На важнасці паляпшэння эканомікі і павышэння эканоміі ў галіне была акцэнтавана ўвага ўдзельнікаў выніковай калегіі ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, якая прайшла ў мінулы чацвер. У рабоце выніковага пасяджэння прынялі ўдзел памочнік прэзідэнта, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, а таксама намеснікі старшыняў райвыканкамаў, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання, работнікі ўпраўлення адукацыі, Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Пасяджэнне калегіі адкрыў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, які ў сваім выступленні падвёў вынікі работы па сацыяльна-эканамічным развіцці сферы адукацыі Магілёўшчыны ў 2013 годзе і акрэсліў задачы на год бягучы.
— Рацыянальнае выкарыстанне кадравага патэнцыялу, фінансава-гаспадарчая дзейнасць органаў кіравання, устаноў адукацыі, аснашчанасць, тэхнічны стан аб’ектаў і іх мэтавае выкарыстанне шмат у чым вызначаюць галоўны паказчык — якасць адукацыі. За год планавай работы ў гэтым кірунку было зроблена нямала. Аднак ёсць праблемы, якія патрабуюць вырашэння. Таму прынятая сёння пастанова павінна стаць тым падмуркам, на якім у найбліжэйшай перспектыве будзе будавацца эканоміка адукацыі вобласці, — падкрэсліў Уладзімір Рыжкоў.
Па словах Уладзіміра Уладзіміравіча, спрацавалі па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці дастаткова плённа. Напрыклад, функцыянаванне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі разглядалася праз прызму эканамічнай эфектыўнасці. У сувязі з гэтым былі прыняты меры кіраўніцкага плана, накіраваныя на павелічэнне напаўняльнасці класаў і памяншэнне выдаткаў на аднаго вучня, а таксама на правядзенне паслядоўнай работы па аптымізацыі і рацыяналізацыі сеткі ўстаноў адукацыі з улікам дэмаграфічнай сітуацыі і асаблівасцей развіцця рэгіёнаў. Як вынік — у мінулым годзе ў вобласці было закрыта дваццаць тры і рэарганізавана дваццаць адна ўстанова.
Аднак у некаторых раёнах захаваліся на высокім узроўні выдаткі на ўтрыманне аднаго навучэнца. Звязана гэта з функцыянаваннем малакамплектных школ, якія не аптымізаваны, хоць для падвозу навучэнцаў ад месца жыхарства да месца навучання і назад было набыта трыццаць аўтобусаў. Дарэчы, штодзень у вобласці ажыццяўляецца падвоз у школы больш як васьмі тысяч вучняў. Такая форма арганізацыі адукацыйнага працэсу выкарыстоўваецца ў кожным раёне. Аднак выдаткі на аднаго вучня, напрыклад, у Дрыбінскім і Клічаўскім раёнах склалі больш за 25 млн рублёў, тады як у Кіраўскім — 18, а ў Асіповіцкім — 16,9 мільёна. Як скараціць такі разрыў, падказаў памочнік прэзідэнта, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў. Ён прапанаваў разгледзець у якасці альтэрнатывы падвозу арганізацыю інтэрнатаў пры гімназіях і школах, што павінна паспрыяць змяншэнню выдаткаў.
Асаблівая ўвага на працягу мінулага года ўдзялялася напаўняльнасці школ Бабруйска і Магілёва. Але, нягледзячы на праведзеную работу, а таксама на зніжэнне за апошні час агульнай колькасці навучэнцаў, сітуацыя з другімі зменамі фактычна не змянілася. Кожны чацвёрты школьнік вучыцца ў другую змену і гэта больш чым у сямі-дзесяці працэнтаў школ. Відавочна нерацыянальнае размеркаванне навучэнцаў, адны ўстановы загружаны напалову, іншыя — перагружаны.
— Органам кіравання адукацыі Бабруйска і Магілёва неабходна ўлічваць гэты факт пры фарміраванні і зацвярджэнні кантрольных лічбаў прыёму навучэнцаў ва ўстановы адукацыі, не дапускаць іх перавышэння, весці інфармацыйную работу з бацькамі аб залічэнні дзяцей у адпаведнасці з замацаванымі за мікрараёнамі ўстановамі, згодна з рашэннямі гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, — адзначыў у ходзе пасяджэння начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў. — Правядзенне аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, прыняцце рашэнняў па павелічэнні напаўняльнасці класаў і рэалізацыі ўсіх запланаваных мерапрыемстваў запатрабуе перабудовы ў рабоце і кіраўнікоў устаноў і настаўнікаў. Ні адно з названых дзеянняў не накіравана на пагаршэнне, а якраз мае на ўвазе павышэнне матывацыі да работы, а таксама яе эфектыўнасці і зацікаўленасці ў ёй, — дадаў Уладзімір Уладзіміравіч.
