Экалагічна, сучасна

Зразумела, што ў Студэнцкай вёсцы ў Мінску шматлюдна заўсёды: тут многа інтэрнатаў розных сталічных УВА, а таксама вучэбныя карпусы БДМУ. Але з раніцы ў суботу на пляцоўках ля інтэрнатаў сабраліся не толькі студэнты. Каля інтэрната № 18 Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта працавалі таксама супрацоўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, самога БНТУ, іншых устаноў, якія прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку.

— Як бачыце, тут будзе велапаркоўка, распрацаваная дэканам і студэнтамі архітэктурнага факультэта БНТУ. Яна паказальная, гэтая тэма, напэўна, будзе цікавая і для іншых інтэрнатаў, — лічыць міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка, які таксама працаваў на будаўніцтве паркоўкі. — Калі я сустракаўся са студэнтамі ў вёсцы, яны ўзнімалі гэтае пытанне. Гаварылі і пра альтанку, пляцоўку для мангала — БНТУ і такаое таксама распрацаваў. Калі гэта прыжываецца, у далейшым сіламі студэнтаў, супрацоўнікаў універсітэта будзем праводзіць такую работу, добраўпарадкоўваць Студэнцкую вёску. Сэрца радуецца, калі штосьці зрабіў сваімі рукамі, пакінуў, добраўпарадкаваў тэрыторыю, якой гэта было патрэбна.

У Беларусі заўсёды агульнымі намаганнямі вырашалі  пэўныя задачы, перакананы міністр, напрыклад, у вёсках талакой будавалі жыллё для маладажонаў. Вось і на Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі былі праекты, у якіх навучэнцы прапаноўвалі паса­дзіць 75 дрэў у гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі або столькі дрэў, колькі вёсак знікла з карты Беларусі з-за Чарнобыльскай трагедыі, і назваць кожнае дрэва па назве вёскі, якой больш няма.

Падрабязней аб праекце, над увасабленнем у жыццё якога працавалі і міністр адукацыі, і выкладчыкі ўніверсітэта, і студэнты, расказаў дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ доктар архітэктуры Армен Сяргеевіч Сардараў. Ён, дарэчы, не толькі кіраваў праектам, але ў дзень суботніка і сам шчыраваў на гэтым аб’екце.

— Мы імкнёмся да таго, каб нашы студэнты адчувалі, што яны неабходныя, карысныя. Калі даём ім праекты, хочам, каб маладыя людзі зразумелі, што яны не проста вучацца, а здольны штосьці зрабіць для свайго горада, сваіх калег, — гаворыць А.С.Сардараў. — Часткова гэта былі курсавыя, дыпломныя праекты, бывае, мы робім гэта ў выглядзе конкурсаў. А сёння сумесная работа таксама стварае адчуванне агульнасці нашых мэт і задач. Што да велапаркоўкі, то варта ўзгадаць: мы ўсе сёння стаім перад мноствам экалагічных праблем, адна з якіх вырашаецца тым, што лю­дзі перахо­дзяць на гэты від транспарту — веласіпед. А раз веласіпед экалагічны, трэба дапамагаць яго выкарыстанню, ствараць такія велагаражы побач з жыллём. Я сам веласіпедыст, лічу, што гэта ўсё цудоўна.

Рэктар БНТУ Сяргей Ва­сільевіч Харытончык расказаў, што суботнік ва ўніверсітэце — гэта не толькі работа ў студэнцкай вёсцы, дзе студэнты і супрацоўнікі працуюць не ўпершыню, але і на іншых пляцоўках універсітэта, 9-ці каледжаў, санаторыя-прафілакторыя, ліцэя, студгарадка ва Уруччы.

А ў Студэнцкай вёсцы студэнты, выкладчыкі БНТУ, БДУІР, супрацоўнікі Нацыя­нальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, іншыя добраўпарадкоўвалі тэрыторыю і каля інтэрната № 18, і каля іншых пабудоў, новую зону барбекю, збіралі лісце.

І, канечне, шмат чаго было зроблена не толькі ў Студэнцкай вёсцы, не толькі ў Мінску. Як расказаў міністр адукацыі І.В.Карпенка, ва ўсіх навучальных установах Беларусі (а іх каля 8 тысяч, усяго прыкладна 460 тысяч су­працоўнікаў) прайшлі суботнікі — дзесьці на працоўных месцах, дзесьці з выездам. Так было і ў Міністэр­стве адукацыі, апарат якога — гэта каля 100 чалавек — сабраў больш за 2,5 тысячы рублёў у фонд суботніка. У цэлым па сістэме адукацыі запланавана пералічыць у гэты фонд больш за мільён рублёў. Частка грошай пойдзе на набыццё вакцын, медыцынскага абста­лявання, а другая палова застанецца ў мясцовых органах улады на добраўпарадкаванне гісторыка-культурных помнікаў, у тым ліку помнікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.