Экалагічнае выхаванне на школьным двары

З ранняй вясны да позняй восені радуе сваёй прыгажосцю тэрыторыя Беліцкага ясляў-сада — сярэдняй школы, што ў Слуцкім раёне. Акуратныя клумбы, акружаныя зелянінай сцежкі і паўсюль розныя кветкі, кветкі… Уся гэтая прыгажосць не проста радуе вока і душу, яна стала асновай для глыбокай, грунтоўнай работы па экалагічным выхаванні, якая вядзецца ва ўстанове. Сёння тут працуюць над педагагічным праектам “Экалагічнае выхаванне навучэнцаў ва ўмовах адукацыйнай прасторы сельскага соцыуму”.

А пачалося ўсё з жадання настаўнікаў стварыць навокал прыгажосць. Дзесяць гадоў назад прышкольная тэрыторыя, якая, дарэчы, займае даволі вялікую плошчу, выглядала зусім па-іншаму — паўсюль была звычайная трава, дзве даволі прымітыўныя клумбы з аднатыпнымі кветкамі. Сітуацыю вырашылі змяніць, і ў 2008 годзе заўзята ўзяліся за рэалізацыю школьнага праекта “Упрыгожым школьны двор сваімі рукамі”. Праект быў вузканакіраваны і меў чыста практычную мэту. Да работы далучыліся ў першую чаргу настаўнікі біялогіі, а таксама выкладчыкі розных прадметаў, якія з раслінаводствам ніяк не звязаны, але вельмі хацелі дапамагчы. Саджанцы кветак прыносілі з дому, выменьвалі, у працэсе вывучалі інфармацыю пра розныя расліны і іх выкарыстанне дзеля азелянення. І за тры гады ўчастак змяніўся кардынальна — яго ўпрыгожылі каля 75 найменняў кветак і больш за 20 дэкаратыўных кустоў. Праект быў завершаны, здавалася б, задуманае здзейснілі — можна і спыніцца. Але падчас работы разам з дзецьмі на прышкольнай тэрыторыі настаўнікі зразумелі, што ў такой дзейнасці — надзвычай вялікі навучальны і выхаваўчы патэнцыял. Гэта і дало штуршок для далейшай работы ў больш маштабным кірунку. Так з’явіўся раённы праект “Экалагічнае выхаванне навучэнцаў ва ўмовах адукацыйнай прасторы сельскага соцыуму”.

— Актуальнасць работы ў гэтым кірунку відавочная — у наш час пытанне экалагічнага выхавання стаіць даволі востра, — дзеліцца меркаваннем кіраўнік праекта Ларыса Міхайлаўна Маслоўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Беліцкага ясляў-сада — сярэдняй школы. — Экалагічная бездухоўнасць, экалагічная непісьменнасць прыводзяць як да невялікіх, так і да глабальных праблем: ад забруджвання асяроддзя пражывання да экалагічных катастроф.

Асноўная ідэя праекта заключаецца ў набыцці навучэнцамі сістэмы тэарэтычных ведаў пра раслінны свет сваёй мясцовасці, практычных уменняў па вырошчванні і доглядзе раслін, эстэтычным афармленні прышкольнай тэрыторыі. Праект закліканы павышаць экалагічную культуру навучэнцаў, фарміраваць у іх экалагічна правільныя паводзіны праз калектыўныя творчыя справы, уключэнне ў практычна значную дзейнасць. У праекце задзейнічаны навучэнцы 5—11 класаў.

