Экскурсія — гэта не толькі пазнавальнае падарожжа, але і сотні мільёнаў чыстага прыбытку

- 15:09Актуально, Рознае
Падчас семінара-нарады “Развіццё краязнаўства і дзіцяча-юнацкага турызму Расіі і Беларусі. Вопыт і перспектывы”, які праходзіў на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, адбыўся круглы стол, прысвечаны актуальным пытанням функцыянавання сістэмы дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства. Асаблівая ўвага падчас канструктыўнай размовы ўдзялялася праблемам аказання цэнтрамі дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю платных экскурсійных паслуг.
Турыстычная ісціна

Для ўстаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю экскурсія з’яўляецца галоўнай крыніцай паступлення пазабюджэтных сродкаў. Што і гаварыць, калі ў некаторых цэнтрах сукупны гадавы абарот грашовых сродкаў, выручаных ад турагенцкай і тураператарскай дзейнасці, пераходзіць рубеж у адзін мільярд рублёў. Канечне, трэба плаціць падаткі, канечне, трэба разлічвацца з аўтобусным паркам за арэнду транспарту. Аднак усё роўна аб’ём чыстага прыбытку дазваляе ўстановам самастойна ўдасканальваць матэрыяльную базу, фінансава стымуляваць працу педагогаў.
Перадавікамі на экскурсійнай ніве краіны з’яўляюцца цэнтры турызму і краязнаўства Слуцка, Наваполацка, Брэста, Гомеля, Крычава, Клімавіч. Аднак іх паспяховая турагенцкая і тураператарская дзейнасць хутчэй выключэнне, чым правіла. Нямногія ўстановы могуць пахваліцца такімі дасягненнямі. Каб заняць сваё месца пад беларускім турыстычным сонцам і паспяхова канкурыраваць з прыватнымі турагенцтвамі, дырэктарам устаноў дадатковай адукацыі патрэбны не толькі любоў да дзяцей і паходаў, арганізатарскія здольнасці, неабходны яшчэ і навыкі эканаміста, менеджара. На развіццё гэтых якасцей накіраваны рэгулярныя курсы павышэння кваліфікацыі, якія Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства праводзіць сумесна з Інстытутам павышэння кваліфікацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі. Вялікае практычнае значэнне маюць семінары і круглыя сталы (адзін з іх ладзіўся і ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты”), на якіх удзельнічаюць не толькі педагогі, але і прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, асобы, ад якіх залежыць прыняцце тых ці іншых нарматыўных дакументаў, што рэгулююць экскурсійную дзейнасць.
Такія мерапрыемствы заўсёды праходзяць у фармаце выступленняў, прафесіянальных спрэчак, падчас якіх, як вядома, нараджаецца ісціна, у нашым выпадку турыстычная. Карысны тут не толькі беларускі, але і замежны вопыт, у прыватнасці, расійскі. Нездарма на нядаўнім семінары свае прапановы па праблемах вырашэння і перспектывах развіцця дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства выказвалі расійскія госці: дырэктар Федэральнага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Міхаіл Міхайлавіч Бастанджогла, дырэктар Смаленскага абласнога дзіцяча-юнацкага цэнтра турызму, краязнаўства і спорту Міхаіл Іванавіч Малахаў і дырэктар Цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму і экскурсій Бранска Барыс Уладзіміравіч Бялоў.

Тры блокі

Усе праблемныя пытанні, якія ўзнімаліся на круглым стале, можна ўмоўна падзяліць на тры блокі: нарматыўна-прававога, кадравага і маральнага характару. Першы блок звязаны з недасканаласцю заканадаўства, якое б дазволіла больш свабодна, без лішняй валакіты і бюракратыі развіваць у краіне дзіцяча-юнацкі турызм і краязнаўства, спрыяла больш актыўнай дзейнасці цэнтраў турызму і краязнаўства на рынку турыстычных паслуг. Другі блок звязаны з кадравымі праблемамі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, як эканамічнага, так і прафесійнага плана. Трэці блок (блок маральнага характару) звязаны з недастатковым разуменнем грамадскай значнасці развіцця і папулярызацыі дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства. Спынімся на гэтых блоках больш падрабязна, разгледзім шляхі вырашэння праблемных пытанняў, прапанаваныя падчас выступленняў і дыскусіі як расійскімі, так і беларускімі педагогамі-турыстамі. Хоць краіны ў нас розныя, аднак праблемы дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю падобныя. Падобнымі будуць і шляхі вырашэння гэтых праблем.

