Экапрадукт на школьнай градцы

Лядзенскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Чэрвеньскага раёна даўно вядомы сваёй прадпрымальніцкай актыўнасцю. Зарабляць грошы школьная бізнес-кампанія пачала сем гадоў назад, вырабляючы і прадаючы венікі для лазні, сувенірных лялек, драўляныя дошкі і лапаткі для кухні. З кожным годам прадпрымальніцкая актыўнасць настаўнікаў і вучняў пашыраецца. У мінулым годзе стаўка была зроблена на ноу-хау ў школьнай сельскай гаспадарцы — эказемляробства, а гэтай вясной на прышкольнай тэрыторыі ўжо ва ўсю актыўнічае міні-трактар, дапамагаючы школьнікам і настаўнікам рыхтаваць 3,5 га зямлі пад пасадку бульбы, морквы, агуркоў, буракоў, капусты, цыбулі і іншай экалагічна чыстай агародніны без ніякай хіміі. У планах юных гаспадароў — не толькі сябе накарміць, але і грошы зарабіць на здаровай і карыснай экасельгаспрадукцыі.

Ад ідэі да праекта

Гэтая ідэя рэалізуецца дзякуючы школьнаму праекту “Стварэнне сельскага маладзёжнага экакааператыва “Арганіка”, які падтрымала Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА ў рамках праграмы малых грантаў Пасольства ЗША ў Беларусі ў супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі і Чэрвеньскім райвыканкамам.

Ідэя арганізаваць экакааператыў у сельскай школе, якая ўжо не першы год вырошчвае агародніну да школьнага стала, з’явілася каля пяці гадоў назад. Гэтаму паспрыяла вандроўка былога дырэктара ўстановы, а зараз начальніка аддзела адукацыі Чэрвеньскага раёна Ірыны Змачынскай у ЗША па абмене вопытам. Ірына Мікалаеўна звярнула ўвагу, што за акіянам паняцце “арганік-фуд” даўно карыстаецца попытам: жыхары і вялікіх, і маленькіх гарадоў імкнуцца купляць экалагічную прадукцыю ў невялічкіх фермерскіх гаспадарках. Пакрысе разуменне, што чалавек — гэта тое, што ён ужывае ў ежу, укараняецца ва ўсім свеце, а маленькія жыхары Лядаў засвойваюць гэтую ісціну з дзяцінства.

Вывучаць арганічае земляробства настаўнікі і вучні пачалі ў супрацоўніцтве з Беларускім зялёным крыжам і ўжо некалькі гадоў запар вырошчваюць агародніну, практыкуючы некаторыя прынцыпы экалагічнага земляробства. Цікава, што агародніцтвам займаюцца і малодшыя школьнікі, і старэйшыя. Выхаванцы дзіцячага сада працуюць на сваім вертыкальным агародзе, дзе ў скрынках, змешчаных на чатырох баках піраміды, вырошчваюць зеляніну, буракі, салату.

— Удзел у праекце і матэрыяльная дапамога дазваляюць нам большаму навучыцца і павялічыць маштабы экалагічнай школьнай фермерскай гаспадаркі, — гаворыц­ь дырэктар установы адукацыі Алена Озерава. — А звышідэя праекта ў тым, каб даць новае жыццё беларускай вёсцы, прасцей кажучы, стварыць на сяле новыя працоўныя месцы для моладзі. Засвоіўшы асновы сельскага экалагічнага прадпрымальніцтва ў школьныя гады і зразумеўшы, што праца на зямлі можа быць запатрабаванай і прыносіць добры заробак, моладзь будзе заўтра зацікаўлена ў тым, каб застацца жыць на роднай зямлі.

У мінулым верасні для стварэння гэтага экакааператыва Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА перадала ў бязвыплатнае карыстанне школе міні-трактар, саджанцы пладовых дрэў і кустоў, дзесяць камплектаў садовага інвентару, насенне кветак, духмяных траў, агародніны. З мінулай восені дзесяць вучняў Лядзенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы пачалі актыўна вывучаць асновы экалагічнага земляробства і эканамічныя магчымасці развіцця малога экабізнесу ў вёсцы.

У школе таксама адбыўся семінар па практычным навучанні школьнікаў і іх бацькоў вядзенню арганічнага і эксперыментальнага земляробства. Разам з лядзенскімі вучнямі аграрным прадпрымальніцтвам зацікавіліся старшакласнікі яшчэ з трох суседніх школ раёна (Хутарскі яслі-сад — сярэдняя школа, Раваніцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа, Грэбенскі дзіцячы сад — сярэдняя школа). Вядучымі і бізнес-цьютарамі сталі выкладчыкі і студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, удзельнікі студэнцкага клуба “Бізнес-цьютар”. Падчас хакатону студэнты БДЭУ расказалі, як цікавую ідэю можна ператварыць у бізнес-праект і манетызаваць, што такое бізнес-план. На другі дзень удзельнікі семінара пасадзілі малады фруктовы сад: грушы, яблыні, вішні, абрыкосы, слівы, кусты парэчкі.

Прынцыпы эказемляробства

На занятках па экалагічным фермер­стве, якія праходзяць у школе з пачатку навучальнага года раз на месяц, дзеці з цікавасцю даведваюцца, чаму, напрыклад, шкодна выкарыстоўваць пестыцыды і сінтэтычныя ўгнаенні, як можна наладзіць сартаванне і перапрацоўку адходаў, як выкарыстоўваць кампост для ўгнаення глебы. Даведваюцца школьнікі і пра карысць планавага севазвароту, чаргавання сельскагаспадарчых культур, пры якім расліны аднаго сямейства не вырошчваюцца на адным і тым жа месцы два гады запар. А таксама пра тое, што важна і трэба правільна сумяшчаць розныя культуры на градцы, каб палепшыць урадлівасць грунту, адпужваць шкодных і прыцягваць карысных насякомых.

Першы практычны вопыт старшакласнікі атрымалі пад кіраўніцтвам Вікторыі Віктараўны Якаўцовай, трэнера па эказемляробстве, і Ірыны Міхайлаўны Міроненка, настаўніцы працоўнага навучання. А цяпер вучні і педагогі ахвотна дзеляцца сваімі ведамі з калегамі з іншых школ.

— У мінулым годзе, напрыклад, засаджваючы школьны агарод, градкі з памідорамі чаргавалі з кустамі буякоў, бо гэтая ягада адпужвае шкоднікаў ад таматаў, — успамінае леташні вопыт Алена Уладзіміраўна Озерава. — Побач на эксперыментальнай градцы вырошчвалі дыні і кавуны. Некаторыя культуры высаджвалі некалькімі спосабамі. Апрабавалі мульчыраванне бульбы, калі пры пасадцы выкарыстоўваюць сена або скошаную траву.

Удзельнікі экакааператыву — вучні 8—9 класаў — як табліцу множання ведаюць, што на градцы добра камбінавац­ь цыбулю з морквай, кроп з агуркамі, а такія кветкі, як аксаміткі, календула, піжма дэкаратыўная, петунія, настурка, не толькі радуюць вока, але і сваім водарам адпужваюць насякомых-шкоднікаў. Гэтыя веды яны ўжо праверылі мінулым летам на агародзе. Па іх назіраннях, напрыклад, бульба па суседстве з аксаміткамі дае ўраджай на 30 працэнтаў большы, бо каларадскія жукі аблятаюць караняплод бокам. Вельмі спадабалася вясковым школьнікам вырошчваць дыні і кавуны.

— Гэта быў адзін з нашых эксперыментаў, — расказвае Ірына Міроненка. — У спецыяльных ямах, дзе складзіруюцца раслінныя рэшткі, скошаная трава і лісце, мы рабілі арганічную масу. На ёй і вырошчвалі кавуны. А каб кавун сваімі вусікамі не чапляўся за зямлю, якая то пера­граецца, то пераахалоджваецца, слалі салому ці сена. Эксперымент атрымаўся: дыня вырасла большая за два кілаграмы, а кавун заважыў больш за пяць.

