Экалагічны вопыт вітаецца

Уцеўская сярэдняя школа Добрушскага раёна ўвайшла ў спіс сямі “зялёных школ” — пераможцаў конкурсу “Энергія сонца для зялёных школ”. Конкурс праводзіўся кампаніяй А1 у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Праграмай развіцця ААН у Беларусі сярод устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Да ўдзелу ў конкурсе дапускаліся ўстановы са спецыяльным дыпломам “зялёнай школы”. Канкурсанты расказвалі пра свой вопыт рэалізацыі экалагічных і экасацыяльных праграм, акцый і праектаў, дзяліліся доўгатэрміновымі планамі ў гэтым кірунку, прыводзілі прыклады далучэння сваіх настаўнікаў і навучэнцаў да вырашэння актуальных экалагічных праблем.

Максімальную колькасц­ь балаў па выніках конкурсу набраў Кобрынскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства з Брэсцкай вобласці. Ад Гомельшчыны ў спіс пераможцаў увай­шла Уцеўская сярэдняя школа Добрушскага раёна. Яе дырэктар Ганна Станкевіч гаворыць, што экалагічнае выхаванне ва ўстанове адукацыі разглядаецца як част­ка агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі навучэнцаў:

— З 2010 года наша школа — апорная пляцоўка ў раёне па экалагічным выхаванні, з 2012 года — узорная навучальная пляцоўка для ўсёй Гомельскай вобласці. З таго часу ўстанова мае статус SPARE-школы. Гэта адукацыйная праграма аб энергетыцы і навакольным асяроддзі для школьнікаў.

Школа штогод удзельнічае ў раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Перамагае, становіцца іх лаўрэатам. Напрыклад, у абласным экалагічным фестывалі-конкурсе “Дзень Зямлі — 2018” у намінацыях “Ландшафтны мікс” і “Магія кветак: ад праекта да ўвасаблення” навучэнцы ўзнагароджаны двума дыпломамі І ступені. У рэспубліканскім конкурсе па азеляненні і добра­ўпарадкаванні “Упрыгожым Беларусь кветкамі — 2018” таксама былі пераможцамі. За ўдзел у конкурсе на лепшы прышкольны ўчастак сярод сельскіх школ Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей былі ўзнагаро­джаны дыпломам ІІ ступені і атрымалі прэмію для развіцця вучэбна-доследнага ўчастка. У 2019 го­дзе школа атрымала дыплом III ступені праекта “Зялёныя школы”.

Школа прызнана інавацыйным цэнтрам па арганізацыі і правядзенні практычных і метадычных кансультацый па пытаннях энергазберажэння, эфектыўным расходаванні энергіі ў школе і дома. У работу па прапагандзе асветніцкай дзейнасці па пытаннях энерга- і рэсурсазберажэння ўключаны ўсе настаўнікі школы. Яны працуюць з высокім узроўнем матывацыі і багатым вопытам.

Настаўніца геаграфіі Ірына Ярцава з’яўляецца кіраўніком адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”. Яна вучыць дзяцей думаць, займацца даследчай дзейнасцю і працаваць на доследным участку. Педагог упэўнена, што навукова-практычная дзейнасць — адна з самых эфектыўных форм работы па вывучэнні экалогіі і выхаванні дзяцей. Яны непасрэдна маюць зносіны з прыродай, набываюць навыкі, назапашваюць вопыт, развіваюць назіральнасць.

У рэалізацыі адукацыйнага праекта “Зялёныя школы” задзейнічана больш як палова навучэнцаў школы. Арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах, гурткоў, факультатыўных заняткаў экалагічнага кірунку. Рэалізацыя праекта ажыццяўляецца праз самыя розныя мерапрыемствы, класныя і інфармацыйныя гадзіны, факультатыўныя заняткі, аб’яднанні па інтарэсах, акцыі, навуковае таварыства “Будучыня”.

Штогод установа адукацыі ўдзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх акцыях: “Хто, калі не мы”, “Пасадзі лес”, “Гадзіна Зямлі”.

У 2013 годзе тут створаны практычны цэнтр па энергазберажэнні, а на яго базе — адпаведны музей. Работа цэнтра накіравана на тое, каб дапамагчы навучэнцам развіць такія веды і ўменні, якія дазволяць ім у далейшым выбіраць індывідуальныя і калектыўныя рашэнні лакальнага і глабальнага характару для паляпшэння якасці жыцця без пагрозы для будучыні планеты. А для гэтага, як лічаць у школе, неабходна перахо­дзіць ад пасіўнага засваення інфармацыі да актыўнага яе пошуку, крытычнага асэн­савання, выкарыстання на практыцы.

Між тым у кожнай з устаноў-пераможцаў конкурсу “Энергія сонца для зялёных школ” кампанія А1 усталюе камплекты спецыяльнага абсталявання для пераўтварэння сонечнай энергіі ў электрычную, а таксама для нагляднай дэманстрацыі школьнікам вынікаў работы сонца. Атрыманае абсталяванне будзе выкарыстана для правя­дзення эксперыментаў і напісання даследчых работ, эксперыментальных даследаванняў па энергазберажэнні.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.