Экалагічная ўсвядомленасць

- 13:21Адукацыйныя праекты, Рознае
У канцы мінулага тыдня ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праходзіў тэматычны семінар для кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія падалі заяўкі на ўдзел у праекце “Зялёныя школы”. Калі коратка, то гэта — комплексны адукацыйны праект, накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў каштоўнасных адносін да прыроды.
Найперш адукацыя

Але калі гэты праект разглядаць больш дэталёва, то трэба адзначыць, што яго рэалізацыя накіравана на павышэнне ўзроўню экалагічнай накіраванасці адукацыі, інфармаванасці моладзі па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, выхаванне адказных адносін падрастаючага пакалення да прыроды, фарміраванне экалагічна пісьменных паводзін.
Мэта праекта “Зялёныя школы” — стварэнне сеткі “Зялёных школ” у Рэспубліцы Беларусь, укараненне эфектыўнай адукацыйнай мадэлі ў галіне экалагічнай накіраванасці адукацыі з прыцягненнем і актыўным удзелам педагагічных работнікаў, навучэнцаў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў, тэрытарыяльных органаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, рэгіянальных і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Сеткі экалагічных, або “Зялёных школ” ствараюцца па ўсім свеце для павышэння экалагічнай інфармаванасці. Сёння гэтая сетка аб’ядноўвае больш за 40 000 школ у 46 краінах свету ад Вялікабрытаніі з Францыяй да Марока і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Работа па стварэнні сеткі “Зялёных школ” у нашай краіне вядзецца з 2010 года і падтрымліваецца сумесным праектам Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН. За гэты час распрацаваны адукацыйны экалагічны праект “Зялёныя школы”, які апрабаваны ў школах Мастоўскага, Мёрскага, Шаркоўшчынскага і Кобрынскага раёнаў.
У 2013 годзе Палажэнне аб рэалізацыі праекта “Зялёныя школы” падпісалі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А.Маскевіч і міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь У.Р.Цалко. Для ўдзелу ў праекце “Зялёныя школы” запрашаюцца ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, экалагічныя цэнтры для дзяцей і юнацтва Беларусі. Акрамя таго, створаны Каардынацыйны савет пад старшынствам намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.А. Будкевіча. Арганізацыя і каардынацыя дзейнасці па праекце ўскладзена на Акадэмію паслядыпломнай адукацыі.
— Насамрэч, у нас вельмі многа экалагічных праектаў, якія звязаны з адукацыяй. Адны з іх ініцыіраваны Міністэрствам прыродных рэсурсаў, другія — арганізацыямі, якія вядуць чарнобыльскую праблематыку, трэція — грамадскімі экалагічнымі фарміраваннямі, міжнароднымі арганізацыямі. З іх вельмі многія супрацоўнічаюць са школамі. У выніку мы атрымалі наступнае: ёсць школы, якія сталі перадавымі ў галіне экалагічных пытанняў, ёсць школы, якія толькі перыядычна ўдзельнічаюць у экалагічных праектах. А ёсць школы, якія толькі карыстаюцца фінансаваннем замежных праектаў, бо як толькі яно заканчваецца, праект глохне.
Праект “Зялёныя школы” вядомы ва ўсім свеце. Гэта міжнародны рух, але ў кожнай краіне зялёная школа мае свае адметнасці. Таму пра тое, каб узяць нейкую мадэль праекта і перанесці яе на нашу краіну, гаворка не ідзе. Мы стварылі сваю ўнікальную мадэль, якая з’яўляецца і арыгінальнай, і ўніверсальнай. Ідэя “Зялёнай школы” вельмі добрая, таму, прадбачачы, што чарговы спонсар сыдзе з нашай краіны, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі ўзяла на сябе (на грамадскіх пачатках) функцыю падтрымкі і распаўсюджвання гэтага праекта.
А ідэя праекта ў тым, што “Зялёная школа” — гэта школа фарміравання экалагічнай свядомасці дзяцей і дарослых (бацькоў і настаўнікаў). “Зялёная школа” — гэта не экалагічныя праекты, агляды, алімпіяды, экалагічныя музеі, агітбрыгады і дэкады, не экалагічныя сцежкі, не экалагічныя навукова-практычныя канферэнцыі. Гэта экалагічная свядомасць дзяцей, якая праяўляецца ў іх паўсядзённым жыцці, побыце, школе. Развіццё экалагічнай адукацыі зрушыцца ў тым выпадку, калі экалагічны светапогляд выхоўваць з маленства. Нават мы, супрацоўнікі акадэміі, пасля знаёмства са школамі, дзе рэалізуецца гэты праект, адчулі зрух сваёй экалагічнай свядомасці. І, напрыклад, пры ранішніх гігіенічных працэдурах (калі чысцім зубы) ваду проста так з крана не пускаем. Па-першае, яна каштуе грошай, а па-другое, чыстая прэсная вада — гэта той рэсурс, які сёння трэба вельмі шанаваць, бо ён вычарпальны.
Ідэя “Зялёных школ” захапіла і акадэмію, і ўжо шматлікія школы. На сённяшні дзень у нас ёсць чатыры пілотныя раёны (Мёрскі, Мастоўскі, Шаркоўшчынскі і Кобрынскі), дзе школы ўключыліся ў гэты праект і мы назіраем, як ён рэалізуецца, чаго не хапае і што патрабуе ўдасканалення.
У 2013 годзе 34 сярэднія школы атрымалі дыплом “Зялёнай школы”. Арганізацыйная і метадычная работа адбываецца праз сайт Беларускага педагагічнага таварыства (www.oobpo). І на сённяшні дзень яшчэ каля 70 школ заявілі пра сваё жаданне ўдзельнічаць у гэтым праекце. На сайце змешчана палажэнне праекта, анкета для ўдзельнікаў. Вось цяпер мы збіралі дырэктараў школ і расказвалі, што і як трэба рабіць, каб стаць паўнапраўным удзельнікам праекта, будзем праводзіць трэнінгі на базе нашых пілотных пляцовак, а вясной паспрабуем правесці фестываль зяленых школ, — расказала начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ірына Віктараўна Багачова.

