ЭкаЛагічны шлях наперад

- 16:49Выхаванне

У Мінску ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу экалагічных праектаў “ЭкаЛагічная школа”. Конкурс стаў часткай праекта “Стварэнне і функцыянаванне рэсурснага цэнтра экалагічнай асветы “Сеткавая Экалабараторыя”, які рэалізуецца Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі пры ўдзеле Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі.

Калекцыя гравюр ZNOVA.

“Ідэйнае” аб’яднанне

Усяго для ўдзелу ў конкурсе было пададзена 105 заявак ад навучэнцаў і педагогаў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Свае работы яны прадставілі ў чатырох намінацыях: “Метадычны экабокс “За прыроду ў адказе і дарослыя, і дзеці”, “Агітацыйныя праекты “Мы за зялёную планету!”, “Даследчыя праекты “Экалагічная тэрыторыя” і “Экалагічная ініцыятыва “Зялёны стартап”.

Рэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Іванаўна Мароз, вітаючы фіналістаў, адзначыла: “Тэма экалогіі хвалюе не толькі дарослых, педагогаў. Мы ўбачылі, як нашы дзеці, удзельнікі конкурсу, турбуюцца за тое, што нас акружае, што мы яд зім, як пластык пранікае ва ўсе сферы нашага жыцця і наносіць каласальны ўрон прыро­дзе. І мы спадзяёмся, што гэты праект, які мы рэалізуем разам з замежнымі партнёрамі, а таксама з беларускімі арганізацыямі — Цэнтрам экалагічных рашэнняў, Асацыяцыяй клубаў ЮНЕСКА і іншымі, дапаможа шырэй уключаць тэму экалогіі і ўстойлівага развіцця ў сістэму адукацыі нашай краіны”.

Тэрэса Іванаўна Мятліцкая, начальнік упраўлення каардынацыі стажыровак і міжнароднага супрацоўніцтва МГІРА, член журы конкурсу, важнасць сеткавай ініцыятывы патлумачыла так: “У Мінску ёсць установы, якія глабальна працуюць у экалагічным кірунку. Гэта гімназіі № 19, № 1, № 12, актыўна з’яўляюцца і “зялёныя школы”. Але, акрамя іх, літаральна ўсе школы Мінска ў той ці іншай меры рэалізуюць у сябе экалагічны кірунак. А гэта значыць, што ў іх ёсць цікавы вопыт, цікавыя матэрыялы, якімі яны маглі б падзяліцца. І ідэя гэтага конкурсу — стварыць у Мінску (хаця ўжо далучыліся канкурсанты і з рэгіёнаў), такі сеткавы рэсурс, які б акумуляваў гэтыя напрацоўкі, каб педагогі, якія працуюць у кірунку экалогіі, рабілі крокі ад таго шляху, які ўжо пратаптаны іншымі”.

Вучнёўскія пытанні…

Адной з самых папулярных сярод канкурсантаў была намінацыя “Даследчыя праекты “ЭкаЛагічная тэрыторыя”. Юныя навукоўцы вывучалі ўплыў Мінскай кальцавой аўтадарогі на стан лесапаркавых насаджэнняў, а антыгалалёдных складаў — на стан пасадак ліпы драбналістай уздоўж праспекта Пушкіна, ацэньвалі стан ракі Лошыцы метадамі біяіндыкацыі і прапаноўвалі свае варыянты, як зрабіць тэрыторыю вакол гэтых аб’ектаў больш экалагічнай.

“Вам пакет патрэбны?” — пытаецца ў назве свайго праекта 3-класніца Сабіна Аднаконная з гімназіі № 29 Мінска. І яе разважанні на тэму біяраскладальных пакетаў прынеслі дзяўчынцы 2-е месца. А калі б яе ідэі рэалізаваць, то яны прынеслі б відавочную карысць яшчэ і прыродзе.

Пераможцамі ў гэтай намінацыі сталі навучэнцы гімназіі № 33 Мінска Ганна Паляшчук і Ра­дзівон Градуша з даследаваннем разнастайнасці фітапатагенных мікраскапічных грыбоў у ваколіцах сталічнай ЦЭЦ-4 — зусім не вывучанай у Беларусі праблемай. Падчас сваіх палявых і лабараторных даследаванняў 11-класнікі выя­вілі 32 віды фітапатагенных мікраскапічных грыбоў, якія сфарміравалі ўстойлівыя ачагі інфекцыі, якія ў сваю чаргу сталі прычынай узнікнення шэрага захворванняў на раслінах гэтай тэрыторыі: іржы, рамулярыёзу, шэрай і чорнай плямістасці, карынеозу, септарыёзу і інш.

…і настаўніцкія адказы

У конкурсе відэаролікаў “Мы за зялёную планету” канкурсанты ўзнімалі праблемы забруджвання вадаёмаў і каналізацыйных сцёкаў, забруджвання паветра рознымі прадпрыемствамі і высечкі лясоў, праблему перавытворчасці адзення і цяжкасці ў пераходзе на экатранспарт і інш.

Перамогу атрымала Г.В.Вал­ніс­тая, настаўніца біялогіі гімназіі № 7 Мінска. У сваім ро­ліку яна з навучэнцамі звярну­ла ўвагу на праблемы смеццевых палігонаў вакол горада, сартавання адходаў і прапанавала свае варыянты іх вырашэння.

Другое месца ў гэтай намінацыі атрымаў Уладзіслаў Мацкевіч, навучэнец гімназіі № 1 Зэльвы, за прасоўванне праекта гімназістаў па вырабе паперы з трыснягу ZNOVA.

