Экалагічнае выхаванне і інжынерны профіль: на чым робяць акцэнт педагогі Быхаўшчыны

- 14:04Репортаж

Выхаванцы дзіцячага сада № 1 Быхава ведаюць, колькі намаганняў трэба прыкласці, каб вырасціць саджанец. Беражлівым адносінам да прыроды дзеці вучацца ў дашкольным лясніцтве “Дубавічок”.

Дзіцячы сад прадстаўнікі “Настаўніцкай газеты” наведалі падчас чарговай камандзіроўкі, дзе знаёміліся з вопытам работы ўстаноў адукацыі Быхаўскага раёна. Першае, на што звярнулі ўвагу журналіс­ты, — па-гаспадарску дагледжаная тэрыторыя. Без каментарыяў зразумела, што тут працуюць неабыякавыя людзі. І сваім маленькім выхаванцам яны таксама імк­нуцца прывіць такі ж падыход да жыцця, навучыць іх беражлівым адносінам да навакольнага асяроддзя.

— Тут мы сёлета заклалі свой дэндрапарк. Разам з малышамі пасадзілі некалькі дзясяткаў са­джанцаў розных відаў дрэў, — пачала экскурсію для гасцей загадчыца сада Маргарыта Баркова. — Крыху далей — доследны ўчастак, дзе дашкаляты вырошчвалі маленькія дубкі з жалудоў і назіралі, як парасткі прабіваюцца з-пад зямлі, набіраюцца моцы. Яшчэ адну невялічкую градку адвялі пад “поле”, на якім суседнічалі пшаніца, жыта, валошкі. Такім чынам, дзеці атрымлівалі веды аб разнастайнасці расліннага свету.

Ідэя стварыць дашкольнае лясніцтва ў садзе ўзнікла невыпадкова. Па-першае, побач знаходзіцца вялікі парк, які прадастаўляе шырокую прастору для назіранняў. Тут можна не толькі ўбачыць, як выглядаюць розныя дрэвы, але і сустрэцца з вожыкам і дзятлам. Па-другое, жывём мы ў лясным краі. І па-трэцяе, бацькі многіх выхаванцаў працуюць у лясгасах — такім чынам яны могуць стаць самымі лепшымі памочнікамі ў прафарыентацыйнай рабоце.

Першыя лесавічкі ўжо разві­таліся з дзіцячым садам і з гэтага навучальнага года папоўнілі рады першакласнікаў. Але іх справа працягваецца: да праекта далучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі з сярэдняй групы. Наперадзе іх чакаюць насычаныя цікавымі экскурсіямі і шматлікімі адкрыццямі дні. Ужо нават прыдумалі тэму для даследчай работы. Своеасаблівым штуршком для развіцця экалагічнага кірунку, па словах Маргарыты Барковай, стане ў тым ліку і візіт сталічных журналістаў:

— Калі наш вопыт зацікавіў рэспубліканскае выданне, то мы на правільным шляху. Неабходна толькі шукаць новыя ідэі для натхнення.

Першапраходцы

Першы ў Быхаўскім раёне інжынерны клас адкрылі ў гарадской сярэдняй школе № 1.

Знаёміць навучэнцаў са шматгранным светам тэхнікі і тэхналогій настаўнік інфарматыкі Андрэй Бельскі. Яго выхаванцы штогод становяцца прызёрамі другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы і пераможцамі міжнароднага конкурсу па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы “Бабёр”. Адкрыццё інжынернага класа стане чарговым крокам на шляху да новых поспехаў. У партфоліа педагога таксама шмат дасягненняў. Толькі з апошняга: “Інтэрактыўная карта славутасцей Быхаўскага раёна з віртуальным 3D-турам па экспазіцыях Быхаўскага раённага гіс­торыка-краязнаўчага музея”, распрацаваная Андрэем Бельскім разам з настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Віталем Уткіным, атрымала дыплом ІІІ ступені міжнароднай выставы-кірмашу інавацыйных адукацыйных праектаў “Тэрыторыя генерацыі новых ідэй”, што праходзіла ў расійскім Ульянаўску.

Дарэчы, для школы № 1 Быхава ўжо звыклай стала сітуацыя, калі яе педагогі з’яўляюцца першапраходцамі. Так, яна ўвайшла ў лік 14 устаноў адукацыі, дзе адбываецца апрабацыя новага вучэбнага дапаможніка “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі”. Падчас нашага візіту якраз скончыўся ўрок у 11 класе, які працуе па гэтым падручніку. Мы скарысталіся магчымасцю і пацікавіліся меркаваннем настаўніцы гісторыі Ірыны Кудзелка.

— Бачыць, якія працэсы адначасова адбываліся на тэрыторыі Беларусі і ў Еўропе, а таксама ва ўсім свеце, насамрэч, вельмі важна, — расказала педагог. — Мы можам не толькі параўнаць іх, сканцэнтра­ваць увагу на прынцыповых адрозненнях, але і ўбачыць, якую ролю адыграла наша краіна ў сусветнай гісторыі. Трэба падкрэсліць, што новы дапаможнік напісаны на зразумелай для ўспрымання мове. Прычым гэта адзна­чаюць не толькі педагогі, але і вучні.