У вобласці захоўваецца даступнасць якаснай дашкольнай адукацыі, якая забяспечваецца за кошт будаўніцтва дашкольных устаноў, аптымізацыі іх сеткі, укаранення новых форм яе арганізацыі. Нядрэнная дынаміка развіцця назіраецца і ў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Установамі гэтага профілю за справаздачны перыяд падрыхтавана і выпушчана 5,4 тысячы чалавек, практычна ўсім ім (99,3% — лепшы паказчык у рэспубліцы) прадастаўлена першае рабочае месца. У мінулым годзе ў прафесійна-тэхнічныя ўстановы вобласці толькі на дзённую форму навучання было залічана 3755 чалавек, што перавысіла даведзены план. Станоўчым аспектам стала і арганізацыя падрыхтоўкі рабочых у прафесійна-тэхнічных вучылішчах пры выпраўленчых установах па вячэрняй форме навучання, што дазволіла скараціць выдаткі больш чым у паўтара разу. Але сутыкалася прафтэхадукацыя вобласці і з праблемамі, асноўнай з якіх стала камплектацыя ўстаноў сельскагаспадарчай вытворчасці. Вырашэннем пытання па фарміраванні сярод навучэнцаў сельскіх школ цікавасці да прафесій сельскагаспадарчай вытворчасці, на думку спецыялістаў упраўлення адукацыі, можа стаць больш шырокае выкарыстанне прафарыентацыйнай работы, пачынаючы з малодшых класаў школы.
Добрая дынаміка назіраецца ў рэгіёне і ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржаўных праграм. Так, выкананне ўстаноўленых у галіне нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў і паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці забяспечана ў поўным аб’ёме. Плённая работа праведзена па будаўніцтве і правядзенні капітальных рамонтаў аб’ектаў адукацыі. За мінулы год былі ўведзены ў эксплуатацыю дзіцячы сад на 240 месцаў у мікрараёне Заходні Бабруйска, прыбудова да Ржаўскай базавай школы Слаўгарадскага раёна, а таксама праведзены капітальны рамонт у шасцідзесяці разнапрофільных установах адукацыі. Неабходна адзначыць таксама праведзеную работу па забеспячэнні пажарабяспечнага стану аб’ектаў адукацыі. На гэтыя мэты было накіравана каля сямі мільярдаў рублёў, і на сёння ні па адной установе няма дзеючых пастаноў органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду аб забароне іх эксплуатацыі.
Асаблівы акцэнт у ходзе пасяджэння калегіі быў зроблены на забеспячэнні выканання задання па энергазберажэнні і павелічэнні аб’ёму даходаў ад ажыццяўлення пазабюджэтнай дзейнасці. Лідарам і ўзорам для пераймання ў гэтым плане па вобласці з’яўляецца Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж. Дарэчы, менавіта на базе гэтай навучальнай установы праходзіла пасяджэнне калегіі і яе ўдзельнікі маглі азнаёміцца з метадамі як эканоміі і беражлівасці, так і вядзення прадукцыйнай пазабюджэтнай дзейнасці ў каледжы.
— У мінулым годзе ў нас завершана поўная тэрмарэнавацыя ўсіх будынкаў, праведзена замена аконных і дзвярных блокаў, тэхнічнага абсталявання сталовай, а таксама бытавых прыбораў у інтэрнатах. Значнай эканоміяй цеплаэнергіі стала забеспячэнне кожнага радыятара фольгавай плёнкай, устаноўка па перыметры тэрыторыі ўстановы пяці пражэктараў з датчыкамі інфрачырвонага выпраменьвання, рэгулявання цепланосьбіта на воданагравальніку і батарэях ацяплення. Электрычнасць дапамагаюць эканоміць устаноўленыя ў вучэбных класах і майстэрнях энергазберагальныя люмінісцэнтныя лямпы, — расказаў падчас экскурсій дырэктар каледжа Алег Бахановіч.
Па словах Алега Адамавіча, да эканомнага расходавання энергіі прывучаюць у каледжы і навучэнцаў. У кожным класе ўстановы ёсць сучасныя вучэбныя стэнды, выкладчыкамі распрацаваны спецыялізаваныя курсы па вучэбных прадметах. Акрамя таго, ва ўстанове функцыянуе інфармацыйны цэнтр па прапагандзе і навучанні асновам энергазберажэння. Падобны падыход да справы мае і адпаведны вынік. Тэхнічнае абсталяванне дазваляе штогод эканоміць каля 200 млн рублёў. А навучэнцы і педагогі каледжа за апошніх пяць гадоў у рэспубліканскіх конкурсах “Энергамарафон” і “Энергія і асяроддзе пражывання” заваявалі дваццаць прызавых дыпломаў.
Што тычыцца пазабюджэтнай дзейнасці, то за мінулы год установа атрымала больш за 4 млрд рублёў. Падобныя аб’ёмы прыбытку дазваляюць накіроўваць грашовыя сродкі на павышэнне заработнай платы работнікаў. Напрыклад, на сёння сярэднямесячная заработная плата ў эканамічным каледжы складае больш за пяць мільёнаў рублёў, што вышэй за сярэднеабласны паказчык.
Па выніках калегіі быў прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на ліквідацыю выяўленых недахопаў і актывізацыю станоўчых фактараў у сферы адукацыі рэгіёна.