Яшчэ раз пра бюракратыю

— У цяперашні час Міністэрства культуры распрацоўвае праект канцэпцыі “Закона аб асновах турысцкай дзейнасці”, у якім, мы спадзяёмся, будзе ўведзена паняцце дзіцяча-юнацкага турызму. На наш погляд, за аснову можна ўзяць вызначэнне дзіцяча-юнацкага турызму, прыведзенае ў мадэльным Законе “Аб дзіцячым і юнацкім турызме”, прынятым на 24 пленарным пасяджэнні Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД, згодна з якім дзіцячы і юнацкі турызм — гэта сродак гарманічнага развіцця дзяцей, дзяўчат і юнакоў, які рэалізуецца ў форме адпачынку і грамадска карыснай дзейнасці, характэрнымі структурнымі кампанентамі якога з’яўляюцца паход, падарожжа, экскурсія, — паведаміў дырэктар Федэральнага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Міхаіл Міхайлавіч Бастанджогла.
У апошнія гады, на думку расійскага госця, значную перашкоду развіццю дзіцяча-юнацкага турызму нанесла прыняцце шэрага нарматыўна-прававых дакументаў, звязаных з санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі да дзіцячых палатачных лагераў і перавозак арганізаваных груп навучэнцаў. Корань праблемы ў тым, што дакументы былі распрацаваны і прыняты без удзелу спецыялістаў па дзіцячым турызме.
— Многія пункты ўтрымліваюць непатрэбныя і нават недарэчныя патрабаванні, а некаторыя нават фізічна невыканальныя. Наглядным прыкладам з’яўляюцца патрабаванні да палатачных лагераў, што прывяло да іх скарачэння ў Расіі за тры гады ў 4,5 разу (з 7000 у 2009 годзе да 1600 у 2012). Між тым такія лагеры з’яўляюцца малазатратнымі ў фінансавым плане. Да таго ж гэта цудоўная альтэрнатыва замежным падарожжам і практычна адзіная магчымасць для дзяцей з малазабяспечаных сем’яў актыўна адпачыць. Толькі дзякуючы працяглай барацьбе грамадскасці пры падтрымцы Грамадскай палаты Расійскай Федэрацыі гэты дакумент быў адменены і заменены іншым, падрыхтаваным членамі рабочай групы па дзіцячым турызме. Такія выпадкі магчымыя таму, што нарматыўныя дакументы па дзіцячым турызме выдаюць некалькі ведамстваў, без каардынацыі і ўзгаднення. Мы з калегамі лічым, што зняцце розных бюракратычных абмежаванняў, нават без прыкметнага павелічэння фінансавання, павялічыць колькасць юных турыстаў і экскурсантаў прыкладна на 30 працэнтаў, — адзначыў Міхаіл Міхайлавіч.

Што рабіць з кадрамі?

Востра стаіць і праблема кадравага забеспячэння ў сферы дзіцяча-юнацкага турызму. Гэтую праблему можна разглядаць з некалькіх пазіцый: невялікага ўзроўню заработнай платы ў параўнанні з вялікай педагагічнай нагрузкай і адказнасцю за жыццё дзяцей падчас паходаў і экскурсій; недастатковым забеспячэннем устаноў дадатковай адукацыі кваліфікаванымі экскурсаводамі. Нельга забываць і тое, што ў апошнія гады на заслужаны адпачынак пайшла даволі вялікая частка педагогаў дадатковай адукацыі, прадстаўнікоў, як часта гавораць, савецкай педагагічнай школы. Таму як ніколі актуальнай стала праблема папаўнення, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных і кіруючых кадраў сістэмы дзіцяча-юнацкага турызму.
Напрыклад, у Расіі ў апошнія гады, асабліва пасля ўкаранення двухузроўневай сістэмы вышэйшай адукацыі ў сферы турызму, з’явілася вялікая колькасць устаноў, якія ажыццяўляюць бакалаўрскую падрыхтоўку па напрамках “турызм” і “сацыяльна-культурны сэрвіс і турызм”. Магістарская падрыхтоўка па кірунку “турызм” вядзецца ў невялікай колькасці УВА. Пры гэтым адукацыйныя праграмы бакалаўрыята і магістратуры арыентаваны перш за ўсё на падрыхтоўку кадраў для аказання турыстычна-экскурсійных паслуг даросламу насельніцтву. Аднак і сфера дзіцяча-юнацкага турызму мае патрэбу ў высокакваліфікаваных спецыялістах і навуковых работніках, якія ведаюць, як працаваць з дзіцячай аўдыторыяй.
Як паведаміла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур, павышэнню кваліфікацыі педагагічных кадраў у нашай краіне спрыяюць спецыяльныя курсы, якія праводзяцца для кіраўнікоў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі турыстычна-краязнаўчага профілю і метадыстаў сумесна з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры, у тым ліку і выязныя, рэспубліканскія навукова-практычныя канферэнцыі па праблемах патрыятычнага выхавання (сумесна з Міністэрствам абароны), рэспубліканскія краязнаўчыя чытанні педагогаў, рэспубліканскія семінары кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі (сумесна з Міністэрствам культуры), семінары-нарады дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі, загадчыкаў аддзелаў і г.д.
— У той жа час у нас адсутнічае сістэма падрыхтоўкі ва ўстановах вышэйшай адукацыі педагогаў для сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, спецыялістаў, якія б змаглі задаволіць патрэбы турысцкага рынку ў сферы адукацыі па арганізацыі пазнавальнага, экалагічнага, рэкрэацыйнага турызму, арганізатараў экскурсійнага абслугоўвання навучэнцаў з улікам іх узроставых асаблівасцей. Пры гэтым неабходна ўдасканальваць сістэму павышэння кваліфікацыі і прафесійнай падрыхтоўкі педагагічных, адміністрацыйных кадраў у галіне тэлекамунікацыйных сродкаў і новых інфармацыйных тэхналогій, актывізаваць работу па стварэнні адукацыйных электронных выданняў і рэсурсаў, заахвочваць педагагічныя інавацыі, заснаваныя на выкарыстанні сучасных інфармацыйных тэхналогій, — адзначыла Лідзія Андрэеўна.