У падтрымку — факультатыўная праграма

Праект “Зялёныя школы” рэалізуецца з дапамогай вывучэння вучэбных прадметаў на I, II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі, вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў “Зялёныя школы”, “Дзікая прырода Беларусі” і іншых мерапрыемстваў арганізацыйна-выхаваўчай работы, гуртковай працы, дзейнасці грамадскіх арганізацый, органаў самакіравання ўстаноў адукацыі. Навукова-метадычнае суправаджэнне экалагічнага праекта “Зялёныя школы” забяспечваецца Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, інфармыцыйнае суправаджэнне — Беларускім педагагічным аб’яднаннем (секцыя настаўнікаў біялогіі і геаграфіі).
Дарэчы, упершыню створана адзіная для ўсіх ступеняў навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі цэласная праграма факультатыўных заняткаў “Зялёныя школы”, якая распрацавана для навучэнцаў з 1 па 9 клас. Яе аўтарамі сталі Ірына Віктараўна Багачова; Ірына Рамуальдаўна Клявец, настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні; Канстанцін Аляксеевіч Пятроў, метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА; Алег Віктаравіч Созінаў, загадчык кафедры батанікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат 5_зеленые школы-3(сайт)біялагічных навук; Іван Віктаравіч Фёдараў, начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА.
Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў “Зялёныя школы” разлічана на пяць узроставых груп навучэнцаў (1-2 класы, 3-4 класы, 5-6 класы, 7-8 класы, 9-я класы) і ўключае вывучэнне 5 раздзелаў: біяразнастайнасць — вывучэнне відавай разнастайнасці раслін і жывёл прыроднага асяроддзя ўстановы адукацыі і спосабаў яго павелічэння; энергазберажэнне — вывучэнне структуры энергаспажывання дома і ва ўстанове адукацыі і спосабаў яго эканоміі; водазберажэнне — вывучэнне шляхоў выкарыстання вады ва ўстанове адукацыі і дома і спосабаў скарачэння яе выкарыстання; абыходжанне з адходамі — аналіз крыніц утварэння адходаў, вызначэнне спосабаў іх мінімізацыі, перапрацоўкі і другаснага выкарыстання; інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы — акцыі, выставы, конкурсы, экалагічныя ініцыятывы, экалагічная асвета для мясцовага насельніцтва.
Як сцвярджаюць аўтары, факультатыўная праграма накіравана на рэалізацыю комплекснага падыходу ў экалагічнай адукацыі навучэнцаў на падставе ідэй устойлівага развіцця, набыццё актуальных ведаў у галіне навакольнага асяроддзя, фарміраванне новых каштоўнасцей, змяненняў у паводзінах, удзел у ажыццяўленні практычных прыродаахоўных дзеянняў. Вынікам засваення вучнямі гэтай праграмы павінны стаць каштоўнасці і перакананні, звычкі прымянення атрыманых навыкаў у паўсядзённым жыцці, змены паводзін у дачыненні да выкарыстання і зберажэння прыроды і яе рэсурсаў.
Рэалізацыя зместу факультатыўнай праграмы “Зялёныя школы” абапіраецца на пэўныя веды вучняў у галіне экалогіі, спажывання рэсурсаў і прыродаахоўнай дзейнасці, атрыманыя пры вывучэнні вучэбных прадметаў “Чалавек і свет”, “Біялогія”, “Фізіка”, “Геаграфія”, “Хімія”, факультатыўных курсаў экалагічнай накіраванасці і іншых мерапрыемстваў арганізацыйна-выхаваўчай работы.
Асноўны змест праграмы — гэта практычная дзейнасць вучняў: назіранні, вывучэнне (аўдыт) стану выкарыстання прыродных рэсурсаў, практычныя работы па асваенні спосабаў прыродаахоўнай і рэсурсазберагальнай дзейнасці, арганізацыя і рэалізацыя адукацыйных праектаў, накіраваных на змяненне сітуацыі, якая склалася, і ўласных паводзін, правядзенне асветніцкіх акцый, рэалізацыя экалагічных ініцыятыў. Падзел на класы з’яўляецца прыкладным, у прыватнасці, праграма для 5-6 класаў можа вывучацца толькі вучнямі 5-х класаў або толькі вучнямі 6-х класаў. Адначасовае вывучэнне таго ці іншага радзела на ўсіх прыступках дазволіць ствараць рознаўзроставыя групы вучняў пры рэалізацыі праектаў, што мае на ўвазе арганізацыю дапамогі старэйшых школьнікаў малодшым.
Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў “Зялёныя школы” разлічана на 35 гадзін у кожнай узроставай групе (34 гадзіны ў першым класе). Пры складанні каляндарна-тэматычнага планавання варта ўлічваць магчымасці вывучэння тэм па сезонах, асабліва ў раздзеле “Біяразнастайнасць”. Так, напрыклад, экскурсіі па вывучэнні раслін і практычныя работы па картаванні прышкольнай тэрыторыі павінны выконвацца вясной і восенню, назіранні за насякомымі лепш праводзіць вясной.

