Экалогія на пальцах

Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА ў партнёрстве з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, клубамі ЮНЕСКА пачынае маладзёжны праект “Маладзёжная валанцёрская сетка: “Экалогія на пальцах”, які будзе рэалізоўвацца ў Беларусі з верасня па снежань. Яго галоўны прынцып: пра складанае — проста і цікава.

Маладзёжная валанцёрская сетка будзе ўключаць 13 груп мультыплікатараў у 12 гарадах Беларусі: Мінску, Брэсце, Гродне, Мастах, Віцеб­ску, Магілёве, Гомелі, Рагачове, Мазыры, Барысаве, Маладзечне, Слуцку. У кожнай групе — па 24 школьнікі і 12 выкладчыкаў, для якіх правядуць цыкл заняткаў, дзе ўдзельнікі набудуць базавыя веды ў галіне экалогіі і іншых прыродазнаўчых навук, азнаёмяцца з сучаснымі падыходамі да аховы навакольнага асяроддзя, з метадамі атрымання энергіі і выкарыстання адходаў у Рэспубліцы Беларусь і іншых краінах свету, засвояць спосабы прымянення атрыманых ведаў у штодзённым жыцці, а таксама прынцып “роўны навучае роўнага”.

Пасля навучання школьнікі-мультыплікатары правядуць экалагічную асветніцкую работу сярод аднагодкаў ва ўстановах адукацыі сваіх рэгіёнаў. Усяго будуць падрыхтаваны 312 валанцёраў, якія далей падзеляцца сваімі ведамі ў галіне экалагічнай культуры амаль з 40 тысячамі навучэнцаў.

— У рамках праекта мы распрацавалі вучэбныя праграмы і дапаможнікі для школьнікаў і педагогаў. Яны грунтуюцца на прынцыпах нефармальнай адукацыі. Гэта значыць, мінімум лекцый, максімум інтэрактыву, разважанняў, мазгавога штурму, работы ў групах, каб дзеці і маладыя людзі ўсё прагаворвалі, прапускалі праз сябе, а не проста былі пасіўнымі слухачамі. Дадаткова да нашых дапаможнікаў мы падрыхтавалі змястоўную інфармацыю і відэаролікі па Мэтах устойлівага развіцця і па экалогіі (іх можна выкарыстоўваць як дадатковы інфармацыйны матэрыял). Але ўсё ж асноўнае — работа самой групы, нефармальная і актыўная. А для гэтага, як вядома, неабходны асобы. Мы адабралі для ўдзелу 12 гарадоў, дзе найбольш актыўна працуюць клубы ЮНЕСКА. У ліку ўдзельнікаў, напрыклад, будзе клуб ЮНЕСКА “Мазаіка” (гімназія № 1 Брэста), клуб ЮНЕСКА “ШОК” (сярэдняя школа № 9 Брэста), якія пастаянна займаюцца экалагічным асветніцтвам, прымаюць удзел і перамагаюць у міжнародных праектах і конкурсах. Гэта будуць клубы, дзе моладзь ініцыятыўная, дзе наладжаны добрыя партнёрскія адносіны з органамі мясцовай улады, сістэмай адукацыі. Праект партнёрскі і тут самае важнае — дзейнічаць разам, — па­тлумачыў Дзмітрый Субцэльны, старшыня Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА.

Днямі ў прыгарадзе Мінска для педагогаў-каардынатараў па праекце прайшоў трохдзённы рэспубліканскі семінар. Галоўным экспертам на ім выступіла Наталля Рыбянец, кандыдат тэхнічных навук, загадчыца міжкафедральнага цэнтра — кафедры ЮНЕСКА па прыродазнаўчанавуковай адукацыі БДУ, якая курыруе пытанні рэзерватараў і іншыя экалагічныя пытанні. Выступоўцамі былі таксама маладыя лідары, якія займаюцца нефармальнай адукацыяй.

Ужо 23—25 верасня пачнуцца першыя семінары па падрыхтоўцы школьнікаў-мультыплікатараў. Спачатку яны прой­дуць у Мінску, у партнёрстве з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама. І ў межах гэтага семінара будзе падрыхтавана група з 58 школьнікаў-мультыплікатараў з 32 агульнаадукацыйных устаноў сталіцы. Пасля гэтага яны пачнуць праводзіць навучанне ў горадзе.

— У рамках праекта мы не ставім перад сабой задачы зрабіць глабальныя адкрыцці, мы толькі хочам паспрыяць таму, каб інфармацыя аб ахове навакольнага асяроддзя распаўсюджвалася па прынцыпе “роўны — роўнаму” ўсё шырэй і шырэй, каб дзеці і маладыя людзі разумелі, як абыходзіцца з адходамі, з батарэйкамі, і ўсвядомілі, што ахова прыроды — наша агульная  задача, — адзначыў Дзмітрый Субцэльны.

Святлана НІКІФАРАВА.