Рэсурсны цэнтр

У сувязі з аптымізацыяй у сферы дадатковай адукацыі, востра стаіць пытанне фінансавання дзіцяча-юнацкага турызму. Па словах Міхаіла Міхайлавіча Бастанджоглы, у Расіі на федэральным узроўні дзейнічае некалькі праграм, якія так ці інакш тычацца сферы дзіцяча-юнацкага турызму. Па-першае, гэта федэральная мэтавая праграма “Развіццё ўнутранага і ўязнога турызму ў Расійскай Федэрацыі (2011—2018 гады)”. Аднак, нягледзячы на значны агульны аб’ём фінансавання праграмы (96 млрд расійскіх рублёў), у ёй не прадугледжаны мерапрыемствы па развіцці дзіцяча-юнацкага турызму. Разам з тым у шэрагу рэгіянальных праграм пытанням развіцця дзіцяча-юнацкага турызму ўдзяляецца значная ўвага. У прыватнасці, у Калужскай вобласці згодна з доўгатэрміновай мэтавай праграмай “Развіццё ўнутранага і ўязнога турызму на тэрыторыі Калужскай вобласці на 2011—2016 гады” да напрамкаў рэалізацыі праграмы аднесены “Развіццё спартыўнага турызму з актыўнымі формамі адпачынку” і “Развіццё школьнага турызму”, а ў пералік мэтавых індыкатараў праграмы ўключаны “агульная колькасць арганізаваных турысцкіх паходаў” і “колькасць навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў, якія ўдзельнічаюць у турыстычна-краязнаўчых мерапрыемствах”.
— У мэтах далейшага развіцця дзіцяча-юнацкага турызму з’яўляецца мэтазгодным распрацаваць комплекс мер, які прадугледжвае на федэральным, рэгіянальным і муніцыпальным узроўнях арганізацыю работы па захаванні і развіцці сеткі арганізацый дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі турыстычна-краязнаўчай накіраванасці на сістэмнай аснове, прадугледзеўшы пры гэтым сістэмаўтваральную ролю Федэральнага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, які забяспечвае навукова-метадычнае і праграмна-арганізацыйнае суправаджэнне турыстычна-краязнаўчай дзейнасці ў сістэме адукацыі. Стварыць на базе Федэральнага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і края-знаўства федэральны рэсурсны цэнтр па маніторынгу, зборы і захаванні праграмна-метадычнага матэрыялу. Уключыць у лік паказчыкаў эфектыўнасці дзейнасці органаў выканаўчай улады, якія ажыццяўляюць кіраванне ў сферы адукацыі, такі паказчык, які характарызуе стан арганізацыі турыстычна-краязнаўчай дзейнасці ў рэгіёне, рэкамендаваць стварэнне ў кожным суб’екце Расійскай Федэрацыі міжведамасных камісій па развіцці дзіцяча-юнацкага турызму з удзелам прадстаўнікоў рэгіянальных органаў выканаўчай улады, якія ажыццяўляюць кіраванне ў сферы культуры, адукацыі, спорту, — падзяліўся Міхаіл Міхайлавіч.
Калі спраецыраваць прапановы расійскага калегі на беларускую сістэму дадатковай адукацыі, то, як справядліва адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Уладзіміраўна Ануфровіч, рэсурсным цэнтрам па развіцці экскурсійнай і турыстычнай работы ў нашай краіне павінен стаць Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. У ім неабходна акумуліраваць усю інфармацыю аб турыстычна-краязнаўчых падзеях рэгіёнаў, цэнтр павінен стаць своеасаблівым банкам даных перадавога метадычнага і практычнага вопыту ў сферы дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства.

Пра буклеты і праграмы

Неабходнасць і значнасць такой работы пацвярджае вялікі вопыт, назапашаны педагогамі Брэстчыны, Гродзеншчыны, Міншчыны, Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Гомельшчыны і Мінска. Важна тое, што гэты вопыт як своеасаблівая турыстычна-краязнаўчая палітра з дзясяткамі колераў і сотнямі адценняў. Узяць, напрыклад, Брэсцкі рэгіён. Як паведаміла загадчык турыстычнага аддзела Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Наталля Аляксандраўна Дворава, акрамя правядзення паходаў і экскурсій, цэнтр актыўна займаецца выдавецкай дзейнасцю. Перыядычна ствараюцца брашуры, буклеты, альбомы, у якіх расказваецца пра адметныя мясціны Брэсцкай вобласці.
— Вопыт такой выдавецкай дзейнасці варта абавязкова пераняць кожнаму рэгіёну, — адзначыла Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.
У Год гасціннасці турыстычна-экскурсійная дзейнасць набывае асаблівую актуальнасць. Дзейсная сістэма такой работы склалася ў Гомельскай вобласці. У рамках праекта “Калі хочаш ведаць краіну — будзь турыстам” распрацаваны маршруты па Гомельшчыне, Беларусі, блізкім і далёкім замежжы. Галоўны турыстычны маршрут “Залатое кола Гомельшчыны” праходзіць па дзевяці населеных пунктах вобласці: Гомель, Мазыр, Ветка, Лоеў, Рэчыца, Тураў, Чачэрск, Юравічы, Чырвоны Бераг. З пачатку 2013/2014 навучальнага года для навучэнцаў вобласці было праведзена каля 2000 экскурсій, у якіх прынялі ўдзел больш за 40 тысяч школьнікаў.
Варта адзначыць, што ў Гомельскай вобласці ўсе турыстычна-краязнаўчыя мерапрыемствы, акцыі, спаборніцтвы ўнесены ў адзіны каляндар мерапрыемстваў у галіне дадатковай адукацыі, які складаецца ўсімі зацікаўленымі структурамі на пачатак навучальнага года. Гэты план дасылаецца ва ўсе раённыя цэнтры, і асобным колерам у ім пазначаны мерапрыемствы таго ці іншага кірунку.