Што гэта менавіта так, мы пераканаліся амаль адразу. Падлеткі ў адзін голас заўважылі:

— Вельмі падабаецца, што на палях старонак друкуюцца тэзісы. Добрая знаходка. Працаваць над параграфам, у якім пазначаны ключавыя моманты, вельмі зручна. Матэрыял у такім выпадку засвойваецца хутчэй.

— Лічу несумненным плюсам наяў­насць шматлікіх заданняў для самастойнага навучання, для міні-даследаванняў. Прадугледжана работа з картамі, ілюстра­цыямі, дадатковымі крыніцамі інфармацыі, — працягнула размову педагог. — Усё гэта спрыяе фарміраванню крытычнага мыслення навучэнцаў, умення супастаўляць і аналізаваць факты. Сур’ёзных заўваг па змесце няма. Ёсць нязначныя нюансы, якія патрабуюць дашліфоўкі. Напрыклад, я прапаную пэўныя заданні спрасціць ці наогул прыбраць, бо яны, на мой погляд, разлічаны на школьнікаў, якія вывучаюць прадмет на павышаным узроўні.

Удумлівы погляд і інавацыйны падыход да выкладання прадметаў характэрны для ўсяго калектыву сярэдняй школы № 1 Быхава. Тут працуе шмат адметных педагогаў. Падрабязна пра іх вопыт можна будзе прачытаць у хуткім часе ў асобным артыкуле, прысвечаным метадычнай ра­боце.

Атмасфера душэўнай цеплыні

Вельмі важна захоўваць памяць пра адметных выпускнікоў і педагогаў, падтрымліваць з імі зносіны, лічыць дырэктар Лудчыцкай сярэдняй школы.

Любоў Бельская ўзначальвае Лудчыцкую сярэднюю школу ўсяго паўгода, да гэтага была дырэктарам базавай установы адукацыі. Заняўшы пасаду, яна пераняла эстафету ад Ігара Броўкі, які стаў начальнікам аддзела па адукацыі Быхаўскага райвыканкама. Зразумела, што гэта вельмі адказна, бо трэба трымаць планку. Разам з тым Любоў Васільеўна лічыць, што знахо­дзіцца ў больш выгадным становішчы ў параўнанні з астатнімі дырэктарамі. Кіраўнік раённай сістэмы адукацыі як ніхто іншы ведае ўсе праб­лемныя пытанні і можа даць слушную параду. Сваю родную школу ён праінспектаваў адной з першых перад пачаткам новага навучальнага года і станоўча ацаніў усе змяненні, якія тут адбыліся. За кароткі час у школе пад кіраўніцтвам новага дырэктара паспелі мадэрнізаваць актавую залу, аформілі стэндамі і абсталявалі новай мэбляй адзін з кабінетаў. Наступная задача на парадку дня — абнаўленне кабінета інфарматыкі. Любоў Бельская як выкладчык гэтага прадмета добра разумее, наколькі значнае месца займаюць сёння інфармацыйныя тэхналогіі, і імкнецца забяспе­чыць усімі неабходнымі рэсурсамі сваіх навучэнцаў.

Нязменны атрыбут любой вясковай установы адукацыі — пры­школьны ўчастак. Прычым займаюцца тут сапраўднай сельскагаспадарчай справай: агародніна з’яўляецца добрым сродкам зара­біць пазабюджэтныя грошы.

— На перапрацоўчы камбінат сёлета здалі амаль 10 тон кабачкоў. Паспрабавалі таксама атры­маць у цяпліцы першы ўраджай перцаў і памідораў. Вынікі парадавалі. У далейшым будзем таксама рабіць стаўку на гэтыя культуры, — сказала кіраўнік установы адукацыі.

У Лудчыцах добра разумеюць: якія б станоўчыя змяненні ні адбываліся, моцны падмурак любога калектыву складаюць традыцыі. Адна з іх — напісанне школьнага летапісу, які вядзецца з 1950-х гадоў.

— Вельмі важна захоўваць памяць пра адметных навучэнцаў і педагогаў, падтрымліваць з імі зносіны. Гэтым летам да нас завіталі выпускнікі, якія скончылі школу 30 гадоў назад. Мяне прыемна ўразіла, што сабралася прыблізна 90% класа. Вельмі кранальная атрымалася сустрэча: дарослыя лю­дзі з цёплай усмешкай гарталі кад­ры школьнай фотахронікі, дзяліліся ўспамінамі, дзякавалі настаўнікам, прапаноўвалі сваю дапамогу. Менавіта з такіх душэўных момантаў і складаецца непаўторная атмасфера школьнага жыцця, — упэўнена Любоў Бельская.

Святлана ЛОЦМАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА