Экспанаты ў музей ад навучэнцаў

Стаць археолагам у пятым класе? Гэта магчыма, калі ты з’яўляешся навучэнцам Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна. Трэці год на базе навучальнай установы працаваў археалагічны лагер з дзённым знаходжаннем “Спадчына”, і яго выхаванцы ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках.

Хлопчыкі і дзяўчынкі працуюць пад кіраўніцтвам вопытных археолагаў — старшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Максіма Чарняўскага і малодшага навуковага супрацоўніка Святланы Велент-Шчэрбач. Яны выкрываюць культурныя пласты ў пошуках цікавых знаходак. Трэба сказаць, што справа гэтая ім удаецца.

— Выхаванцы лагера настолькі захоплены працэсам, што ледзь аўтобус спыніцца — яны літаральна бягуць на месца раскопак, — расказвае Святлана Сяргееўна. — Некаторыя нават не згаджаюцца перапыняцца на адпачынак. Значыць, ім цікава. І гэта не можа не радаваць. За тры гады супрацоўніцтва некаторыя дзеці сталі настолькі вопытнымі, што дадуць фору любому студэнту. Тое, што яны прыходзяць да нас у такім узросце, — добрая гарантыя таго, што, пасталеўшы, захочуць займацца гісторыяй.

Раскопкі пачаліся ў 2014 годзе. Былі закладзены тры метровыя шурфы, якія пацвердзілі наяўнасць культурнага пласта каменнага і бронзавага вякоў. І ўжо ў мінулым годзе былі закладзены вялікія раскопы, усяго 20 квадратных метраў. Аказалася, што ўпершыню сюды людзі прыйшлі ў неаліце, прыкладна пяць тысяч гадоў назад, засяліліся і жылі яшчэ да канца бронзавага веку — тры тысячы гадоў назад. Тут зараджалася культура шнуравай керамікі. Знаходкі гэта пацвердзілі.

Усе знаходкі пасля вывучэння будуць перададзены ў раённы музей. У суправаджальнай інфармацыі абавязкова пазначаць, што гэтыя артэфакты былі знойдзены лелюкінскімі школьнікамі.

Усяго раскопкі праводзіліся дзевяць дзён. Пасля іх заканчэння на лясной паляне прайшоў абрад пасвячэння ў археолагі. Кожны з дзяцей прамовіў клятву археолага, паўдзельнічаў у жартоўнай цырымоніі і атрымаў пасведчанне ўдзельніка археалагічнага лагера. У астатні час для выхаванцаў былі арганізаваны розныя цікавыя мерапрыемствы: экскурсія ў Іўеўскі музей нацыянальных культур, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у квест-гульні, Іўеўскую раённую бібліятэку, дзе яны пабывалі на адкрыцці выставачнай экспазіцыі “Партызанскі фронт на Іўеўшчыне. 1942—1944 гады” і паўдзельнічалі ў акцыі “Белы жураўлік”, выпусціўшы ў неба паветраныя шарыкі з белымі жураўлікамі ў памяць аб салдатах, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таксама адбылася паездка ў Ліду з наведваннем Лідскага замка і гісторыка-мастацкага музея.

Цікавую археалагічную змену ў “Спадчыне” арганізавалі кіраўнік лагера Вольга Балановіч, старшы выхавальнік Вольга Аксёнава, выхавальнікі Андрэй Нехвядовіч, Давід Сафарэвіч, Наталля Паўловіч.

А вось якімі ўражаннямі падзяліліся выхаванцы археалагічнага лагера.

Вераніка Баярчук, навучэнка 5 класа:

— Я першы раз была ў археалагічным лагеры. Мне стала цікава, як гэта — быць археолагам. І зараз я ведаю, што прафесія складаная, але разам з тым вельмі цікавая і займальная. Я магу пахваліцца некалькімі знаходкамі.

Міхаіл Клімаў, вучань 7 класа:

— Калі ў мінулым годзе я прыглядаўся да працэсу правядзення археалагічных раскопак, разважаў, што тут можа быць цікавага для мяне, то ў гэтым годзе я добра зразумеў, што археалогія мяне захапіла канчаткова. Мне даверылі вельмі адказную пасаду лабаранта. Я займаўся вызначэннем разнавіднасцей знаходак. І мне гэта вельмі спадабалася.

Дзіяна Лянга, навучэнка 7 класа:

— Я з вялікай цікавасцю ўдзельнічала ў раскопках. Гэта вельмі займальны працэс. Часам нават не хочацца перапыняцца на адпачынак. Я адшукала, напрыклад, крамянёвы скрабок. Магчыма, нашы далёкія продкі апрацоўвалі ім скуру.

Андрэй ВАЎЧОК,
настаўнік гісторыі Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Іўеўскага раёна, выхавальнік лагера “Спадчына”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *