Экскурсія ў райвыканкам

Сёлетні Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь стаў асаблівы для 15 самых актыўных вучняў Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы. Для дзяцей была арганізавана экскурсія, якую можна назваць незвычайнай. У госці іх чакалі прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады Іўеўскага раёна.

Часта наша ўстанова арганізоўвае для навучэнцаў тэматычныя прафарыентацыйныя экскурсіі, сустрэчы з вядомымі жыхарамі, знакамітымі ўраджэнцамі нашага горада і раёна. Але магчымасць прамога дыялогу са старшынёй раённага Савета дэпутатаў, старшынёй раённага выканаўчага камітэта, яго намеснікамі, кіраўнікамі структурных падраздзяленняў, упраўленняў і аддзелаў райвыканкама была прадстаўлена ўпершыню.

Дзеці задавалі пытанні кіраўнікам мясцовых органаў выканаўчай і заканадаўчай улады, пазнаёміліся з рабочымі кабінетамі, спрабавалі ўявіць сябе ў ролі дзяржаўных служачых і нават “прымяралі крэсла” старшыні райвыканкама. Пры наведванні вялікага і малога залаў пасяджэнняў райвыканкама дзеці змаглі ў поўнай меры адчуць маштабнасць узроўню правядзення рабочых нарадаў, у тым ліку ў фармаце відэаканфэрэнцый.

У школу дзеці вярталіся з незвычайнымі ўражаннямі і станоўчымі эмоцыямі. Кожнаму не цярпелася падзяліцца ўбачаным і паказаць сувенір ад старшыні райвыканкама Аляксандра Іванавіча Булака.

Аксана КЛІМАШЭЎСКАЯ,
педагог сацыяльны Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.