Работа па ўпрыгожванні прышкольнай тэрыторыі прадоўжылася, але выйшла на новы ўзровень. Сёння тут выкарыстоўваюцца сучасныя элементы ландшафтнага дызайну. Напрыклад, міксбордар — паласа шырынёй два метры, засаджаная кветкамі. Расліны тут размешчаны ярусамі: кусты, шматгадовыя, аднагадовыя кветкі. На міксбордары ўздоўж дарожкі растуць сярэдняй вышыні кусты, вярбейнік, півоні, традэсканцыя, хрызантэмы, аксаміткі, хосты. Можна знайсці тут і арабеску — гэта геаметрычны ўзор, які складаецца з раслін і мінеральных матэрыялаў. Назіраюцца плаўныя лініі, высаджаны астра кітайская белага і чырвонага колераў, астра шматгадовая, малачай акаймаваны, цынерарыя. Салітэр — адзіночныя расліны на фоне газона, магонія падубалістая, хосты, спірэя, вярба ломкая шарападобная прыгожа размешчаны на фоне газона. Таксама на тэрыторыі ВПК створана экалагічная сцяжынка, закладзена палянка лекавых зёлак і дэндрарый.

Да стварэння гэтай прыгажосці актыўна прыцягваюцца дзеці. Яны вывучаюць тэорыю пра віды экалагічных аб’ектаў, бяруць удзел у распрацоўцы ландшафтнага дызайну, даглядаюць расліны. Разам з ведамі яны таксама атрымліваюць разуменне таго, наколькі важна зберагаць прыроду. У гэтам кірунку працуюць у складзе экалагічных атрадаў, займаюцца грамадска карыснай дзейнасцю. Арганізавана работа аб’яднання па інтарэсах “Юны кветкавод” пад кіраўніцтвам настаўніцы Марыны Іосіфаўны Ляўковіч-Досінай. Навучэнцы рахтуюць расаду для клумб, даглядаюць пакаёвыя расліны, якія растуць у кабінетах.

Тэрыторыя ўстановы стала музеем пад адкрытым небам — тут праходзяць разнастайныя экскурсіі, напрыклад, “Мы з Чырвонай кнігі”, “Расліны-барометры”. Арганізоўваюць іх і праводзяць экскурсаводы-эколагі з ліку школьнікаў. Ездзяць навучэнцы і на іншыя экскурсіі, у прыватнасці, у Слуцкі эколага-біялагічны цэнтр, з якім Беліцкі ВПК цесна супрацоўнічае.

Падчас работы над праектам ствараюцца разнастайныя матэрыялы — каталогі, брашуры, якія выкарыстоўваюцца на ўроках біялогіі, геаграфіі, мовы і літаратуры, пазакласных мерапрыемствах. З дзецьмі праводзяцца гутаркі, тэматычныя класныя гадзіны па экалагічным выхаванні. Традыцыйнымі сталі тыдні экалогіі, свята “Дары восені. Восеньскі баль” з экалагічным ухілам, акцыя “Мая кветка для школы”, працоўны дэсант “Чыстая вуліца. Чысты двор”.

Праект зрабіў упэўнены крок за тэрыторыю ўстановы. Праводзіцца інфармаванне і папулярызуецца дзейнасць ВПК па экалагічным выхаванні навучэнцаў у соцыуме. Для гэтага рыхтуецца тэматычны матэрыял на сайт установы адукацыі, матэрыялы для публікацыі ў перыядычных выданнях, выпускаюцца тэматычныя брашуры і буклеты. На бацькоўскім сходзе расказваецца пра работу па рэалізацыі педагагічнага праекта. А найлепшымі папулярызатарамі экалагічнай адукаванасці з’яўляюцца навучэнцы, якія сваё стаўленне да навакольнага асяроддзя дэманструюць і ў штодзённым жыцці, імкнуцца быць прыкладам для ўсіх. Бацькі расказваюць, што дзеці падштурхоўваюць іх да добраўпарадкавання ўласных двароў і актыўна ў гэтым дапамагаюць. А потым яны з задавальненнем удзельнічаюць у конкурсе “Самы прыгожы кветнік на маім двары”.

І навучэнцы, і педагогі Беліцкага ВПК вераць: калі робіш лепшым і прыгажэйшым асяроддзе навокал, робіш лепшым і прыгажэйшым увесь свет.

Даръя РЭВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *