Экалета для юннатаў

- 12:37Выхаванне

Летнік, запаведнік, нататнік і даведнік… Гэта не рыфмы для бурымэ, усё гэта стала неад’емнай часткай, напаўненнем адпачынку для атрада лепшых юннатаў Беларусі, якія 9 дзён дыслацыраваліся ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. Менавіта тут Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства праводзіць рэспубліканскі профільны аздараўленчы лагер “Юны эколаг”.

“Дамашнія” вучоныя

Для трыццаці юных дапытлівых падлеткаў дзверы ў экалогію расчыніла Домжарыцкая сярэдняя школа Лепельскага раёна Віцебскай вобласці, якая прыняла на сваёй базе юннатаў. Галоўнае, што іх аб’яднала, — гэта жаданне паглыбіцца ў экалогію, папрацаваць у тандэме з лепшымі вучонымі. Усе дзеці — выхаванцы экалагічных цэнтраў, прызёры і пераможцы абласных экалагічных злётаў. Як і ў сваіх цэнтрах, тут яны працуюць у 4 секцыях: энтамалогіі, арніталогіі, глебазнаўства і батанікі.
“У Бярэзінскім запаведніку мы праводзім лагер на працягу ўжо гадоў 15-ці, — адзначае начальнік лагера загадчык аддзела арганізацыйна-масавай работы і культурна-забаўляльнай дзейнасці РЦЭіК Валянціна Корза. — Тут ёсць чаму здзівіцца ўдзельнікам усіх 4 секцый. Акрамя таго, гэта магчымасць падрыхтавацца да злёту юных эколагаў Саюзнай дзяржавы “Экалогія без межаў”, які ў наступным годзе пройдзе ў Расіі. Дарэчы, менавіта таму ўдзельнікамі гэтага лагера становяцца хлопцы і дзяўчаты 14—16 гадоў (гэта 9—10, а не 11-я класы), каб яны змаглі прыняць удзел у злёце. Таксама тут мы наладзілі супрацоўніцтва з камандай вучоных, якія працуюць у запаведніку і якія заўсёды рады супрацоўніцтву з нашымі эколагамі. Гэта старшы навуковы супрацоўнік запаведніка арнітолаг Юрый Уладзіміравіч Багуцкі, кандыдаты сельскагаспадарчых навук, вядучыя навуковыя супрацоўнікі — глебазнаўца Васіль Максімавіч Натараў і батанік Яўгенія Мікалаеўна Іўковіч, старшы навуковы супрацоўнік энтамолаг Аляксандр Алегавіч Лукашук. Вучоныя ў нас, як мы жартуем, “дамашнія”: час іх кансультацый не абмяжоўваецца праграмай летніка, і з ранку да вечара можна бачыць іх у лагеры. Іх тут жа абступаюць дзеці і засыпаюць пытаннямі, дзеляцца сваімі здагадкамі. Яны абмяняліся тэлефонамі і кожную вольную хвілінку нашы навуковыя кіраўнікі тэлефануюць дзецям, прыходзяць да іх. Дзеці вечарам могуць патэлефанаваць і папрасіць прынесці пашыраны вызначальнік насякомых ці раслін і быць упэўненымі, што праз паўгадзінкі яны будуць гартаць яго. Такая нязмушаная атмасфера куды лепш спрыяе паглыбленню ў навуку, чым, скажам, лекцыі ва ўніверсітэце”.
Гэта гучала асабліва часта падчас трэнінгу “Душэўная свечка”, які стаў даўняй традыцыяй нашага лагера. Усе садзяцца ў круг, выключаюць святло і перадаюць адно аднаму велізарную свечку (яе Валянціна Васільеўна кожны год прывозіць у лагер), і дзеці, пакуль яе трымаюць, дзеляцца ўражаннямі ад першых дзён у ім.
“Нам, педагогам, неабходна ўпэўніцца, што дзецям тут утульна, што ўдаецца спалучыць навучанне і адпачынак, што дзеці не перагружаны, бо навучанне ў нас прыярытэтнае. Акрамя таго, што ім камфортна, мне вельмі прыемна было пачуць ад адной з дзяўчат, што ў Бярэзінскага запаведніка ёсць свая душа. Сапраўды, сюды прыязджаеш, і такое адчуванне, што ты на іншай планеце. Адзначалі нашы выхаванцы і зносіны з мясцовымі жыхарамі. Яны ўжо ведаюць нашых дзяцей, і калі тыя ідуць раніцай з сачкамі, рыдлёўкамі, то абавязкова іх вітаюць. Мясцовыя дзеці далучаюцца да нашых. Напрыклад, падчас малых алімпійскіх гульняў былі зборныя каманды”, — гаворыць Валянціна Корза.

