Экашлях да ўстойлівасці

У Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі адбылася адкрытая навукова-практычная канферэнцыя “Ад экалагічнай асветы да ўстойлівага развіцця: шляхі, праблемы, перспектывы”. Удзел у ёй узялі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і арганізацый Беларусі, Расіі і Германіі. Канферэнцыя праводзілася ў рамках сумеснага нямецка-беларускага праекта “Стварэнне рэсурснага цэнтра экалагічнай асветы “Сеткавая экалабараторыя” пры садзейнічанні праграмы падтрымкі Беларусі.

Рэальныя справы без фармалізму

Таццяна Мароз, рэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, адкрываючы канферэнцыю, паразважала пра тое, што трэба зрабіць, каб экалагічная культура асобы стала трэндам развіцця сучаснага грамадства. У прыватнасці, яна адзначыла: “Вельмі часта фарміраванне экалагічнай культуры асобы навучэнцаў разглядаецца педагогамі як павышэнне ўзроўню экалагічнай кампетэнтнасці, авалоданне ведамі і навыкамі прыродаахоўнай дзейнасці і экаадпаведнымі паводзінамі. Але, на жаль, фармальнае авалоданне эколагабяспечнымі ведамі не заўсёды з’яўляецца кіраўніцтвам да дзеяння, калі пры гэтым няма ўстойлівага жадання выкарыстоўваць іх у штодзённым жыцці і прафесійнай дзейнасці. Праведзеныя даследаванні выявілі, што ступень ведаў навучэнцаў з кожным годам няўхільна расце, а ўзровень экалагічна абгрунтаванай дзейнасці застаецца па-ранейшаму нізкім… Разам з тым у межах праведзенага сацыялагічнага апытання сярод навучэнцаў і педагогаў адміністрацыйных раёнаў Мінска, Гальшан Ашмянскага раёна, дзяржслужачых сярэдняга звяна намі была выяўлена асноўная праблема: веды аб “зялёнай эканоміцы” носяць фрагментарны характар і звязаны часцей за ўсё з удзелам у розных мерапрыемствах экалагічнай накіраванасці. Акрамя таго, няма дакладных крытэрыяў для вызначэння экалагічнасці ўстаноў адукацыі і прадпрыемстваў і не ў поўнай меры сфарміраваны неабходныя кампетэнцыі і экалагічная культура”.

Каб паспрыяць паляпшэнню сітуацыі, у перыяд з 2019 па 2021 год ініцыятыўнай групай МГІРА сумесна з нямецкімі партнёрамі з арганізацыі Minsk Club Bonn і быў створаны рэсурсны цэнтр экалагічнай асветы “Сеткавая экалабараторыя”. Галоўная мэта праекта — стварэнне рэгіянальнай мультыпрофільнай інфармацыйна-адукацыйнай пляцоўкі, у рамках якой будзе сфарміраваны банк даных станоўчых практык у галіне ўстойлівага развіцця, скаардынавана дзейнасць устаноў адукацыі раёнаў Мінска, рэалізаваны комплекс дыстанцыйных адукацыйных паслуг, накіраваных на экалагічную асвету, якія прадастаўляюцца шырокім слаям насельніцтва з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Навізна прапанаванага праекта — у аб’яднанні рэсурсаў рэгіёна па экалагічнай асвеце. Ужо распрацаваны і ўкаранёны тры адукацыйныя праграмы для дарослых у аб’ёме 36 гадзін: “Рэалізацыя прынцыпаў устойлівага развіцця ва ўстановах адукацыі”, “Стратэгія адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. Эфектыўны фандрайзінг” і “Назіранне за воднымі аб’ектамі для арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў”. Для вучняў 7—8 класаў быў распрацаваны і ўкаранёны дыстанцыйны факультатыў “Экадрайв”. З верасня 2020 года ідзе працэс стварэння мультыпрофільнага інфармацыйна-адукацыйнага партала “Сеткавая экалабараторыя” (http://ecolab.minskedu.gov.by/), які стаў рэсурсным цэнтрам.

Дзмітрый Карпіевіч, каардынатар кірунку “Устойлівае развіццё” ў Праграме падтрымкі Беларусі, адзначыў важнасць укаранення ідэй устойлівага развіцця ў розных сферах дзейнасці і ў першую чаргу ў сістэме адукацыі. Інфармаванасць жыхароў краіны і іх уключэнне ў дзейнасць па рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця створаць магчымасці для вырашэння важных сацыяльных задач.

