Экападарожжа

Штогод Сусветны фонд дзікай прыроды праводзіць акцыю “Гадзіна Зямлі”, у рамках якой прапануецца ўсяго толькі на гадзіну адмовіцца ад выкарыстання электраэнергіі. Акцыя заклікае жыхароў Зямлі хоць на гадзіну ў годзе задумацца пра лёс нашай планеты. Навучэнцы і педагогі Шпакоўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Полацкага раёна не толькі прынялі ў ёй актыўны ўдзел, але вырашылі зрабіць яе больш маштабнай і адправіліся ў красавіцкае экападарожжа, падчас якога здзейснілі шмат карысных і патрэбных спраў для нашай планеты Зямля.

У рамках акцыі былі арганізаваны практычныя прыродаахоўныя мерапрыемствы, праведзена інфармацыйна-прапагандысцкая работа, а таксама арганізацыйна-масавая работа. У мерапрыемствах прынялі ўдзел вучні 1—11 класаў (60 чалавек) і 40 работнікаў установы адукацыі. Нам удалося прыцягнуць нямала прыхільнікаў беражлівых адносін да прыроды і навакольнага асяроддзя сярод мясцовага насельніцтва. Да нас далучылася больш за 30 жыхароў вёскі Шпакоўшчыны і 47 жыхароў аграгарадка Астроўшчына.

Першым нашым прывалам стаў прыпынак “Інфармацыйны”. На агульнашкольнай лінейцы мы пазнаёміліся з планам правядзення культурна-экалагічнай акцыі “Дзень Зямлі — 2017”. На інфармацыйных і класных гадзінах дзеці разам са сваімі класнымі кіраўнікамі шмат разважалі аб тым, як захаваць непаўторнасць планеты Зямля, дапамагчы зберагчы яе не толькі для тых, хто жыве цяпер, але і для будучых пакаленняў.

На “Агітацыйным” прыпынку хлопчыкі і дзяўчынкі разам з настаўнікамі распрацавалі лістоўкі і буклеты аб тым, што кожны з нас можа зрабіць для таго, каб захаваць прыроду і палепшыць навакольнае асяроддзе. Нам было прыемна, што нашы намаганні не прайшлі дарма. Заклікі да дзеяння былі пачуты мясцовымі жыхарамі, якія далучыліся да нашай акцыі.

Прыпынак “Працоўны” гаворыць сам за сябе. Навучэнцы і настаўнікі прывялі ў парадак дрэвы ў школьным садзе, разбілі кветнікі, на якіх усё лета будуць радаваць вока сваім пышным цвіценнем ружы, браткі, петуніі і аксаміткі. Без увагі не застаўся ні адзін куток школьнай тэрыторыі. На алеі выпускнікоў з’явіліся новыя жыхары — дрэўцы, якія пасадзілі адзінаццацікласнікі.
Прыпынак “Пазнавальны” дазволіў дзецям даведацца шмат новага і цікавага. Хлопцы адкрылі шмат займальных фактаў аб Зямлі, схадзілі на экскурсіі ў лес, на рэчку Начу, дзе на свае вочы змаглі пераканацца, наколькі прыгожы наш родны край, як узаемазвязана ўсё жывое на нашай планеце. Прэзентацыя “Лес — лёгкія нашай планеты” прымусіла задумацца аб тым, наколькі прырода мае патрэбу ў нашай дапамозе.

Дзякуючы прыпынку “Санітарнаму” наша вёска стала чысцейшай і прыгажэйшай. Падчас экскурсіі па наваколлі вёскі, мы, на жаль, змаглі не толькі палюбавацца прыгожымі краявідамі, але і жахнуліся ад таго, які след у прыродзе пакідаюць пасля сябе людзі. Дзеці адразу ж сабралі каманду “зялёных санітараў”, каб прыбраць смецце з вясковых вуліц і прыбярэжнай тэрыторыі ракі Начы. Прыемна, што сярод мясцовых жыхароў знайшлося нямала аднадумцаў, якія прынялі ўдзел у навядзенні парадку ў сваіх дварах.


Наступны прывал — прыпынак “Шэфскі”. Мы пастаянна клапоцімся пра тых, хто ў гэтым мае патрэбу. У вёсцы нямала пажылых і адзінокіх людзей, якім трэба дапамагчы: некаму — справай, некаму — добрым словам. Сярод нашых падшэфных — ветэран Вялікай Айчыннай вайны Яўген Паўлавіч Гарбачэўскі. Гэтай вясной мы дапамаглі яму добраўпарадкаваць двор і ўскапаць градкі, пасадзіць бульбу. Мы заўсёды рады дапамагчы ў падтрыманні парадку ў царкве Праабражэння Гасподняга і на яе тэрыторыі. Перад значнымі хрысціянскімі святамі мы дапамагаем вернікам падрыхтаваць храм да святочных набажэнстваў. Так было і ў гэтым годзе.

Прыпынак “Творчы” дазволіў нам не толькі адкрыць новыя таленты, але і зрабіць прыгажэйшай нашу школу. Творчасць — гэта не толькі захапленне, але і спосаб прыцягнуць увагу да той ці іншай праблемы. Ведаючы пра гэта, мы аформілі ў фае другога паверха фотавыставу “Упрыгожым зямлю кветкамі”, фае трэцяга паверха — выставай малюнкаў “Зямля — наш дом”, а ў зімовым садзе пасялілі матылькоў. Прыгожа атрымалася. Гледзячы на тое, як змянілася школа, многім захацелася зрабіць больш прыгожымі і свае дамы і двары.

Памятныя месцы і месцы воінскіх пахаванняў заўсёды ў цэнтры нашай увагі. Мы круглы год сочым за іх захаванасцю, прыбіраем і падтрымліваем там чысціню. Гэтая вясна не стала выключэннем. Мы прывялі ў парадак помнік жыхарам вёсак Бяздзедавічы, Вусце, Завалынка, Літвінава, Пятроўцы і інш., якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, брацкую магілу савецкіх воінаў і партызан у вёсцы Шпакоўшчыне, брацкую магілу воінаў і партызан у аграгарадку Астроўшчына, стэлу на месцы партызанскай пераправы праз раку Заходняю Дзвіну ў вёсцы Рубанава. Так мы правялі час на “Патрыятычным”прыпынку.

Прыпынак “Забаўляльны” быў апошнім у нашым падарожжы. Мы не толькі добра папрацавалі, але і весела правялі час: удзельнічалі ў віктарынах і конкурсах, прысвечаных праблемам экалогіі, праявілі свае творчыя здольнасці ў паказе мадэлей адзення і аксесуараў з другаснай сыравіны, бліснулі талентамі на свяце “Дзень Зямлі — 2017”.

Спадзяёмся, што ў наступным годзе колькасць удзельнікаў нашага экападарожжа павялічыцца!

Алена КАРПОВІЧ,
педагог-арганізатар
Шпакоўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Полацкага раёна

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *