Экскурсія ў мінулае

- 14:30Нам пішуць

У дні вясенніх канікул у Вераб’евіцкім ВПК дзіцячы сад — базавая школа працаваў дзіцячы аздараўленчы лагер “Пралеска”.

У рамках Года малой радзімы адным з запланаваных мерапрыемстваў падчас лагернай змены стала экскурсійная паездка ў г.п. Любча, што недалёка ад аграгарадка Вялікія Вераб’евічы. Гэтае невялічкае мястэчка з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай, размешчанае ў адным з самых маляўнічых месцаў Беларусі на беразе ракі Нёман, ужо на працягу многіх гадоў прываблівае турыстаў з бліжняга і далёкага замежжа. Для аматараў гісторыі Любча ўвогуле бяздонная скарбонка цікавых фактаў, гіпотэз, здагадак, легенд і паданняў. І не дзіва: гэта адно з самых старажытных паселішчаў Беларусі. Упершыню згадваецца ў старажытным рукапісе са Шчорсаўскай бібліятэкі графаў Храптовічаў пад датай 6749 г. (1241 г.). І ваенная гісторыя Любчы, і гісторыя часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай надзвычай багатыя. Адметнасць мястэчка — замак з яго доўгай і цікавай гісторыяй і не менш цікавай і насычанай сучаснасцю.

Дзеці пазнаёміліся з архітэктурнымі элементамі замкавых вежаў і іншых пабудоў палацава-замкавага комплексу. Разнастаіла экскурсію інтэрактыўная міні-віктарына “Што я ведаю пра замкі?”.

Затым дзеці і выхавальнікі накіраваліся ў Народны гісторыка-краязнаўчы музей Любчанскага краю, загадчык якога Ю.У.Карабухін пазнаёміў з асноўнымі раздзеламі экспазіцый і самымі каштоўнымі экспанатамі музея. Восем музейных залаў змясцілі інфармацыю пра прыроду Любчанскага краю, культуру і быт яго жыхароў, асноўныя гістарычныя вехі, славутых ураджэнцах і вядомых грамадскіх дзеячаў пасёлка. Працягам стала наведванне выстаў дзіцячай літаратуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Любчанскай гарпасялковай бібліятэцы.

Таццяна БОРЫС,
старшая важатая лагера, настаўніца гісторыі
Вераб’евіцкага ВПК дзіцячы сад — базавая школа Навагрудскага раёна.