“Роля адукацыі ў дасягненні МУР, у садзейнічанні руху ў кантэксце ўстойлівага развіцця фундаментальная. І з прыняццем павесткі дня — 20 30 гэтая роля і магчымасці адукацыі толькі ўзрастаюць. Зразумела, што перш за ўсё маюцца на ўвазе вучэбна-выхаваўчы працэс, уключэнне ідэй устойлівага развіцця ў змест, падыходы, метады і методыку навучання прадмету, але не менш важна і тое, каб гэта знаходзіла прымяненне на практыцы. Устойлівае развіццё — гэта не проста веды, але і кампетэнцыі, якія мы павінны выкарыстоўваць у сваім прафесійным і асабістым жыцці, таму так важна, каб установы адукацыі выступалі флагманамі ўстойлівага развіцця, праводзілі мерапрыемствы па прынцыпах устойлівага развіцця, прасоўвалі зялёны офіс, каб уцягваліся ў жыццё сваёй мясцовай супольнасці. Прыемна, што ў Беларусі такіх практык ужо шмат”.

Грэгар Хон-Бергхорн, старшыня клуба “Мінск-Бон”, расказаў пра вопыт правядзення экалагічных семінараў у Боне са студэнтамі з Мінска, перш за ўсё з БДТУ, па тэме “Крыніцы альтэрнатыўных энергій”. У прыватнасці, беларускія студэнты мелі магчымасць азнаёміцца з працэсам атрымання сонечнай, ветравой, геатэрмальнай і іншых відаў энергіі і на свае вочы ўбачылі, як гэтая энергія выкарыстоўваецца на прадпрыемствах Германіі, у гатэлях і інш.

Аб арганізацыі гарадскіх фестываляў з захаваннем экалагічных норм паведаміла Наталля Нойман, член старшынскага савета клуба “Мінск-Бон”. На прыкладзе правядзення фестываляў у гарадах Бон і Мюнхен Наталля паказала, як можна зменшыць нагрузку на навакольнае асяроддзе. Дар’я Хірш, каардынатар экагорада Бон, супрацоўніца дэпартамента па ахове навакольнага асяроддзя і азеляненні горада і мясцовага офіса па пытаннях МУР на месцах, расказала пра падтрымку дробных і сярэдніх фермерскіх гаспадарак, якія арыентаваны на арганічнае земляробства, пра ўвядзенне ў рацыён навучэнцаў устаноў адукацыі горада сертыфікаваных экапрадуктаў. Ёсць ідэя развіваць экагаспадаркі і на базе школьных агародаў.

Экамода для моладзі

Выступаючы па тэме “Стварэнне маладзёжнага экакааператыва “Арганіка”, Дзмітрый Субцэльны, старшыня Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, віцэ-прэзідэнт Сусветнай і Еўрапейскай федэрацый клубаў, цэнтраў і асацыяцый ЮНЕСКА, расказаў пра магчымасці і перспектывы стварэння цэнтраў прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці, што ў сваю чаргу гарантуе новыя працоўныя месцы і ўстойлівасць пражывання для сельскай моладзі. Адным з яркіх прыкладаў стаў Лядзенскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Чэрвеньскага раёна, дзе быў створаны кааператыў “Арганіка”. У межах праекта ў развіццё школы былі інвесціраваны сродкі на набыццё міні-трактара, цяпліцы, саджанцаў для закладкі фруктовага саду, насення, расады, кветак і інш.

“Праект стаў вельмі паспяховы, інавацыйны, менавіта мадэльны, і яго можна мультыплікаваць. Цяпер наша агульная задача — падумаць, як падтрымаць маладых людзей з сельскіх рэгіёнаў Беларусі, якія матываваны на развіццё эказемляробства ў сваіх населеных пунктах і распрацоўваюць цікавыя стартапы, як дапамагчы ім пазнаёміцца са станоўчым вопытам равеснікаў у іншых краінах. Бо важна не толькі навучыць, але і аказаць падтрымку”, — адзначыў Д.Субцэльны.