Лясныя “будзільнікі”

Запаведнік прачынаецца рана: ужо а 6-й гадзіне ён напаўняецца птушынымі галасамі, уладальнікаў якіх яшчэ спрасонку, лежачы ў ложках, угадваюць арнітолагі. Сабіна Садзіева трапіла ў гэтую секцыю толькі таму, што не было секцыі па герпеталогіі (вывучэнне паўзуноў), якой яна сур’ёзна займаецца апошнія гады. І хоць ёй непрывычна прыглядвацца не пад ногі, а ўвысь, яна зразумела, што так прываблівае арнітолагаў. Цяпер дзяўчына з заплюшчанымі вачыма адрознівае гукі ластаўкі, крыжанкі, зябліка, сітаўкі.
“Я ніколі не думала, што ў Беларусі столькі розных птушак, — здзіўляецца Сабіна. — Я не прывыкла ўставаць рана, але, калі чуеш незнаёмыя трэлі, у прадчуванні, што ты зараз убачыш нешта новае, не спіцца. Ногі самі ўскакваюць у боты, не чакаючы будзільніка, а рука абмацвае бінокль”.
І не важна, што выключэннем святла вечарам размовы не спыняюцца: уражанні і эмоцыі ад перажытага дня, жаданне падзяліцца імі з новымі сяброўкамі сціхаюць далёка за поўнач.
У адрозненне ад навічка Сабіны, Галіна Цагельнік з Брэста ў сваёй секцыі па глебазнаўстве як рыба ў вадзе. Шурф, кіслотнасць, глебавы гарызонт, лакмусавыя паперкі даўно трывала ўвайшлі ў яе жыццё. І яна, выходзячы ў экспедыцыю ў лес, нават не хоча вяртацца ў лагер.
“Гэта дзіва — столькі тыпаў глеб на адной тэрыторыі. Мы ўбачылі глебу, з якой амаль на паверхню сачыліся грунтавыя воды. Бывае, што яе ўзровень высокі, але такога я яшчэ ніколі не сустракала. Акрамя таго, цікава праводзіць свае даследаванні ў кампаніі аднадумцаў, асабліва прыемна працаваць з вучонымі, аўтарамі тваіх настольных кніг: яны цябе вучаць, дзеляцца сваім вопытам, жартуюць. Гэта незабыўныя ўражанні”, — гаворыць дзяўчына.
Цяпер для Галі самы важны перыяд: трэба вызначацца з прафесіяй. Яна з дзяцінства марыла пра медыцынскі ўніверсітэт, але калі захапілася экалогіяй, шалі сталі імкліва апускацца ў яе бок. Але ў любым выпадку дзяўчына ўпэўнена: яна заўсёды будзе займацца гэтай навукай.
Знайшла сябе ў экалогіі і Вікторыя Нічай з Барысава Мінскай вобласці. Парог гарадскога экалагічнага цэнтра яна пераступіла крыху больш як год назад, але паспела прыняць удзел у злёце эколагаў Саюзнай дзяржавы, сабрала ў Белавежскай пушчы велізарную калекцыю раслін і актыўна папаўняла яе ўвесь апошні год, большасць вольнага часу праводзячы ў лясах. Гэтая экспедыцыя стане працягам яе чарговага даследавання — па расліннай разнастайнасці на торфабалотах і поймавых лугах.
Дзяўчына ўпэўнена, што навука дзеля навукі бессэнсоўная, таму яе поспехі відаць не толькі ў папках і сшытках, і не толькі па батаніцы. Напрыклад, яе праект стварэння заказніка “Бярэзіна” і “Гайна” ўвайшоў у тройку лепшых работ на Рэспубліканскім конкурсе дзіцячых вучэбна-даследчых праектаў “Я родным краем ганаруся” ў намінацыі “Прыродная спадчына”, а вясной быў зацверджаны для стварэння. Таму хутка ўсе 7 відаў млекакормячых, раслін і насякомых, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і знаходзяцца на гэтай тэрыторыі, дзякуючы Вікторыі будуць ахоўвацца дзяржавай. Дзяўчына вывучае, дзе і калі тут гняздуюцца птушкі ці размнажаюцца, скажам, еўрапейскія рысі і бурыя мядзведзі, каб можна было рэкамендаваць да забароны наведванне турыстамі гэтых мясцін у пэўныя часы.
“Мне вельмі прыемна назіраць, як дзеці згуртаваліся, — дзеліцца Валянціна Корза. — Я суправаджала ў экспедыцыях глебазнаўцаў, і яны кожны раз прыходзілі з заняткаў са знаходкамі для сваіх новых сяброў. Убачылі незнаёмую расліну — бяруць з сабой, няхай батанікі вызначаць, што гэта. Лётае дзіўнае насякомае — прыхопяць з сабой для энтамолагаў, пяро каляровае знайшлі — будзе загадка для арнітолагаў”.
Адгадваць такія загадкі стала часткай палявой практыкі дзяцей. Падчас знаходжання ў лагеры яны запаўнялі палявыя дзённікі, рабілі справаздачы, прэзентацыі, а на выніковай канферэнцыі трымалі абарону сваіх работ. Па агульным бале, які выстаўлялі вучоныя, будуць вызначацца ўдзельнікі злёту. А каб падрыхтоўка да яго не спынялася, навуковыя кіраўнікі далі свае рэкамендацыі, парады, якія тэмы яшчэ прапрацаваць, якую літаратуру пачытаць. А калі на нейкія пытанні не змогуць знайсці адказы, можна працягнуць супрацоўніцтва ў электроннай перапісцы.

