Экскурсія па беларускай хатцы

- 11:53Дашкольная адукацыя

Маральна-патрыятычнае выхаванне дзяцей з’яўляецца адной з асноўных задач дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Мастоў. Мы спрабуем аднаўляць страчаныя ў выхаванцах пачуцці патрыятызму і грамадзянскасці.

Для больш плённай працы па патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту ў нашым цэнтры створаны музейны пакой “Беларуская хатка”, які дапамагае нам выхоўваць беражлівыя адносіны да гістарычнага мінулага Беларусі. Весела, цікава, забаўляльна і ў той жа час пазнавальна праходзяць у музейным пакоі розныя мерапрыемствы, абрадавыя святы, ранішнікі на беларускай мове (“Калядкі”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”, “Купалле”).

Дашкольны цэнтр цесна супрацоўнічае з установамі адукацыі Мастоў. Вучні пачатковых класаў прыходзяць да нас на экскурсіі. Выхаванцы старшых груп на беларускай мове расказваюць сваім гасцям аб музейным пакоі, знаёмяць школьнікаў з сялянскім побытам, асноўнымі рэчамі, іх выкарыстаннем у сялянскай хаце.

Знаёмства з беларускай хаткай пачынаецца пад песню “Спадчына” (муз. І.Лучанка, сл. Я.Купалы). “Усё ў хаце беларусаў мела сімвалічнае значэнне. Нават парог — месца незвычайнае, з ім звязана мноства народных звычаяў, абрадаў і прыкмет. Можа, хто-небудзь з вас ведае прыкметы пра парог? — пачынаюць нашы выхаванцы гутарку з гасцямі хаткі. — Парог лічыўся ў народзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, багацце, узаемаадносіны з іншымі людзьмі. З гэтым звязаны розныя звычаі, якія дайшлі да нас з даўніх часоў. Найбольш вядомыя з іх — сядзенне перад парогам напярэдадні паездкі, падарожжа. Кажуць: “Прысядзем на дарожку”. Гэта сімвалізавала далучэнне да свету продкаў, якія быццам дапамагалі ў дарозе”.

Пасля юныя экскурсаводы загадваюць гасцям загадкі і дэманструюць печ, якая ў любой сялянскай хаце заўсёды займала пачэснае месца: “Яна абагравала хату, у ёй варылі ежу, на ёй спалі, адпачывалі, лячыліся. Да печы адносіліся, як да жывой істоты. Забаранялася ўжываць “у яе прысутнасці” грубыя або непрыстойныя словы. Печ і падпечак — месца знаходжання добрага духа, дамавіка, галоўны абавязак і клопат якога — сачыць за тым, каб сям’я добра жыла. А вось які цікавы звычай, звязаны з печчу, дайшоў да нашага часу. У народнай медыцыне беларусаў быў вядомы прыём сімвалічнага “запякання” ў печы слабых, вельмі хворых дзяцей. Дзіця закутвалі ў коўдру і трымалі некалькі хвілін у печы адразу пасля таго, як скончаць паліць. Лічылася, што пасля такога “запякання” дзіця набывае здароўе і сілу”.

Насупраць печы, каля ўвахода, размяшчаецца гаспадарчы кут (“бабін кут”). Там стаіць кадушка для вады, драўляныя вёдры, даёнкі, апялушкі, сальніца, маслабойка — адным словам, усё тое, што трэба было жанчыне ў гаспадарцы. Самае пачэснае месца ў беларускай хатцы займае чырвоны кут, або покуць.

“Покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым, — дэманструюць інсталяцыю печы ў музейным пакоі дзеці. — Калі прыходзіла свята — Каляды ці Вялікдзень, на покуці першы сядзеў гаспадар хаты, а злева ад яго — астатнія сямейныя. І не абы як, уперамешку, а па старшынстве. Маліліся, успаміналі добрым словам дзядоў і прадзедаў, частаваліся”.

На покуці ў беларускай хатцы — засланы абрусам стол. Маленькія экскурсаводы расказваюць, што ён лічыўся амаль свяшчэнным, бо думалі, што праз стол у чырвоным куце наладжваецца сувязь з Богам, з небам. Святасць вызначалася яшчэ і тым, што на яго клалі і ставілі самае дарагое — хлеб, свянцоныя свечкі, святую ваду. “На стол нельга было класці шапку, грэбень, ключы ці сумку, не трымалі на стале нож, — заўважаюць экскурсаводы. — На стол не пускалі кошку”.

Пасля выхаванцы-экскурсаводы знаёмяць школьнікаў з ганчарным кругам і прадуктамі працы ганчара. І, нарэшце, дэманструюць самае цікавае — беларускія цацкі.

“Беларускія цацкі вырабляліся з самых простых і даступных матэрыялаў — гліны, дрэва, саломы, тканіны, а таксама выпякаліся з цеста. З гліны вырабляліся цацкі-свістулькі ў выглядзе коней, птушак, лялек. Драўляныя цацкі былі вельмі разнастайныя. Над калыскай падвешвалі фігурку птушкі. Для хлопчыкаў рабілі прылады працы. Вельмі распаўсюджаны былі каталкі. Вялікай папулярнасцю карысталіся цацкі з рухам (зайцы б’юць у барабан, кураняты дзяўбуць зерне і інш.). Старадаўнімі з’яўляюцца саламяныя цацкі. З саломы пераважна рабілі лялек, птушачак, павукоў. З абрэзкаў тканіны маці шыла для дзяўчынкі лялек”.

Пабываць на віртуальнай экскурсіі і даведацца пра музейны пакой “Беларуская хатка” можна таксама на сайце дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Мастоў.

Ларыса ЖЫЛІНСКАЯ,
сацыяльны педагог дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Мастоў.
Фота аўтара.