Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам намесніка прэм’ер-міністра Аляксандра Субоціна і міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжу.
“Я запрасіў вас, каб абмеркаваць стан спраў у асноўнай нашай галіне, фундаментальнай. Гэта адна з базавых галін нашай эканомікі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што каля 40 працэнтаў тэрыторыі Беларусі займаюць лясы — найкаштоўнейшы аднаўляльны рэсурс. За гады незалежнасці іх плошча была павялічана амаль на 1 млн га. “Гэта сведчыць пра тое, што мы не “драпежнікі” і да прыроды, таго рэсурсу, які дараваны нам Госпадам, ставімся па-чалавечы”, — падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь — адна з вядучых дзяржаў Еўропы з пункта гледжання лясных рэсурсаў. Каранёвы запас драўніны дасягнуў амаль 2 млрд куб.м. Доля спелых лясоў і перастойнага дрэвастою перасягнула 20 працэнтаў ад агульнага запасу.
“І, што вельмі важна, мы аднавілі тое, што было страчана ў бытнасць Савецкага Саюза, калі ўсю дзелавую драўніну (я гэта памятаю) гналі эшалонамі за межы краіны, секлі, вазілі, адпраўлялі ў Германію або Румынію, а яны нам прывозілі адтуль мэблю. Тады доля спелых лясоў складала 3 працэнты, сёння — 20 працэнтаў”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, лясная галіна працуе стабільна, нягледзячы на складанасці эпідэміялагічнай сітуацыі. Як і сельская гаспадарка, дрэваапрацоўка ў мінулым годзе паказала добрыя вынікі. “У дрэваапрацоўцы вялікая заслуга ваша, таму што крыніца, сыравіна — гэта нашы лясныя рэсурсы. Вы таксама нібыта нядрэнна спрацавалі, аж да вырашэння тых праблем і задач, якія былі мной пастаўлены па перапрацоўцы адходаў. Вельмі шмат у нас было караедаў апошнія гады, мы вымушаны былі многа высечы лясных масіваў з мэтай прафілактыкі, — нагадаў прэзідэнт. — Паставілі пелетныя заводы, пачалі выпрацоўваць найкаштоўнейшае паліва. Як вы дакладваеце, усё закантрактавана і ўсе гэтыя прадпрыемствы выйшлі на прыбытак. Попыт на гэтую прадукцыю будзе заўсёды”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нізкаякасная драўніна запатрабавана як за мяжой, так і на ўнутраным рынку. “Нам самім трэба закрыць патрэбы, каб замясціць для ацяплення прыродны газ. Чаго мы палім імпартны рэсурс, калі ў сябе пад нагамі гэты велізарны рэсурс? Таму я абсалютна падтрымліваю вашу прапанову, што нам на перспектыву трэба вызначыць, колькі вы будзеце нарыхтоўваць гэтых дроў, пелет і шчэпак для ўнутраных патрэб. Мы павінны ацяпляць дамы, вёскі, аграгарадкі, гарады дровамі. У нас хапае гэтага аднаўляльнага рэсурсу. Такім чынам мы можам скараціць спажыванне прыроднага газу, за які мы плацім вялікія грошы”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Эканамічныя паказчыкі лясной галіны застаюцца стабільнымі. Стратныя арганізацыі адсутнічаюць, а даход больш як у два разы перавышае аб’ём бюджэтнага фінансавання. “Гэта вельмі добры паказчык. Гэта тое, аб чым мы марылі гадоў 15—20 назад”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт дадаў, што стан спраў у лясной гаспадарцы і перспектывы развіцця гэтай галіны трэба абмеркаваць не толькі ў вузкім коле, але і на сур’ёзнай нарадзе.
Як далажыў міністр лясной гаспадаркі, сёння лясістасць Беларусі блізкая да аптымальнай. Калі ў пасляваенныя гады яна складала каля 21 працэнта, то цяпер перавышае 40 працэнтаў. “Калі гаварыць пра склад беларускіх лясоў, то сасна ў нас займае практычна 55 працэнтаў, бяроза — да 19 працэнтаў, елка — 11 працэнтаў”, — расказаў Віталь Дрожжа.
Ён таксама праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці пасадачнага матэрыялу, запрасіўшы прэзідэнта пабываць у новым цяплічным комплексе пры Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насенняводчым цэнтры. Яго паспелі ўжо ацаніць расійскія партнёры. “Там цалкам перадавыя тэхналогіі па вырошчванні пасадачнага матэрыялу. Мы ўжо ідзём далей — вырошчваем пасадачны матэрыял і ствараем беларускія лясы на 50 працэнтаў селекцыйным пасадачным матэрыялам. Значыць, ужо генетыкі і селекцыянеры працуюць у гэтай частцы”, — дадаў міністр.