Эканамічная дзейнасць Садружнасці актывізуецца

- 10:08Інфармацыйная гадзіна

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе, які апублікаваў Дэпартамент ААН па эканамічных і сацыяльных пытаннях.

Аўтары даклада паведамляюць аб актывізацыі эканамічнай дзейнасці на прасторы СНД: назіраецца аднаўленне росту ў Расіі і ажыўленне эканомікі ў Казахстане, Арменіі, Кыргызстане і Узбекістане, з рэцэсіі выйшла Беларусь.

“Паляпшэнне ўмоў гандлю, больш спрыяльныя знешнія ўмовы і змяншэнне нестабільнасці ў макраэканоміцы садзейнічалі паляпшэнню эканамічнага клімату ў рэгіёне. Рост рэгіянальнага ВУП (запаволіўся амаль да стагнацыі ў 2016 годзе) у 2017 годзе, згодна з прагнозамі, складзе 2,2 працэнта”, — адзначаецца ў прэс-рэлізе. Чакаецца, што ў 2018 і 2019 гадах рост паскорыцца прыкладна да 2,3 і 2,4 працэнта адпаведна.

Эканоміка краін Цэнтральнай Азіі будзе расці хутчэй, чым у іншых краінах СНД, за кошт павелічэння прытоку грашовых пераводаў, рэалізацыі ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”, а ў некаторых выпадках — фінансавання развіцця з бюджэтных сродкаў. Але ў цэлым у большасці краін СНД прагназуецца адносна ўмераны рост, які будзе па-ранейшаму значна ніжэйшы за дакрызісныя паказчыкі.

У дакладзе падкрэсліваецца, што аднаўленне эканомікі адбываецца ў асноўным за кошт унутранага попыту. У Расіі на фоне станоўчых тэмпаў росту рэальнай заработнай платы паляпшаецца дынаміка рознічнага гандлю і іпатэчнага крэдытавання. Разам з тым спажыванне застаецца адносна нізкім. Інвестыцыі аднаўляюцца пасля мінулагодняга спаду, у Расіі іх росту садзейнічае падрыхтоўка да чэмпіянату свету па футболе.

Узровень інфляцыі ў краінах СНД у 2017 годзе вар’іраваўся ад практычна нулявога ў Арменіі да двухзначных паказчыкаў росту цэн у Азербайджане і Украіне.

Аўтары даклада адзначаюць, што ў 2017 годзе рост глабальнай эканомікі складзе 3 працэнты. Гэта рэкордны паказчык за перыяд пасля 2011 года. У найбліжэйшыя два гады, чакаюць эксперты, сусветная эканоміка будзе расці такімі ж тэмпамі.

Асноўныя фактары, што паўплывалі на ўмацаванне глабальнага ВУП, — устойлівы рост у некалькіх развітых краінах, а таксама выхад з рэцэсіі Аргенціны, Бразіліі, Нігерыі і Расіі. Уздым падмацоўваецца ажыўленнем сусветнага гандлю і паляпшэннем інвестыцыйных умоў.

Як лічаць у ААН, рост сусветнай эканомікі стварае магчымасці для вырашэння доўгатэрміновых праблем, такіх як змяненне клімату, ліквідацыя сацыяльнай няроўнасці і ўстараненне інстытуцыянальных перашкод на шляху развіцця.