“Экалюдзікі” на адпачынку

Канечне, які ж лагер без адпачынку? Хоць лагер доўжыўся ўсяго толькі 9 дзён, яго арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму. Экскурсія на Курган Славы і па наваколлі, падарожжа да казачнага замка ля возера Плаўна, наведванне музея прыроды і мясцовага клуба былі толькі пачаткам. Дзеці прайшлі па экалагічных сцежках, пабывалі на агляднай пляцоўцы, адкуль адкрываецца панарама ўсяго запаведніка, пазнаёміліся з жыхарамі вальераў, пасябравалі з дабрадушнай мядзведзіцай Марыйкай. Шмат прыемных уражанняў, відэа- і фотаздымкаў пакінулі квест “Экалюдзікі, ці Навінкі з экалагічнага кошыка”, дзень спорту, вечар Нептуна, гумарыстычная праграма, конкурс артыстызму і крэатыўнасці “Містар і міс запаведнік”. Вельмі цікава прайшоў конкурс міні-спектакляў экалагічнай тэматыкі “Летняе маскарад-шоу”. Як адзначае Валянціна Корза, яна і не здагадвалася, што эколагі так лёгка могуць пераўвасобіцца з засяроджаных навукоўцаў у таленавітых тэатралаў. Прычым усе падлеткі адмовіліся ад загатаваных загадзя сцэнарыяў экалагічных казак і тут жа склалі свае, прычым адразу па некалькі. Высечка лесу, пажары, сметнікі — усё гэта стала тэмай іх тэатральных пастановак.
Завяршальным акордам у экалагічным падарожжы для хлопцаў і дзяўчат стала экскурсія ў аграсядзібу “Утрына”, што ў Глыбоцкім раёне. Тут на свае вочы яны ўбачылі, што такое пермакультура. Домікі для насякомых, дуплянкі для птушак, калектарныя сушылкі для агародніны і садавіны, рэдкія жывёлы, птушкі, насякомыя, старажытныя расліны, якія вырошчвалі нашы продкі стагоддзі назад і якія засталіся толькі ў энцыклапедыях, — толькі маленькая частка таго, што ўбачылі падлеткі. Прывыклыя да электрапамочнікаў, дзеці былі проста ўражаны, колькі прыбораў могуць працаваць без электрычнасці: халадзільнікі, дрэваапрацоўчы станок, тандыр (гліняная печка), гліняная вяндлярня. Тут жа на карысць чалавеку круцяцца ветракі, а для таго, каб за лімонамі, ківі і бананамі хадзіць не на кірмаш, а ў агарод, тут пабудаваны цеплавыя пасткі.
Лагер завяршыўся ўчора ўвечары, і дзеці ўжо раз’ехаліся па дамах, распакавалі рукзакі, але экалагічны настрой іх яшчэ доўга не пакіне. Цяпер яны ствараюць свае групы ў сацыяльных сетках, выкладваюць фотаздымкі, дзеляцца ўражаннямі. У наступным годзе многія з іх сустрэнуцца зноў — на злёце юных эколагаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Валянціны КОРЗА.