Экалагічная педагогіка даўжынёй у стагоддзе

- 14:15Навіны рэгіёнаў

Эфектыўныя формы арганізацыі экалагічнай дзейнасці з навучэнцамі ва ўстановах адукацыі рознага тыпу прэзентавалі гомельскія педагогі на педагагічнай канферэнцыі “Спадчына П.М.Лепяшынскага”. Мерапрыемства прысвячалася 100-годдзю эколага-біялагічнай адукацыі ў Гомельскай вобласці, а яго арганізатарам выступіў Гомельскі абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі. Удзел у канферэнцыі прынялі таксама педагогі-эколагі Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму Мінскай вобласці.

Цікавыя факты пра першыя экалагічныя гурткі

Сёння экалагічная адукацыя шырока прадстаўлена ва ўсёй краіне і мае мноства кірункаў. Гэта даследчая, прыродаахоўная, эколага-асветніцкая работа, культурна-адукацыйная дзейнасць. У многіх установах адукацыі на экалагічнай тэматыцы пабудавана выхаваўчая работа. Што тычыцца Гомельшчыны, то першыя экалагічныя гурткі тут з’явіліся яшчэ ў паслярэвалюцыйны час. Ля вытокаў гэтага руху стаяў педагог і палітычны дзеяч Панцеляймон Лепяшынскі, які летам 1918 года прыехаў у сяло Ліцвінавічы Кармянскай воласці Рагачоўскага павета, каб заснаваць працоўную школу-камуну. Гістарычныя крыніцы расказваюць аб тым, што ўся матэрыяльная база школы, навучанне і выхаванне ў якой спалучалася з фізічнай працай, была створана рукамі педагогаў і навучэнцаў. У ёй вучыліся як дзеці мясцовых сялян, так і дзеці-сіроты, якіх прывезлі з суседніх губерняў і нават з галадаючага Паволжа.

Важным кірункам работы ўстановы быў натуралістычны — навучэнцы самі працавалі на палях і ў агародзе, вырошчвалі жыта, пшаніцу, бульбу, агародніну. Частка сабранага ўраджаю выкарыстоўвалася на кухні, а частка прадавалася. Грошы ішлі на патрэбы школы. Менавіта ў гэтай школе-камуне адкрыўся першы на тэрыторыі Беларусі гурток юннатаў — хлопчыкаў і дзяўчынак, якія адказвалі за атрыманне ўраджаю і яго захаванасць. Згодна з архіўнымі звесткамі, ураджайнасць на школьных палях была не горшая, чым у сялянскіх гаспадарак.

У канцы 1919 года школа была пераведзена ў Маскву і ператворана ў Маскоўскую доследна-паказальную школу Наркамасвета, у якой вучыліся дзеці кіраўнікоў Савецкай Расіі. У Беларусі справу П.М.Лепяшынскага працягнуў яго брат Мадэст. Ён стварыў падобную школу ў суседнім, Чэрыкаўскім, раёне Магілёўскай вобласці.

Такім чынам, першыя экалагічныя гурткі не тэрыторыі нашай краіны з’явіліся не ў 30-х гадах, калі ў Мінску была адкрыта станцыя юных натуралістаў, а значна раней, і пачатак гэтага кірунку быў пакладзены на Гомельшчыне.

Эколага-біялагічная адукацыя сёння

У вобласці насамрэч назапашаны вялізны вопыт эколага-біялагічнай адукацыі і выхавання. Удзельнікам канферэнцыі, а гэта педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, метадысты вучэбна-метадычных кабінетаў, былі прадстаўлены лепшыя напрацоўкі.

— Мэтай канферэнцыі мы ставілі папулярызацыю сучасных форм і метадаў арганізацыі адукацыйнага працэсу, дэманстрацыю практычных дасягненняў у галіне экалагічнай педагогікі і, галоўнае, распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту, — адзначыла дырэктар Гомельскага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Ранько. — У нашым рэгіёне эколага-біялагічны кірунак знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні, мы выкарыстоўваем як традыцыйныя формы работы, так і развіваем новыя. І сучасным дзецям гэта цікава, яны з задавальненнем наведваюць экалагічныя гурткі, з цікавасцю ўключаюцца ў даследчую дзейнасць.

Зараз у Гомельскай вобласці ў 533 аб’яднаннях па інтарэсах займаюцца 6136 навучэнцаў. У Гомелі, Жлобіне, Калінкавічах, Светлагорску працуюць эколага-біялагічныя цэнтры дзяцей і моладзі. Пры гэтым усе ўстановы арыентуюцца на практыка-арыентаваную дзейнасць сваіх навучэнцаў. У цэнтрах функцыянуюць вучэбныя эколага-біялагічныя комплексы, экалагічныя кабінеты, жывыя куткі, зімовыя сады, цяпліцы і аранжарэі, музеі прыроды, фітабары, экалагічныя маршруты, сцежкі па развіцці пачуццяў і інш.

Многія хлопчыкі і дзяўчынкі, якія па розных прычынах не могуць наведваць экалагічныя гурткі, аб’ядноўваюцца ў экалагічныя атрады. Члены экалагічных атрадаў, блакітных і зялёных патрулёў займаюцца азеляненнем, добраўпарадкаваннем, уборкай тэрыторый, высаджваюць дэкаратыўныя хмызнякі і дрэвы — адным словам, робяць вялікі ўклад у захаванне прыроды.

У лясных раёнах Гомельшчыны даўно стала папулярнай такая форма работы, як школьнае лясніцтва. Усяго ў вобласці дзейнічае 49 школьных лясніцтваў. Такія таварыствы дапамагаюць уключаць навучэнцаў у практычную і навукова-даследчую дзейнасць у галіне лесааховы і лесакарыстання. Для актывізацыі і аналізу эфектыўнасці гэтага кірунку штогод праводзіцца абласны конкурс “Квітней, мой лес!”.

У ліку важных і цікавых элементаў экалагічнага выхавання школьнікаў таксама экалагічныя сцежкі, дзе юнакі і дзяўчаты не толькі знаёмяцца з прыродай, але і вучацца яе берагчы. Найбольш эфектыўную работу ў гэтым кірунку вядуць установы адукацыі Гомельскага, Светлагорскага, Кармянскага, Рагачоўскага раёнаў і Навабеліцкага раёна абласнога цэнтра. Дарэчы, канферэнцыяпраходзіла ў сценах Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага. І гэта невыпадкова, бо ў гэтай установе экалагічнай адукацыі таксама ўдзяляецца вялікая ўвага, а сваімі метадычнымі распрацоўкамі ў гэтым кірунку выкладчыкі дзеляцца на старонках спецыялізаваных выданняў.

Наталля ЛУТЧАНКА.