Пакуль што бясплатна

— Не магу не спыніцца на праблемах у арганізацыі турыстычна-экскурсійнай работы. Арганізаваную экскурсійную дзейнасць павінны ажыццяўляць кваліфікаваныя работнікі. Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дэфіцыт на сертыфікаваных экскурсаводаў, а кіраўнікі гурткоў і метадысты юрыдычна не маюць права арганізоўваць платныя турыстычныя паходы і экскурсіі з навучэнцамі, хаця нашы педагогі — сапраўдныя прафесіяналы, якія глыбока ведаюць гісторыю роднага краю. Курсы падрыхтоўкі кадраў, якія праводзіць Нацыянальнае агенцтва па турызме, дарагія, і ўстановы дадатковай адукацыі не ў стане іх аплаціць. Ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці толькі два чалавекі маюць пацверджаныя сертыфікаты экскурсаводаў, — адзначыла начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Алена Аляксандраўна Ляшук.
— Паважаныя калегі, хацелася б унесці невялікае ўдакладненне. Прафесійная атэстацыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў на цяперашні момант праводзіцца бясплатна, — узяла слова галоўны спецыяліст дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Марына Веньямінаўна Масташова. — На сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме кожнаму наведвальніку даступна Палажэнне аб атэстацыі. Мы рэкамендуем усім цэнтрам турызму і краязнаўства накіраваць сваіх супрацоўнікаў на курсы экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, бо Міністэрства спорту і турызму, экскурсійнае грамадства прапаноўваюць унесці некаторыя змяненні ў Палажэнне аб атэстацыі.
Дык хто ж можа стаць прафесійным экскурсаводам? У Законе Рэспублікі Беларусь “Аб турызме” адзначана, што экскурсійнае абслугоўванне — гэта дзейнасць суб’ектаў турыстычнай дзейнасці, а таксама іншых юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, па падрыхтоўцы, арганізацыі і правядзенні экскурсій. Атрымаць гэтае пасведчанне можна толькі пасля паспяховага праходжання прафесійнай атэстацыі. Да атэстацыі дапускаюцца толькі дзеяздольныя фізічныя асобы, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі нашай краіны, маюць вышэйшую, сярэднюю спецыяльную адукацыю або агульную сярэднюю адукацыю і скончылі не менш за тры курсы вышэйшай навучальнай установы. Атэстацыя праводзіцца ў форме камп’ютарнага тэсціравання і вуснага субяседавання на веданне методыкі і тэхнікі правядзення экскурсій, культуры і выразнасці маўлення, правільнасці дыкцыі. Тэксты экскурсій, якія прадастаўляе прэтэндэнт, павінны адпавядаць прынцыпам навуковасці і даступнасці, накіраваны на сучаснасць, а тэхналагічныя карты экскурсій павінны быць складзены ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Зменшыць колькасць падаткаў