Заўтра пачынаецца сёння

Гэтай вясной у Лядзенскай школе поўным ходам ідзе падрыхтоўка да пасадкі агародніны. Вучні і настаўнікі ўжо вырошчваюць расаду перцаў (каля 1000 штук), памідораў (каля 1000 штук), якія чакаюць свайго часу пікіроўкі, а ў канцы мая — пачатку чэрвеня іх трэба будзе перасаджвац­ь у адкрыты грунт і цяпліцы. Таксама рыхтуецца да пасадкі насенне капусты розных гатункаў. У гэтым годзе яе будзе больш як пяць відаў — ад звычайнай белакачаннай да брусельскай.

— Дзесяць гатункаў насення перцаў, якія мы атрымалі ў якасці бязвыплатнай дапамогі, правяраем на ўсходжасць, таму расаду саджаем рознымі спосабамі, — расказвае Паліна Соніч, вучаніца 9 класа. — Частку высаджваем у вялікія ёмістасці і затым пікіруем, акуратна падзяляючы парасткі, каб не траўміраваць карані, а частку насення адразу саджаем у асобныя папяровыя пакуначкі, каб потым разам з невялікай самаробнай ёмістасцю перасаджваць у глебу. Памідоры добра паддаюцца пікіраванню, таму насенне садзім здвоенымі радамі, каб кусты не зацянялі адзін аднаго ў 60-сантыметровым суседстве паміж радкамі. Дарэчы, дома з бацькамі, калі я расказала пра тое, як добра і карысна ўжываць экалагічную ежу, мы пачалі прытрымлівацца экалагічных спосабаў апрацоўкі зямлі і метадаў барацьбы з насякомымі-шкоднікамі.

Частка сёлетняй расады пераселіцца на градкі па-за школай, а частка пой­дзе на продаж суседнім сельскім школам, якія сваёй пакуль яшчэ не маюць. У гэтым годзе тэрыторыя прышкольнай сельскай гаспадаркі значна павялічылася: 20 сотак выдзелены пад бульбу, каб цалкам забяспечыць патрэбы школы, па 3—4 соткі — пад моркву, буракі, агуркі, капусту, цыбулю і г.д.

Нягледзячы на познюю вясну, юныя лядзенскія фермеры спадзяюцца сёлета атрымаць ураджай памідораў і агуркоў не меншы, чым у мінулым годзе, калі маг­лі не толькі гатаваць салат з чырвоных памідораў і капусты аж да кастрычніка, а і на зіму яшчэ засалілі 120 літраў зялёных таматаў і 144 літры агуркоў. Агуркі тут, зразумела, вырошчваюць па экатэхналогіях на вялікіх градах, дзе трохі прыпадняты грунт, каб зямля лепш прагравалася, выкарыстоўваючы метад мульчыравання, ды яшчэ ўперамешку з “сябрам” — кропам, які павялічвае ўраджайнасць агародніны, бо духмяная зеляніна прыцягвае карысных насякомых, якія паспяхова змагаюцца з агурочнымі шкоднікамі, і робіць прыемную цень сваімі парасонамі.

Праект “Стварэнне сельскага мала­дзёжнага экакааператыва “Арганіка” рэалізуецца і на сайце школы, дзе пачаў працаваць бізнес-форум “Выгадная справа”. Там размяшчаецца карысная інфармацыя аб вядзенні бізнесу, эканамічныя навіны, дзе навучэнцы могуць абмеркаваць свае бізнес-ідэі, бізнес-планы, а таксама звярнуцца з пытаннем да спецыялістаў з БДЭУ. Зараз рыхтуецца да выдання метадычны дапаможнік па арганізацыі і правя­дзенні заняткаў па фарміраванні экалагічнай і прадпрымальніцкай культуры ў сельскай моладзі, дзе будуць размешчаны даклады лядзенскіх настаўнікаў і старшакласнікаў. Да канца мая запланавана правя­дзенне трох двухдзённых майстар-класаў па вывучэнні асноў экалагічнай і эканамічнай культуры, магчымасцях развіцця малога экабізнесу ў вёсцы, па апрацоўцы глебы прышкольнага ўчастка.

Хочацца, каб усе планы юных фермераў з Лядаў здзейсніліся. І каб экалагічная дзейнасць невялічкай вясковай школы стала прыкладам для многіх іншых устаноў адукацыі, каб да большай колькасці людзей прыйшло разуменне, што арганічныя прадукты — карысная і здаровая ежа, якая падаўжае жыццё.

Марыя РАМАНОЎСКАЯ.