Дыплом — за заданні

У межах праекта “Зялёная школа” кожнаму ўдзельніку прапануецца выканаць набор заданняў, аб’яднаных пяццю ўжо згаданымі кірункамі: біяразнастайнасць, энергазберажэнне, водазберажэнне, абыходжанне з адходамі, інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы.
Для атрымання дыплома “Зялёная школа” ўстанове адукацыі неабходна выканаць на выбар шэраг заданняў, прадставіць у Каардынацыйны савет справаздачу да 15 чэрвеня (праз сайт БПА). Да справаздачы могуць прыкладацца фотаздымкі, апісанні назіранняў, іншыя работы навучэнцаў.
Установа адукацыі, якая выканала заданні, атрымлівае статус “Зялёная школа” з выдачай адпаведнага дыплома першай, другой або трэцяй ступені. Ступень дыплома вызначаецца наступным чынам: першай ступені, калі выканана 90 працэнтаў заданняў (не менш за тры заданні з кожнага напрамку); другой ступені, калі выканана 60 працэнтаў заданняў (не менш за два заданні з кожнага напрамку); трэцяй ступені, калі выканана 30 працэнтаў заданняў (не менш за адно заданне з кожнага кірунку).
Для некаторых заданняў вызначаецца колькасць вучняў (у працэнтах ад агульнай колькасці), якія прынялі ўдзел у выкананні задання: на дыплом першай ступені не менш за 25 працэнтаў навучэнцаў, другой — не менш за 20 працэнтаў, а трэцяй — не менш за 15 працэнтаў навучэнцаў установы адукацыі.
Калі гаварыць пра заданні больш прадметна, то, напрыклад, адным з іх можа быць наступнае. Неабходна вывучыць разнастайнасць дзікарослых травяністых раслін на прышкольнай тэрыторыі (або тэрыторыі прыроднага асяроддзя ўстановы адукацыі). Гэтае заданне адносіцца да раздзела “Біяразнастайнасць”, а ацэньвацца будзе створаная і размешчаная ў школе картасхема прышкольнай тэрыторыі (або тэрыторыі прыроднага асяроддзя ўстановы адукацыі), на якой пазначана мінімум адно месцазнаходжанне не менш за 10 відаў травяністых раслін.
Побач з картасхемай павінны быць размешчаны выявы кожнага віду травяністых раслін (кожная фарматам не менш за А5). На сайце ўстановы адукацыі можа быць размешчана картасхема тэрыторыі з паступовым запаўненнем на ёй вынікаў выканання заданняў. Інфармацыя аб біяразнастайнасці дзікарослых травяністых раслін занесена ў анлайн-базу дадзеных florafauna.by (не менш за 10 відаў). Неабходна, каб былі ўказаны дата выканання задання і ўдзельнікі.
А ў раздзеле “Абыходжанне з адходамі” прапануецца правесці вывучэнне складу і колькасці адходаў, якія ўтвараюцца ў дамашніх умовах. Акрамя таго, патрабуецца распрацаваць сямейныя памяткі па мінімізацыі адходаў, якія ўтвараюцца ў дамашніх умовах, і рэкамендацыі па іх асобным зборы і здачы. А ацэньвацца будуць узоры вынікаў вывучэння складу і колькасці адходаў, якія ўтвараюцца ў дамашніх умовах, і распрацаваныя памяткі, размешчаныя на сайце ўстановы адукацыі. І зноў-такі па-трабуецца назваць дату выканання задання і яго ўдзельнікаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.