Эканоміка развіваецца ў рамках найважнейшых паказчыкаў прагнозу

Вынікі работы эканомікі Беларусі з пачатку 2018 года, чаканыя паказчыкі па яго завяршэнні і ацэнка студзеня 2019 года разгледжаны на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў пад старшынствам прэм’ер-міністра, паведамляе сайт урада.

Як адзначыў Сяргей Румас, у цэлым па выніках студзеня — кастрычніка эканоміка краіны развіваецца ў рамках найважнейшых паказчыкаў прагнозу. Так, рост эканомікі на запланаваным узроўні — 103,5 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года, экспарт вырас на 18 працэнтаў, інфляцыя ў зададзеных параметрах — 4,2 працэнта. “Утрымліваецца высокі ўзровень рэальных грашовых даходаў насельніцтва — 107,8 працэнта, рэспубліканскі бюджэт выконваецца з прафіцытам Br5,2 млрд”, — адзначаецца ў паведамленні на сайце ўрада.

“Разам з тым, за кастрычнік страцілі 0,2 працэнтнага пункта, па 0,1 — у прамысловасці і ў сельскай гаспадарцы. Запавольваюцца тэмпы росту ў апрацоўчай прамысловасці, у будаўніцтве, у аптовым і рознічным гандлі, у сельскай гаспадарцы”, — падкрэсліў Сяргей Румас.

Прэм’ер-міністр звярнуў асаблівую ўвагу на зніжэнне тэмпаў у сельскай гаспадарцы. “Спасылкі на засушлівы год перашкаджаюць да гэтага часу прырастаць малаком. І мне незразумела, напрыклад, чаму па адной вобласці малако прырастае да мінулага года больш за 5 працэнтаў, па дзвюх іншых абласцях малако спадае больш за 5 працэнтаў”, — адзначыў ён.

Паводле слоў Сяргея Румаса, заданне па будаўніцтве жылля выканана менш як на 70 працэнтаў ад устаноўленага аб’ёму, хоць запэўніванні ёсць, што ў бягучым годзе 4 млн кв.м будзе здадзена.

Прэм’ер-міністр таксама канстатаваў, што чатыры рэгіёны краіны ідуць ніжэй за прагноз па росце ВРП. Да Магілёўскай і Гомельскай абласцей, чыю работу разглядалі на пасяджэнні Савета Міністраў па выніках студзеня — верасня, далучыліся Брэсцкая і Мінская вобласці.

Сяргей Румас нагадаў удзельнікам пасяджэння, што ўрад — гэта калегіяльны орган. Але адказнасць ва ўсіх за даручаныя ўчасткі персанальная. “Ужо некалькі разоў мы тут чулі, што ўсе заданні будуць выконвацца, але, на жаль, чатыры месяцы работы паказваюць, што мы гэтую планку пастаянна спрабуем панізіць”, — рэзюмаваў прэм’ер-міністр.