Экасістэмы ў мініяцюры

- 15:08Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

Знаёмства з асновамі экалогіі не павінна быць сумным. Такога прынцыпу прытрымліваюцца ў педагагічным калектыве ясляў­сада № 6  Светлагорска. 

У дашкольным узросце засваенне асноў экалагічных ведаў найбольш перспектыўнае — дзіця ўспрымае прыроду эмацыянальна, звяртае ўвагу на такія асаблівасці, якія дарослы чалавек і не заўва­жыць. Малыя шчыра здзіўляюцца таму, што іх акружае, зада­юць шмат пытанняў пра расліны, жывёл… 

Рэалізаваць задачы экалагічнага выхавання магчыма толькі пры наяўнасці экалагічнай культуры педагога, яго гатоўнасці выкарыстоўваць новыя цікавыя падыходы. Многія прыродныя з’явы немагчыма ўспрымаць непасрэдна. Каб “выбудаваць” у дзіцяці нейкую абстрактную мадэль, мы выбралі такі від дзейнасці, як макетаванне. Макеты — паменшаныя мадэлі прыроднага асяро­ддзя, з’яўляюцца прывабнымі для дзяцей.

Педагогі вырабілі шматфункцыянальныя макеты розных прыродных зон. З іх дапамогай у дзяцей паспяхова ажыццяўляецца абагульненне і сістэматызацыя ведаў аб прыродзе, пашыраецца кругагляд, а таксама паспяхова актывізуецца пазнавальная дзейнасць.

Мадэлі-макеты маюць значэнне і для інтэлектуальнага развіцця. У дзяцей ёсць магчымасць спазнаць не толькі сучасны навакольны свет, прыроду роднага краю, розныя кліматычныя зоны, але і паглыбіцца ў дагістарычны перыяд жыцця дыназаўраў.

Мы прытрымліваемся прынцыпу, што прадметна-прасторавае асяроддзе павінна забяспечваць магчымасць зносін і сумеснай дзейнасці дзяцей і дарослых, максімальную рэалізацыю адукацыйнага патэнцыялу. Таму эказоны максімальна выкарыстоўваюцца ў розных відах дзейнасці. На аснове макетаў мы праводзім экалагічныя заняткі, гутаркі, сюжэтна-ролевыя, рэжысёрскія і дыдактычныя гульні, складаем апавяданні, прысвечаныя азнаямленню з рознымі біяцэнозамі. Таксама малым цікава проста разглядаць макеты, пазнаваць знаёмыя расліны…

У малодшым узросце макеты выкарыстоўваюцца для знаёмства з жывёльным светам. Праводзяцца гульні, у якіх дзеці расстаўля­юць жывёл у адпаведнасці з асяроддзем пражывання. Старэйшыя дзеці, усведамляючы прычынна-выніковыя сувязі, знаёмяцца з прыродна-кліматычнымі зонамі і іх насельнікамі. Праводзяцца гульні “Рассялі жывёл па кантынентах”, “Хто дзе жыве?”, “Накармі жывёлу” і інш. Дзеці з задавальненнем разыгрываюць розныя сітуацыі, ім лёгка ўявіць асяроддзе пражывання жывёл, прыняць на сябе ролю адной з іх. Макеты выкарыстоўваюцца і ў самастойнай гульнявой дзейнасці. Яны садзейніча­юць развіццю творчага пазнавальнага мыслення, пошукавай дзейнасці і пазнавальнай актыўнасці кожнага дзіцяці. Гэта сапраўдная скарбніца як для развіцця маўлення, так і для сенсорнага развіцця. У працэсе выкарыстання выхаванцы знаёмяцца з рознымі па фактуры, якасці, форме матэрыяламі. Такім чынам развіваюцца іх пачуцці, актывізуецца дробная маторыка рук.

Вырабляючы макеты, мы прытрымліваліся пэўных патрабаванняў. Кожны павінен быць устойлівы, лёгка перамяшчацца з месца на месца, не баяцца выпадковых удараў, служыць доўгі час і ў любы момант быць даступным дзецям для гульні. 

Алена ШУСТ, 
загадчыца ясляў-сада № 6 Светлагорска.