А за стварэнне самой ініцыятывы ZNOVA ў гэтай гімназіі яе ініцыятар Н.П.Гром, настаўніца хіміі, атрымала перамогу ў намінацыі “Зялёны стартап”. Гэта пад яе кіраўніцтвам дзеці асвоілі поўны цыкл стварэння паперы — ад працэсу збору трыснягу да вырабу з экапаперы другаснай прадукцыі.

“Мы самі збіраем у зарослых вадаёмах сухі трыснёг, затым варым яго ў растворы шчолачы, вымочваем, адбіваем, ператвараем яго з дапамогай блэндара ў аднародную масу. Выкладваем яе і сушым пад прэсам. З паперай шмат эксперыментуем, дадаём розныя натуральныя дабаўкі: сухую траву, жэлацін, крухмал, рысавы адвар, зерне аўса, лёну, афарбоўваем сокам малін, буракоў, парэчак. У выніку атрымліваем паперу рознай якасці і адценняў. З такой паперы робім экаўпакоўку, паштоўкі, фотаальбомы, шкляначкі для расады. На ёй можна пісаць, маляваць, рабіць скетчы, паштоўкі. Мы марым, што ў будучыні гэтая ўнікальная, экалагічная, біяраскладальная папера можа стаць брэндам пасёлка, а то і ўсёй краіны”, — дзеліцца Наталля Паўлаўна Гром.

Дыплома ІІ ступені былі ўдастоены В.Г.Дзядовіч, С.В.Мазурэнка і І.А.Салавей — сталічныя педагогі з гімназіі № 24 і сярэдняй школы № 178 імя Т.А.Лук’яновіча — за ўласнаручна створаны прыбор для апавяшчэння і вызначэння ўзроўню напоўненасці смеццевага кантэйнера.

Не абышло ўвагай журы і віртуальную экалагічную пляцоўку “Зялёная школа” ў яслях-садзе № 37 Ліды, пра якую расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці В.С.Варошка. Аўтары гэтага праекта атрымалі 3-е месца.

Намінацыя “Метадычны экабокс “За прыроду ў адказе і дарослыя, і дзеці” аб’яднала метадычныя распрацоўкі педагогаў. Тут пазіцыі пераможцаў размясціліся так. 3-е месца журы аддало А.А.Меляшкевіч, загадчыцы ясляў-сада № 527 Мінска, за сцэнарый экалагічнага марафону “Экачараўнікі”. Мяркуючы па пытаннях і заданнях, выхаванцы гэтай установы ў тэме экалогіі даўно і мо­гуць з лёгкасцю вырашаць пытанні, на якія не кожны дарослы адкажа.

На прыступку вышэй удалося падняцца А.А.Лушкевіч, настаўніцы матэматыкі Бараўлянскай гімназіі Мінскага раёна, за распрацаваныя ёй і ўведзеныя ва ўрок задачы па праблематыцы ўстойлівага развіцця.

“Гэтая работа нас вельмі парадавала, — гаворыць Тэрэса Іванаўна Мятліцкая. — Мы часта гаворым пра прыкладны аспект ведаў — матэматычных, хімічных, фізічных. А вось як гэта рэалізаваць на практыцы — вынаходства педагога. Антаніна Алегаўна сама складае, распрацоўвае вельмі цікавыя экалагічныя задачы і робіць іх часткай адукацыйнага працэсу”.

Перамогу ж у гэтай намінацыі атрымала С.Ф.Цімафеева, настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 177 Мінска, за свой “Экатур па планеце Зямля”. Забаўляльна-навучальнае падарожжа разлічана на падлеткаў з лёгкімі інтэлектуальнымі парушэннямі. Ім прапаноўваецца ў гульнявой форме даведацца пра рэсурсы і праблемы планеты, ролю паветра, вады і крыніцы іх забруджвання, пра разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету і пра тое, як яе захаваць.

Грэгар Бергхорн, першы старшыня клуба “Мінск — Бон”, член журы, звяртаючыся да канкурсантаў, адзначыў:

— Астранаўты першымі ўбачылі, што наша Зямля блакітнага колеру, і яны ж першымі загаварылі пра тое, як важна нашай планеце захаваць сваё аблічча, сваю чысціню. І толькі мы, і асабліва нашы дзеці, адказныя за гэта. Гэта выклік нам з вамі. Вы ў межах конкурсу прадэманстравалі новыя ідэі, як гэта зрабіць. Але я звярнуў увагу, што ў Беларусі ў асноўным дзяўчаты і жанчыны цікавяцца праблемамі экалогіі, таму хлопчыкам, юнакам і мужчынам трэба таксама падцягвацца. Не толькі на жаночых плячах павінна ляжаць гэтая глабальная праблема. Вырашаць яе — наша агульная задача.

Наталія Нойман, прадстаўніца клуба “Мінск — Бон”, кіраўнік праекта з нямецкага боку, член журы: “Мяне прыемна здзівіў высокі навуковы ўзровень распрацовак, у тым ліку і дзіцячых. Для сябе я амаль у кожнай рабоце рабіла адкрыццё. Асабліва хачу адзначыць творчасць і крэатыўнасць відэапрэзентацый. Спадзяюся, што вы і далей, ужо за межамі конкурсу, будзеце развіваць экалагічныя тэмы і зараджаць сваім энтузіязмам і сваякоў, і сяброў, і знаёмых”.

Рэсурсны цэнтр экалагічнай асветы “Сеткавая Экалабараторыя” http://ecolab.minskedu.gov. by пачаў сваю дзейнасць. Лепшыя конкурсныя работы таксама папоўнілі гэтую платформу. Арганізатары спадзяюцца, што прадстаўленыя работы — відэаролікі, метадычныя распрацоўкі, гульні і інш. — дапамогуць педагогам разнастаіць сваю дзейнасць і ста­нуць для іх стымулам развіваць і свае ўласныя экаініцыятывы.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены канкурсантамі.