Эканоміка для маленькіх школьнікаў

- 14:18Навіны рэгіёнаў

Каб быць паспяховым, чалавеку патрэбны веды ў розных галінах жыццядзейнасці. У тым ліку і пэўныя эканамічныя веды. З разуменнем гэтага ў Затур’янскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Нясвіжскага раёна выхоўваць эканамічную дасведчанасць і культуру ў дзяцей пачынаюць з самага юнага школьнага ўзросту.

Зразумела, ніхто не імкнецца зрабіць так, каб першакласнікі віртуозна арыентаваліся ў рынку каштоўных папер і ведалі, чым адрозніваюцца кансігнацыя і аблігацыя. Але дзецям можна даць на зразумелым ім узроўні агульнае ўяўленне аб эканамічным боку жыцця, аб узаемасувязі працы і даходаў, беражлівасці і дабрабыту, іншых рэчах, якія, безумоўна, будуць патрэбнымі ў штодзённым жыцці.

Калі дзіця ідзе ў школу, у яго ўжо ёсць уяўленне аб некаторых эканамічных паняццях і тэрмінах. Так, ужо ў гэтым узросце яны могуць ведаць, што такое кошт, грошы, пакупка і інш. Нават калі не займацца з імі мэтанакіравана, яны будуць пашыраць свае веды проста дзякуючы штодзённаму жыццю і зносінам з бацькамі, знаёмымі. Але гэтыя веды, падораныя самім жыццём, могуць застацца павярхоўнымі, проста ўрывачнай інфармацыяй. А ў выпадку, калі дарослыя дапамогуць дзіцяці сістэматызаваць і пашырыць гэтыя веды, накіруюць яго ўвагу і цікаўнасць у правільнае рэчышча, гэта будзе надзвычай карысным для дзіцяці ў будучыні.

У Затур’янскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе вырашылі, што цікавасць да ўсяго на свеце, якая адрознівае навучэнцаў пачатковай школы, можа стаць цудоўнай асновай для эканамічнай адукацыі. Выбудаваць сістэму работы ў гэтым кірунку дапамог педагагічны праект “Фарміраванне навыкаў эканамічнай культуры малодшых школьнікаў”, які на працягу трох гадоў рэалізоўваўся ва ўстанове. У рэалізацыі праекта ўзялі ўдзел 28 навучэнцаў 1—4 класаў і іх настаўнікі. Для дасягнення галоўнай мэты — павышэння ўзроўню эканамічнай культуры малодшых школьнікаў — пэўным чынам арганізоўваўся адукацыйны працэс на ўроках і ў пазаўрочны час.

Прадметы, якія выкладаюць малодшым школьнікам, валодаюць вялікім патэнцыялам для фарміравання эканамічных ведаў, уменняў і навыкаў элементарнай практычнай дзейнасці вучняў. Гэтым шырока карысталіся настаўнікі на ўроках.

Напрыклад, на ўроках матэматыкі прапаноўваліся задачы, якія ўтрымлівалі такія эканамічныя паняцці, як “цана”, “тавар”, “колькасць прадукцыі”, “расход матэрыялаў” і іншыя. Таксама спецыяльна падабраныя задачы вучылі эканомна траціць грошы. Напрыклад, настаўнікі прапануюць палічыць, што больш выгадна купіць для сям’і да гарбаты — 3 пірожныя па цане 2,4 рубля кожнае або набор з 3 пірожных коштам 9 рублёў? Многія з такіх заданняў звязаны са штодзённым жыццём. Напрыклад, вучні вылічваюць, колькі грошай неабходна для пакупкі прадуктаў для сям’і з 4 чалавек на месяц. Такія заданні даюць дзецям разуменне рэальнага кошту грошай, фарміруюць звычку суадносіць жаданні з магчымасцямі. Дзеці ўсведамляюць, што такое сямейны бюджэт і наколькі важна правільна яго размяркоўваць. Настаўнікі ўмела скіроўвалі ўвагу дзяцей на простыя, але важныя рэчы, у выніку чаго навучэнцы атрымалі элементарныя ўяўленні аб відах уласнасці, разумных тратах, кошце школьнай маёмасці, падручнікаў, расходаў на рамонт будынка ўстановы адукацыі, яго абсталявання.

Фарміраванне эканамічнай культуры — гэта яшчэ і выхаванне беражлівасці, павагі да працы як асновы дабрабыту. Прастору для такой работы даюць урокі літаратурнага чытання, працоўнага навучання, па прадмеце “Чалавек і свет”. Напрыклад, самы вядомы і відавочны прыклад легкадумнасці і недальнабачнасці — Страказа з вядомай басні І.А.Крылова — дапамагае прадэманстраваць дзецям важнасць гаспадарлівасці і працавітасці.

Шмат цікавага адбывалася і ў пазаўрочны час. Былі арганізаваны метадычныя выставы, дэкады, панарама адкрытых заняткаў і мерапрыемстваў. На працягу рэалізацыі праекта навучэнцы ўдзельнічалі ў розных аперацыях і акцыях: “Мы — за беражлівасць”, “Гаспадары сваёй зямлі”, “Захаваем і зберажом”, “Другое жыццё рэчаў!”. Штотыдзень праводзіліся хвілінкі эканоміі “Эканомія для цікаўных”.