Дзейнасць Цэнтра экалагічных рашэнняў у галіне экалагічнай асветы прадставіў Яўген Лабанаў, яго дырэктар. Супрацоўнікі Цэнтра экалагічных рашэнняў прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах нямецка-беларускага праекта, выступаючы ў якасці членаў журы экалагічных конкурсаў, працуючы з настаўнікамі горада ў рамках адукацыйных праграм. Я.Лабанаў расказаў пра стварэнне экасцежак у гарадах, каб акцэнтаваць увагу іх жыхароў на дзікай прыродзе: на інтэрактыўных стэндах можна паслухаць шмат цікавага пра прыроду, паглядзець відэа і інш. Акрамя таго, ён падзяліўся вопытам работы па мінімізацыі шкоды ад пластыку (у прыватнасці, у межах праекта “Школы без пластыку”).

Цікавым вопытам падзяліліся калегі з Расійскай Федэрацыі. Алег Касцяйчук, загадчык навуковага сектара метадычнага аддзела Палаца навучэнскай моладзі Санкт-Пецярбурга, расказаў пра развіццё лічбавай кампетэнтнасці сучаснага настаўніка ў кантэксце рэалізацыі МУР. Пра навукова-метадычны падыход да фарміравання экалагічнай культуры студэнтаў расказала Настасся Перасунька, спецыяліст аддзела навуковых даследаванняў Арэнбургскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.

Пра тое, як фарміруецца экалагічная культура старшакласнікаў у гімназічных клубах, навуковым таварыстве навучэнцаў, падчас супрацоўніцтва з вучонымі-эколагамі, удзельнікам сустрэчы расказала Наталля Бушная, дырэктар гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска.

Партнёрам па праекце з беларускага боку з’яўляецца Гальшанская сярэдняя школа Ашмянскага раёна. Марына Гайдукевіч, дырэктар школы, прадставіла сістэму работы навучэнцаў і педагогаў ва ўсіх мерапрыемствах названага праекта. У прыватнасці, яны правялі “Экалагічны маніторынг водаахоўнай зоны ракі Гальшанка” і распрацавалі комплекс мер па захаванні і паляпшэнні стану ракі.

Падчас работы секцый установы адукацыі падзяліліся сваім вопытам па фарміраванні ў маладых педагогаў экалагічных культурна-сеткавых зносін (сярэдняя школа № 142 Мінска), па арганізацыі экалагічнага выхавання ў групе дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення (яслі-сад № 236 Мінска), па экалагізацыі школьнага курса хіміі і біялогіі (сярэдняя школа імя Янкі Купалы № 19 Мінска), па стварэнні экасцежкі “Горад птушак” у Мінску і ўвядзенні моды на экадэвайсы ў штодзённым жыцці.

Удзельнікі секцыі “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў экалагічнай адукацыі” расказалі, як арганізуюць даследчую дзейнасць у экакірунку па хіміі, як дапамагаюць дасягаць Мэт устойлівага развіцця Steam-тэхналогіі і праектна-даследчая дзейнасць і інш. Удзельнікі канферэнцыі прадставілі і механізмы выканання МУР у межах сістэмы дашкольнай, агульнасярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей, моладзі і дарослых. Тут вялася гутарка пра фарміраванне экалагічнай культуры падлеткаў у поліэтнічным асяроддзі (сярэдняя школа № 180 Мінска), пра праблемы ўздзеяння метэаралагічных і касмічных фактараў на здароўе чалавека (сярэдняя школа № 32 Магілёва), пра ролю медыятыўных тэхналогій у стварэнні бяспечнага і бесканфліктнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі (МГІРА), пра ролю “Казак для больш справядлівага свету” (гімназія № 22 Мінска). Удзельнікі секцыі “IT- тэхналогіі ў экалагічнай адукацыі” падзяліліся сваім вопытам навучання з дапамогай лічбавых тэхналогій, электронных дыдактычных гульняў для выхавання асноў экалагічнай культуры і інш.

Арганізатары спадзяюцца, што канферэнцыя, якая ў анлайн- і афлайн-фарматах аб’яднала 140 удзельнікаў з устаноў адукацыі Беларусі, а таксама з Германіі і Расіі, паспрыяе большай зацікаўленасці тэмай устойлівага развіцця сярод удзельнікаў і дапаможа ім укараняць самы цікавы вопыт у сваіх установах адукацыі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены ўдзельнікамі канферэнцыі.