Эканамічны форум прыме Мінск

Еўразійскі эканамічны форум плануецца правесці ў Мінску ў 2020 годзе. Такая дамоўленасць дасягнута ў Ерэване на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Як растлумачыў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка, форум прапануецца праводзіць на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. “Штогод у дзяржаве, якая старшынствуе, будзе праходзіць з удзелам прэзідэнтаў форум эканамічнай праблематыкі. Мы вызначылі парадак, як форум будзе рыхтавацца, каб гэта было магутнае мерапрыемства, якое суправаджае само пасяджэнне (Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. — Заўв. БелТА.)”, — адзначыў ён. Першы такі форум плануецца правесці ў наступным годзе ў Мінску.

Арганізаваць бізнес-форум ЕАЭС прапанаваў на мінулым саміце прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. Гэтае мерапрыемства, на думку армянскага прэм’ера, павінна прайсці паралельна пасяджэнню Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў сталіцы краіны, якая старшынствуе ў “пяцёрцы”.

Форум плануецца арганізаваць за кошт саюзнага бюджэту пры фінансавым садзейнічанні дзяржавы, якая старшынствуе ў органах ЕАЭС.