Асноўнымі прынцыпамі эканамічнага выхавання малодшых школьнікаў ва ўстанове выбралі прынцыпы ўзаемасувязі, “Ад простага — да складанага”, “Ад асобных эканамічных суб’ектаў — да сістэмнасці сацыяльна-эканамічных працэсаў”.

Для самых маленькіх школьнікаў гульня застаецца важным відам дзейнасці. І асноўным аспектам знаёмства з эканомікай лагічна стаў гульнявы. Гульні ўтваралі цэлую сістэму, адпаведную цэласнаму ўяўленню аб эканоміцы: “Мой дом”, “Праца”, “Падарожжа ў іншыя краіны”, “Мы абменьваемся”, “Магазін”, “Рынак” і інш. Акцэнт рабіўся на элементарных эканамічных паняццях. Для выкладання тэарэтычнага матэрыялу педагогі выкарыстоўвалі апавяданні, дыялогі, аналіз мастацкіх твораў, праблемныя сітуацыі. І тут жа практычныя практыкаванні: разлік бюджэту сям’і, складанне меню, разлік яго кошту, стварэнне вырабаў з другаснай сыравіны, рашэнне задач эканамічнай скіраванасці і інш. Былі падрыхтаваны і праведзены практыкумы “Пашпарт хатняй гаспадаркі”, “Адкрыццё магазіна”, “Манаполія”, “Беспрацоўныя і прадпрымальнікі” і інш. Праводзіліся таксама разборы сацыяльна-эканамічных сітуацый, дыскусіі па праблемных эканамічных тэмах. Напрыклад, “Самая эканомная гаспадыня”, “Ці ведаеш ты цэны?”, “Аўкцыён ведаў”. Карысталіся папулярнасцю ў дзяцей заняткі-прэзентацыі з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій “Зігзаг поспеху”, “Палёт у космас”, “На кірмаш у Парыж”.

Падчас рэалізацыі праекта педагогі пераканаліся, наколькі карыснай і эфектыўнай можа быць работа па фарміраванні эканамічнай культуры ў пачатковай школе. Гэта паказалі аналіз і ацэнка вынікаў работы. Па-першае, у малодшых школьнікаў сфарміравалася ўяўленне пра эканоміку як сферу дзейнасці чалавека, яны пашырылі актыўны слоўнікавы запас эканамічнымі тэрмінамі, навучыліся рашаць эканамічныя задачы, засвоілі разнастайныя эканамічныя паняцці, якія складаюць сутнасць эканомікі: “уласнасць”, “вытворчасць”, “гандаль”, “тавар”, “рынак”, “грошы”, “цана”.

Па-другое, у дзяцей выхоўваліся эканамічна значныя якасці, такія як беражлівасць, ініцыятыўнасць, арганізаванасць, працавітасць, адказнасць. Малодшыя школьнікі пачалі ўсведамляць залежнасць дабрабыту чалавека і грамадства ад якасці працы. Яны навучыліся размяркоўваць работу, арганізоўваць працоўнае месца, авалодалі рацыянальнымі прыёмамі, якія павышаюць якасць і прадукцыйнасць працы.

І, па-трэцяе, работа паўплывала на фарміраванне агульначалавечых, маральных якасцей, заахвочванне да актыўнага сацыяльнага жыцця і вучобы. У навучэнцаў з’явілася ўстойлівая зацікаўленасць да атрымання ведаў, фарміравання ўменняў па агульнаадукацыйных дысцыплінах, развівалася гаворка, мысленне, камунікатыўныя здольнасці, адказнасць за прынятыя рашэнні. Навучэнцы сталі больш дысцыплінаванымі, беражлівымі, мэтанакіраванымі.

Удзельнікі праекта працавалі таксама над тым, каб іх вопыт быў карысным і калегам — як калегам па ўстанове, так і ўсім зацікаўленым. Ва ўстанове створана скарбонка сцэнарных распрацовак па рэалізацыі педагагічнага праекта, была праведзена дэкада адкрытых заняткаў і выхаваўчых мерапрыемстваў, вынікам якой стала метадычная выстава “Выхаванне асноў эканамічнай дасведчанасці — адзін з кірункаў сацыялізацыі навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту”, выдадзены метадычны зборнік “Выхаванне эканамічнай культуры малодшых школьнікаў”, аформлены метадычны бюлетэнь “Займальная эканоміка”, распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па фарміраванні асноў эканамічнай культуры малодшых школьнікаў.

Сёння ва ўстанове завершана рэалізацыя праекта, але работа ў гэтым кірунку працягваецца, таму што няма сумненняў у важнасці гэтай справы.

— Мы ўпэўнены, — расказвае кіраўнік праекта Іна Уладзіміраўна Любко, намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці Затур’янскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, — што калі правільна, сістэматычна выкарыстоўваць мерапрыемствы, заняткі, гульні, розныя практыкаванні, накіраваныя на фарміраванне эканамічных уяўленняў, на ўроках, факультатыўных занятках, выхаваўчых мерапрыемствах, то працэс фарміравання эканамічных ведаў будзе эфектыўным і дапаможа выхаваць не толькі эканамічна дасведчанага вучня, але і асобу, арыентаваную на правільныя каштоўнасці, сапраўднага гаспадара.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.