“Экалогія тэхналогій” — вялікі праект бізнесу і навуковай супольнасці

На базе Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта адбылася прэзентацыя навукова-практычнага праекта “Экалогія тэхналогій”. Галоўнай яго задачай з’яўляецца кансалідацыя бізнесу і навуковай супольнасці, а таксама прыцягненне студэнтаў для вырашэння практычных задач акумулятарнай і машынабудаўнічай галін прамысловасці.

Праект рэалізоўваецца пры падтрымцы буйных прамысловых прадпрыемст­ваў краіны: ААТ “Мінскі трактарны завод” і ААТ “Амкадор” — кіруючая кампанія холдынга”. Генеральнымі партнё­рамі выступаюц­ь група кампаній 1AK-GROUP і Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

Як было адзначана падчас прэзентацыі, пытанні энергетыкі, сучасных аднаўляльных крыніц, транспарту, утылізацыі адходаў актуальныя для ўсёй сусветнай эканомікі. І для вырашэння шматлікіх задач у згаданых напрамках мэтазгодна задзейнічаць універсітэцкі патэнцыял.

У аснове праекта — конкурс студэнцкіх работ, які праводзіцца па 5 напрамках:

  • прамысловая экалогія;
  • інфармацыйныя тэхналогіі ў экалогіі і вытворчасці;
  • электрахімічныя тэхналогіі, хімічныя крыніцы току;
  • пластык і яго перапрацоўка;
  • тэхналогіі захоўвання энергіі.

У рамках конкурсу запланаваны майстар-класы з удзелам экспертаў у сферы машынабудавання, энергетыкі і акумулятарнай галіны, а таксама спецыялістаў у галіне прэзентацыі праектаў. Акрамя гэтага, будуц­ь арганізаваны круглыя сталы з абмеркаваннем адпаведных тэм.

Конкурс студэнцкіх работ, які стартаваў 25 сака­віка, працягнецца да канца года (з умовамі можна азнаёміцца на сайце 1ak-group.com). На працягу 9 месяцаў удзельнікі разам з навуковымі кіраўнікамі і экс­пертамі зоймуцца распрацоўкай новых тэхналагічных рашэнняў у акрэсленых напрамках. Пераможцы змогуць прайс­ці стажыроўку на прадпрыемствах, якія з’яўляюцца партнёрамі конкурсу, і атрымаюць практычную дапамогу ад кампаній-партнёраў у рэалізацыі сваіх праектаў.

“Развіццё сучасных тэхналогій дыктуе правілы і для бізнесу,  — заў­важыў Сяргей Мельніковіч, дырэк­тар ТАА “АйПаўэр” — прадпрыемст­ва, якое ўваходзіць у групу кампа­ній 1AK-GROUP. — Мы з’яўляем­ся найбуйнейшай кампаніяй у краіне ў акумулятарнай галіне і лічым, што неабходна развівац­ь гэты кірунак, пашыраць магчымасці і ўдасканальвацца. Для ўвасаблення пастаўленых задач неабходна падтрымка з боку навукі. Зыходзячы з гэтага мы і ініцыіравалі такі праект”.

Зараз у БДТУ ўдзяляецца вялікая ўвага практычнаму прымяненню навуковых ведаў у розных галінах. “Да канца года мы прадэманструем цікавыя і эканамічна выгадныя праекты”, — запэўніў рэктар універсітэта прафесар Ігар Войтаў.

Адным з экспертных цэнт­раў праекта з’яўляецца Нацыянальная акадэмія навук. “Галіна электратранспарту ў Беларусі толькі пачынае развівацца, адчуваецца недахоп кадраў, — гаворыц­ь начальнік упраўлення НДЦ “Электрамеханічныя і гібрыдныя сілавыя ўстаноўкі мабільных машын” Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Аляксандр Бялевіч, — таму мы гатовы ўсяляк падтрымліваць і суправаджаць каманды на ўсіх этапах конкурсу, аказваць дапамогу пры падрыхтоўцы праектаў, гатовы прымаць на работу маладых спецыялістаў для развіцця галіны электратранспарту”.

Прарэктар па навуковай рабоце БДТУ прафесар Алег Дармешкін адзна­чыў вялікую зацікаўленасць універсітэцкай супольнасці ў рэалізацыі праекта. “Гэты праект з’яўляецца ў пэўным сэнсе ўнікальным, бо ініцыятарам выступіла не адукацыйная структура, а бізнес. Немалаважным з’яўляецца і выбар пляцоўкі для правядзення конкурсу: БДТУ адпавядае сучасным патрабаванням адукацыі, мае добрую навуковую і тэхнічную базу для вырашэння пастаўленых задач”, — падкрэсліў Алег Барысавіч.

Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі таксама падтрымаў супрацоўніцтва бізнесу і адукацыйных структур. “Спадзяёмся, што гэта бу­дзе добры прыклад дзяржаўнага і прыватнага партнёрства ў інавацыйнай сферы. Магчыма, конкурс стане пачаткам вялікага шляху супрацоўніцтва ўніверсітэтаў, дзяржаўных і прыватных кампаній, перарасце ў вялікі інфраструктурны праект”, — зазначыў начальнік упраўлення інавацыйнай палітыкі ДКНТ Яўген Мальчэўскі.

Галіна СІДАРОВІЧ.