Вялікі вопыт па аказанні платных экскурсійных паслуг назапашаны супрацоўнікамі Слуцкага цэнтра турызму. А пачалося ўсё з 2002 года, калі дырэктарам тады яшчэ станцыі юных турыстаў Слуцка быў прызначаны Уладзімір Андрэевіч Паздзерын, які задумаў пашырыць дзейнасць станцыі. Пасля шматлікіх намаганняў 1 верасня 2004 года ўстанова атрымала тураператарскую ліцэнзію на аказанне турпаслуг насельніцтву, станцыя юных турыстаў была пераўтворана ў станцыю дзіцячага і маладзёжнага турызму і краязнаўства, пачаў фарміравацца экскурсійны аддзел, стварацца імідж установы.
— Пачыналі мы з малога. За 2004 год даход ад тураператарскай дзейнасці склаў усяго 8 мільёнаў, у 2005 — ужо 76 мільёнаў, а ў 2013 — больш за 2 мільярды рублёў. Але, з’яўляючыся ўстановай сістэмы адукацыі, асноўны ўпор мы робім усё ж такі на выхаванне падрастаючага пакалення, а не на тое, каб зарабіць грошы. Большасць экскурсаводаў маюць педагагічную адукацыю, умеюць на прафесійным узроўні працаваць з экскурсантамі розных узростаў. Да таго ж мы праводзім пастаянны маніторынг якасці правядзення экскурсій, — падзяліўся Уладзімір Андрэевіч.
Па словах дырэктара Слуцкага цэнтра турызму, экскурсіі для навучэнцаў класіфікуюцца па формах правядзення: ваенна-патрыятычнай тэматыкі, краязнаўчыя, спартыўныя, гісторыка-архітэктурныя, экалагічныя, этнаграфічныя, літаратурныя. Распрацавана больш за 40 экскурсій па Беларусі і 5 экскурсій па малой радзіме (“Старажытны горад на Случы”, “Случчына ў агні”, “Прамысловасць сучаснага Слуцка”, “У госці да слуцкага страуса”, “Рамёствы Случчыны”). Супрацоўнікі цэнтра пастаянна адкрываюць новыя экскурсійныя напрамкі і аб’екты, штогод распрацоўваюць некалькі новых экскурсій. Напрыклад, пасля таго, як у старажытным горадзе на Случы аднавілі вытворчасць слуцкіх паясоў, педагогамі-экскурсаводамі была распрацавана экскурсія “На радзіму слуцкіх паясоў”. Для прыёму гасцей пры Слуцкім цэнтры турызму створана выдатная турбаза, якая прыносіць нядрэнны прыбытак.
— Калектыў Слуцкага цэнтра турызму робіць усё магчымае, каб заставацца на годным месцы ў сістэме адукацыі краіны па ўсіх напрамках сваёй дзейнасці. Але існуе аб’ектыўная рэальнасць, якая часам стварае нам пэўныя цяжкасці ў рабоце. Напрыклад, у Слуцкім раёне ажыццяўляюць турыстычна-экскурсійную дзейнасць шэсць суб’ектаў гаспадарання, чатыры прыватныя фірмы, аўтапарк № 2 і Слуцкі цэнтр турызму. І быццам павінна быць здаровая канкурэнцыя. Але індывідуальны прадпрымальнік плаціць адзіны падатак, аўтапарк, выкарыстоўваючы свае аўтобусы, зусім не плаціць падатак на дабаўленую вартасць, а Слуцкі цэнтр турызму плаціць і падатак на дабаўленую вар-тасць, і падатак на прыбытак. І ў выніку экскурсія, напрыклад, у Беларускі дзяржаўны цырк, пры аднолькавых зыходных даных, у нас даражэйшая на 2 мільёны рублёў, чым у аўтапарка. У нас да таго ж распрацавана сістэма зніжак: да 100% для дзяцей з сельскай мясцовасці, для малазабяспечаных дзяцей, для дзяцей-інвалідаў і г.д., — паведаміў Уладзімір Андрэевіч.
Справядлівай з’яўляецца і прапанова дырэктара Слуцкага цэнтра турызму ўнесці карэктывы ў падаткаабкладанне ў гэтай сферы, бо прыбытак ад пазабюджэтнай дзейнасці, якую атрымлівае ўстанова, аказваючы платныя паслугі, выкарыстоўваецца для набыцця турыстычна-спартыўнага інвентару, забеспячэння вучэбна-выхаваўчага працэсу, правядзення розных мерапрыемстваў для дзяцей. Добрым прыкладам тут з’яўляецца вопыт дзейнасці ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Кожнаму цэнтру — па аўтобусе

