Эканамічны форум для дзяцей

- 10:40Адукацыйная прастора

Дзіцячы эканамічны форум адбыўся ў Магілёўскім раёне. Мерапрыемства стала часткай праграмы інвестыцыйнага форуму “Магілёўскі раён — тэрыторыя магчымасцей” і аб’яднала прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады, інвестараў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагогаў і навучэнцаў з усёй вобласці.

— Форум праводзіўся ўпершыню. Падобных мерапрыемстваў раней на Магілёўшчыне не арганізоўвалася. Галоўнай нашай мэтай было стварэнне пляцоўкі з інтэнсіўным адукацыйным працэсам, на якой маладыя людзі могуць прадэманстраваць свае таленты, здольнасці і ідэі, набыць дадатковыя веды па розных напрамках, — расказала начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама Н.У.Колас.

Паводле яе слоў, у раёне створаны ўсе ўмовы для атрымання якаснай адукацыі. Другі год запар мясцовыя ўстановы адукацыі прызнаюцца лепшымі ў краіне па арганізацыі адукацыйнай дзейнасці. Шмат дасягненняў ёсць у педагогаў і навучэнцаў.

— Адукацыйная сетка раёна ўключае ў сябе 17 устаноў дашкольнай адукацыі, якія наведваюць 1440 выхаванцаў, а таксама 19 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з кантынгентам у 3535 навучэнцаў. Важна, што ў навучальных установах створаны ўсе ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу на высокім узроўні. Сацыяльны стандарт па забяспечанасці дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі па раёне складае 88%. Гэта вышэй за сярэдні нарматыў. Абсалютна кожнае дзіця пяцігадовага ўзросту ахоплена падрыхтоўкай да навучання ў школе. У поўным аб’ёме выкананы нарматывы забяспечанасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі плошчай, спартыўнымі плоскасцевымі пляцоўкамі і будынкамі спартыўнага прызначэння. Ва ўсіх установах, дзе навучаюцца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, створана неабходнае адукацыйнае асяроддзе дзякуючы развіццю інклюзіўных тэндэнцый. Не так даўно Кадзінская і Мяжысецкая сярэднія школы, а таксама яслі-сад аграгарадка Кадзіна прызнаваліся лепшымі ў краіне сярод устаноў адукацыі сельскай мясцовасці, — расказала Н.У.Колас. — Дасягненняў многа, але мы працягваем актыўнае развіццё ўстаноў адукацыі, прыцягваючы зацікаўленых інвестараў. Аддзелам па адукацыі наладжана ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з установамі адукацыі розных рэгіёнаў Беларусі. Узаемадзеянне выбудавана і з партнёрамі з Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі і іншых краін. Характэрна, што спонсары не толькі інвесціруюць у сферу адукацыі, але і аказваюць матэрыяльную падтрымку таленавітай моладзі. У тым ліку для падтрымання ініцыятыўнасці маладых людзей ствараўся і гэты форум. Мы імкнуліся да таго, каб карысць ад арганізаваных зносін маглі атрымаць усе ўдзельнікі — моладзь, прадстаўнікі органаў улады, інвестары, педагогі, — дадала Наталля Уладзіміраўна.

Форум сапраўды прайшоў актыўна і інфармацыйна насычана. Прысутным была прадстаўлена выстава метадычных матэрыялаў, распрацаваных выхавальнікамі ўстаноў дашкольнай адукацыі. Для навучэнцаў з ліку пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці быў арганізаваны адкрыты дыялог, дзе дзеці маглі падзяліцца сваімі ведамі, думкамі і ідэямі. Свае ініцыятывы навучэнцы сумесна з педагогамі маглі прадставіць і ў ходзе інтэрактыўнай прэзентацыі і абмену вопытам у даследчай рабоце эканамічнай накіраванасці.

Дарэчы, цікавых праектаў было агучана нямала. Як аказалася, у Магілёўскім раёне назапашаны эфектыўны вопыт работы па фарміраванні фінансавай дасведчанасці ў падрастаючага пакалення, развіцці прадпрымальніцкай і сацыяльнай актыўнасці моладзі.

Так, выхаванцы ясляў-сада аграгарадка Раманавічы ў гульнявой форме навучаюцца асновам фінансавай дасведчанасці. Малышы на справе даведваюцца, што такое грошы і як іх выкарыстоўваць, вучацца карыстацца банкаматам, набываюць іншыя неабходныя ў побыце навыкі. У Камінтэрнаўскай сярэдняй школе педагогі і навучэнцы распрацавалі праект па ўдасканаленні цеплаэфектыўнасці сваёй установы. Рацыянальныя ідэі па эканоміі энергіі ў навучальнай установе прэзентавалі таксама прадстаўнікі Усходаўскай школы. У Кадзінскай і Вейнянскай школах распрацавалі сучасныя інтэрактыўныя формы навучання фінансавай дасведчанасці. Цікавы праект “Сям’я offline” прадставіў калектыў Хонаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Ідэя праекта служыць своеасаблівай праграмай для арганізацыі сямейнага вольнага часу выхаднога дня.

Адметна, што ў ходзе форуму была прадстаўлена сістэма работы па аказанні платных адукацыйных паслуг, турыстычная дзейнасць устаноў адукацыі раёна. Падчас форуму таксама праходзіла выстава-продаж сувенірнай прадукцыі, вырабленай выхаванцамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Магілёўскага раёна. Усе жадаючыя маглі скарыстацца паслугамі кіберзоны, арганізаванай раённым камітэтам БРСМ, а таксама паўдзельнічаць у гульнявой і канцэртнай праграмах.

Асабліва значна, што па выніках форуму найбольш перспектыўныя праекты маладых людзей змогуць атрымаць грамадскую дзяржаўную і міжнародную падтрымку.

— Галоўныя інвестыцыі — гэта інвестыцыі ў нашых дзяцей, — падкрэсліла ў ходзе форуму намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама ў сферы эканомікі І.В.Чындо.

Плануецца, што форумы такога фармату стануць у раёне рэгулярнымі. Гэта будзе своеасаблівая пляцоўка, дзе маладыя людзі будуць мець магчымасць гучна заявіць аб сваіх здольнасцях, знайсці для сябе зыходны пункт для ўдзелу ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.