было цёпла і сонечна, а ўжо ў нядзелю, калі на календары значылася 24 жніўня, на вуліцы панаваў дажджлівы верасень. Канечне, гаварыць “бывай” любімаму і доўгачаканаму лету заўсёды сумна, аднак, каб унесці ноткі пазітыву ў гэтае развітанне, кожны год прырода ўпрыгожвае нашы сады россыпам рознакаляровых яблыкаў. Прыходзіць Яблычны Спас, а разам з ім настае і яблыкаў час.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва Лужкаўскай сярэдняй школы.