Экалагічнымі сцежкамі змалку

- 10:00Адукацыйная прастора

У горадзе над Бугам выйшла ілюстраванае выданне “Экалагічнымі маршрутамі “Зімовага саду”, якое ўяўляе сабой першую кнігу з серыі “Брэст — мая малая радзіма”, дзе сабрана інфармацыя пра раслінны і жывёльны свет экспазіцыі “Зімовы сад” БрДУ імя А.С.Пушкіна. Гэта вопыт сумеснай работы творчага калектыву педагогаў дашкольных устаноў Маскоўскага раёна горада і супрацоўнікаў універсітэцкага Цэнтра экалогіі: А.П.Колбаса, А.Г.Гаўрылавец, В.М.Воўк, А.І.Кузаўка і А.А.Мартынюк.

—Дапаможнік накіраваны на рэалізацыю задач адукацыйнай галіны “Дзіця і прырода” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі ў старшай групе (ад 5 да 7 гадоў) і адрасаваны выхавальнікам, студэнтам і бацькам, зацікаўленым у экалагічным развіцці дзяцей, — расказала метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста Т.У.Паўлючук. — У ілюстраваным выданні можна азнаёміцца з картай маршруту, апісаннем жывых аб’ектаў 5 тэматычных экспазіцый (“Тропікі”, “Субтропікі”, “Пустыні”, “Рыбы” і “Птушкі”), інфармацыяй і цікавымі фактамі пра расліны і жывёл, правіламі паводзін падчас экскурсіі, экалагічным пашпартам, а таксама з метадычнымі рэкамендацыямі для педагогаў.

У дапаможніку актыўна выкарыстоўваюцца QR-коды для апісаных аб’ектаў, якія дазваляюць выву­чаць іх больш падрабязна. Дзякуючы гэтаму, педагогі могуць творча падыходзіць да складання экскурсійных маршрутаў і вар’іраваць іх у залежнасці ад пастаўленых мэт і задач. Апісанні жывых аб’ектаў прыводзяцца на высокім навукова-метадычным узроўні і адпавядаюць узроставаму ўспрыманню дашкольнікаў.

— Для большай нагляднасці апісанні су­праваджаюцца дыягнастычнымі фотаздымкамі аб’ектаў у экспазіцыі і дзікай прыродзе, — адзначыла Т.У.Паўлючук. — Большасць выяў аўтарскія. Педагогі могуць выкарыстоўваць матэрыялы зборніка падчас спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці з выхаванцамі.

Аўтары выдання спадзяюцца, што яно пашырыць кругагляд чытачоў пра біяразнастайнасць расліннага і жывёльнага свету розных прыродных зон і матывуе да далейшага вывучэння прыроды. У планах — выпуск падобных даведнікаў па экспазіцыях адкрытага грунту Цэнтра экалогіі БрДУ імя А.С.Пушкіна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.