Экалагічная культура

- 11:10Выхаванне, Выхаваўчая работа

Як прывіць дзецям навыкі беражлівых адносін да прыроды роднага краю і навакольнага свету ў цэлым? Адказ на гэтае пытанне добра ведаюць у Пудаўнянскім яслях­садзе Дрыбінскага раёна.

— У сучасных рэаліях асабліва важным становіцца развіццё ў дзяцей звычкі клапаціцца аб прыродзе, уменняў з ёй узаема­дзейнічаць. Кожнае дзіця павінна ўсведамляць сваю датычнасць да стану навакольнага асяроддзя, таму фарміраванне экалагічнай культуры трэба пачы­наць яшчэ з дашкольнага ўзросту, — запэўніла загадчык ясляў-сада Вольга Гацэнка.

Паводле яе слоў, педагогі ўстановы даўно сур’ёзна займаюцца гэтым кірункам, назапашаны і пэўны эфектыўны вопыт работы. У дзіцячым садзе распрацоўва­юць экалагічныя ідэі і праекты, рэгулярна арганізоўваюць тэматычныя акцыі, якія аб’ядноўваюць дзяцей і дарослых.

— Новы імпульс усёй гэтай дзейнасці надало далучэнне да рэспубліканскага адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”. Ён рэалізуецца ў рамках праекта “Прыцягненне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які фінансуецца ЕС і ПРААН у парт­нёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і Міністэрствам адукацыі Беларусі, — расказала Вольга Іосіфаўна.

Зараз экаадукацыю дзяцей у гэтай дашкольнай установе ажыццяўляюць па пяці напрамках. Малышы вывучаюць відавую разнастайнасць раслін і жывёл прыроды роднага краю, вучацца энерга- і водазберажэнню, абыходжанню з адходамі, а таксама ўдзельнічаюць у экалагічных акцыях, конкурсах і ініцыятывах.

— Статус “зялёнай школы” дазволіў нам стварыць рэсурсны цэнтр з адпаведнай развіццёвай прасторай. У нас ёсць куток прыроды і ўласны зімовы сад. У спе­цыяльна адведзеным кабінеце размешчана інтэрактыўная па­нэль, спецыялізаваная літаратура і гульнявыя комплексы, з дапамогай якіх малышы вывучаюць, даследуюць і эксперыментуюць. У памяшканні таксама сабраны дыдактычныя дапаможнікі, наглядныя матэрыялы, створаныя непасрэдна педагогамі. Нашы выхавальнікі распрацавалі тэматычныя лэпбукі, відэаролікі, прэзентацыі, якія актыўна выкарыстоўваюцца для экалагічнай асветы дзяцей, — падк­рэсліла Вольга Гацэнка.

Экалагічнае выхаванне не абмяжоўваецца толькі тэарэтычнымі заняткамі. Асаблівы ўпор педагогі робяць і на фарміраванне практычных навыкаў. Прычым у натуральным асяроддзі. Галоўная асаблівасць рэсурснага цэнтра — экасцежка, дзе для хлопчыкаў і дзяўчынак пастаянна праводзяцца экскурсіі.

На тэрыторыі дзіцячага сада размясціліся шматлікія кветнікі, кавалачак лугу, птушыны гарадок, штучны вадаём і мурашнік, свой сад, агарод і пляцоўка з лекавымі раслінамі, у доглядзе якіх задзейнічаны выхаванцы. А яшчэ тут абсталявана сапраўдная “Гасцініца для насякомых” і нават невялікая метэапляцоўка, дзе малышы займаюцца сваімі маленькімі даследаваннямі.

— Да ўсёй нашай дзейнасці ўсебакова далучаем бацькоў выхаванцаў. Разам з мамамі і татамі дзеці вырабляюць кармушкі для птушак, добраўпарадкоўваюць мясцовы лес і вадаёмы, дапамагаюць бяздомным жывёлам, праводзяць эксперыменты. Прыцягваем да акцый і ініцыятыў таксама мясцовыя ўлады, грамадскія арганізацыі, — адзначыла Вольга Іосіфаўна.

Педагагічны калектыў упэўнены: менавіта агульная зацікаўленасць дарослых найлепшым чынам садзейнічае фарміраванню асноў экалагічнай культуры ў дзяцей і выхаванню іх адказнымі за стан навакольнага асяроддзя на лакальным, нацыянальным і глабальным узроўнях. Дарэчы, свой станоўчы вопыт Пудаўнянскі яслі-сад шырока папулярызуе сярод іншых дашкольных устаноў рэгіёна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.