Адзін з першых маштабных рэспубліканскіх семінараў, на якім разглядаліся праблемы аказання цэнтрамі дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю платных экскурсійных паслуг, праводзіўся на базе Клімавіцкага цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі. Як адзначыла на круглым стале яго дырэктар Рэгіна Яўгенаўна Аляксеенка, цэнтр жыве, дзейнічае, развіваецца ў асноўным толькі за кошт аказання пазабюджэтных паслуг. Платныя турыстычныя паслугі прадастаўляюцца не толькі навучэнцам і педагогам, але і ўсім жыхарам Клімавіцкага раёна, прычым у значных маштабах. Так, для навучэнцаў і педагогаў устаноў адукацыі раёна ў 2013 годзе праведзена 86 экскурсій, а агульны аб’ём платных турыстычна-экскурсійных паслуг за мінулы год склаў 1087,6 мільёна рублёў.
— Такіх вынікаў мы дасягнулі дзякуючы Міністэрству спорту і турызму, а таксама Інстытуту павышэння кваліфікацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. За ўсе гады экскурсійнай дзейнасці мы не раз думалі пра тое, дык у чым заключаецца сакрэт паспяховай дзейнасці на рынку турыстычных паслуг. Канечне, жаданне, канечне, любоў да роднага краю, аднак калі ў цэнтра няма кваліфікаваных, прафесійных кадраў — выніку не будзе. Курсы, атэстацыя — усё гэта варта прайсці, бо на рынку турыстычных паслуг вельмі многа падводных камянёў, аб якія часта разбіваюцца самыя высакародныя жаданні і мары, — паведаміла Рэгіна Яўгенаўна.
І яшчэ… На завяршэнні свайго выступлення Рэгіна Яўгенаўна выказала прапанову аб выдзяленні кожнаму цэнтру турызму і краязнаўства вялікага аўтобуса, з дапамогай якога ўстанова магла б аказваць экскурсійныя паслугі насельніцтву. Канечне, рэалізацыя гэтага пажадання даволі сумнеўная, аднак калі б такая слушная прапанова-мара збылася, колькасць цэнтраў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю, якія б занялі годнае месца на беларускім рынку турыстычных паслуг, значна павялічылася.
Падчас круглага стала выказваліся розныя прапановы і пажаданні, канструктыўная размова доўжылася некалькі гадзін. Цікавымі, практычна значнымі былі і выступленні дырэктараў ужо згаданых турыстычна-краязнаўчых цэнтраў Смаленска, Бранска. Слушнымі і практычна значнымі аказаліся і словы дырэктара НДЦ “Зубраня” Надзеі Генадзьеўны Ануфрыевай, якая расказала калегам пра дзейнасць вучэбна-экскурсійнага цэнтра “Хутар Неслуч” і выхаваўчую ролю гістарычнага зубраняцкага маршруту, прапанавала для патаннення экскурсій праводзіць абмен групамі на парытэтных пачатках.
На круглым стале быў разгледжаны цэлы пласт праблемных пытанняў, што тычацца развіцця дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства. Як справядліва адзначыла Алена Уладзіміраўна Ануфровіч, па кожным з гэтых пытанняў можна арганізоўваць асобны круглы стол. А што тычыцца гэтага мерапрыемства, то па выніках шматгадзіннай размовы і дыскусіі супрацоўнікі Міністэрства адукацыі распрацуюць інструктыўна-метадычнае пісьмо, у якім будуць змешчаны рэкамендацыі аб правядзенні ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі экскурсійнай дзейнасці.

Змагацца за турызм

Напрыканцы хочацца прывесці словы Міхаіла Міхайлавіча Бастанджоглы. Дырэктар Федэральнага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства справядліва адзначыў, што за апошнія гадоў дваццаць у нас змянілася сістэма педагогікі. Але самае галоўнае, у нас моцна змяніліся дзеці, многім з якіх цікавей знаходзіцца за маніторам камп’ютара, чым ісці ў паход. Гэта прыводзіць у першую чаргу да змяншэння ўзроўню сацыялізацыі навучэнцаў, што нараджае шмат іншых праблемных момантаў. Таму дзеля захавання душэўнасці, любові, талерантнасці, фарміравання патрыятычных пачуццяў неабходна развіваць турыстычна-краязнаўчую дзейнасць, змагацца за яе ўсімі сіламі і як мага раней весці дзяцей у паход.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.