Эканоміка і абарона — у аснове ўзаемадзеяння

У беларуска-егіпецкім супрацоўніцтве ў аснову павінны быць пакладзены пытанні эканомікі і абароны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Егіпта Шэрыфам Ісмаілам.

“Мы ўчора змаглі абмеркаваць шэраг праблемных пытанняў, напрамкаў стратэгічнага супрацоўніцтва на будучыню. Дамовіліся аб тым, што ў найбліжэйшы час у выніку кантактаў нашых членаў урадаў сфарміруем план дзеянняў на найбліжэй­шую і сярэднетэрміновую перспектыву, які будзе адлюстроўваць сутнасць нашых адносін. Зразумела, у аснову гэтага плана павінны быць пакладзены пытанні эканомікі і абароны, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Было б вельмі добра, калі б у гэтай дарожнай карце былі канкрэтызаваны асобныя праекты”.

Беларусь валодае вялікім прамысловым і навуковым патэнцыялам. “Гэта дасталася нам у тым ліку ад той вялікай краіны, Савецкага Саюза, у якой мы жылі. Тады Беларусь была самым высокатэхналагічным цэнтрам Савецкага Саюза. Тут былі сканцэнтраваны ўсе фінішныя вытворчасці той прадукцыі, якую мы пастаўлялі на экспарт. І пад гэтую эканамічную базу была падведзена сур’ёзная навука. Мы гэта ўсё захавалі і вывелі на больш высокі ўзровень, таму мы зможам быць канкурэнтаздольнымі на вашым рынку. Але, як я гаварыў прэзідэнту, гэта будзе для вас значна танней, чым супрацоўніцтва па гэтых напрамках з іншымі краінамі, перш за ўсё з краінамі Захаду”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

У сваю чаргу, Шэрыф Ісмаіл выказаў надзею, што візіт Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет пакладзе аснову больш цеснаму супрацоўніцтву паміж краінамі ў эканамічнай і палітычнай сферах. “У прыватнасці, мы спадзяёмся на развіццё супрацоўніцтва ў вытворчасці мэблі, сельскай гаспадарцы, ачыстцы сцёкавых вод і вады для арашэння, — адзначыў прэм’ер-міністр. — Калі вы не супраць, мы на працягу двух тыдняў створым рабочую групу і накіруем яе ў Беларусь для вывучэння магчымасцей супрацоўніцтва ў гэтых галінах”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *