Экспарт адукацыйных паслуг: новыя гарызонты

- 10:48Актуально, Апошнія запісы

Рэсурсныя цэнтры Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С.Высоцкага і Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі наведалі надзвычайныя і паўнамоцныя паслы чатырох дзяржаў. Госці з Кубы, Эквадора, Індыі і Венесуэлы сталі ўдзельнікамі першага экспартна арыентаванага азнаямляльнага мерапрыемства, арганізаванага па ініцыятыве Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Міністр адукацыі Беларусі Ігар Васільевіч Карпенка ў размове з гасцямі і патэнцыяльнымі партнёрамі ў галіне новага віду экспарту адукацыйных паслуг асабліва падкрэсліў, што прадстаўленыя для азнаямлення рэсурсныя цэнтры толькі прыклад. Выбіраць жа можна з вельмі многіх напрамкаў, праграм, метадычных распрацовак, якімі валодае Беларусь. У краіне, па словах рэктара РІПА Валерыя Мікалаевіча Галубоўскага, 40 рэсурсных цэнтраў у розных галінах эканомікі і яшчэ 17 — за мяжой, 15 з іх у Казахстане, так што вопыт у рамках СНД назапашаны багаты.

Што ўбачылі і што пачулі ў рэсурсных цэнтрах тэхнічных каледжаў сталіцы надзвычайныя і паўнамоцныя паслы Рэспублікі Куба Херарда Суарас Альварас, Рэспублікі Індыя Саксена Панкадж, Рэспублікі Эквадор Карлас Умберта Ларэа Давіла і Баліварыянскай Рэспублікі Венесэула Хасэ Хаакін Багіяна Пярычы? Галоўнае — паспяхова дзеючую сістэму падрыхтоўкі рабочых і інжынерных кадраў, заснаваную на сучасных тэхналогіях, адмысловых уласных метадычных распрацоўках, добрай матэрыяльна-тэхнічнай базе і, безумоўна, крэатыўных педагагічных кадрах, зацікаўленых у падрыхтоўцы высокапрафесійных спецыялістаў.

Так, дырэктар аўтамеханічнага каледжа Валерый Рыгоравіч Кірыленка расказаў гасцям пра ўдзел і перамогі навучэнцаў у Нацыянальным конкурсе WorldSkills Belarus, іншых конкурсах, удзел у Сусветным чэмпіянаце рабочых прафесій. За час свайго існавання каледж выпусціў больш за 24 тысячы кваліфікаваных спецыялістаў, у тым ліку будучых кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, навукоўцаў, нават першы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Венесуэла В.А.Гурыновіч у свой час закончыў гэты каледж. Сёння тут 1630 навучэнцаў.

Але галоўнай мэтай візіту, зразумела, быў рэсурсны цэнтр каледжа, з якім гасцей азнаёмілі міжнародныя эксперты руху WorldSkills Алег Царук і Канстанцін Шайтар. Цэнтр уключае 5 вучэбных аб’ектаў: кабінеты і лабараторыі. Ён аснашчаны мультымедыйнай тэхнікай, выхадам у інтэрнэт, тут створаны лабараторыя па вывучэнні электронных сістэм, практычная лабараторыя па дыягностыцы бензінавых рухавікоў, паліўнай апаратуры. Ноу-хау для навучальных устаноў краіны — гэта магчымасць для навучэнцаў атрымліваць веды з дапамогай падоўжанага разрэзу электрамабіля Nissan і сучаснага дыягнастычнага і іншага абсталявання, якое ёсць у каледжы.

Рэсурсны цэнтр, дарэчы, рыхтуе не толькі навучэнцаў аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С.Высоцкага. Тут знаёмяцца з тэорыяй і адпрацоўваюць практычныя навыкі маладыя людзі з іншых каледжаў, тэхнічных устаноў вышэйшай адукацыі, супрацоўнікі прадпрыемстваў, могуць навучацца нават старшакласнікі, бо няма сэнсу распыляць дарагое абсталяванне па розных навучальных установах.

Тое ж адносіцца да Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе РІПА. У рэсурсным цэнтры гэтай установы таксама сучаснае абсталяванне, унікальныя метадычныя распрацоўкі, што асабліва вылучае беларускія цэнтры нават у параўнанні з падобнымі ўстановамі ў Заходняй Еўропе. Рэсурсны цэнтр гэтага каледжа таксама мае магчымасць навучаць моладзь практычным уменням з дапамогай аўтамабіля ў разрэзе, іншага высокатэхналагічнага абсталявання, напрыклад, па металаапрацоўцы, у чым і пераканаліся замежныя госці.

Не менш важна і тое, што беларускі бок прапаноўвае суправаджаць увесь працэс распрацоўкай планаў, метадычным забеспячэннем і навучаннем педагогаў, якія потым вернуцца ў свае краіны, каб працаваць у нацыянальных рэсурсных цэнтрах. Акрамя таго, гасцей запэўнілі, што навучанне з дапамогай камп’ютарных праграм разлічана і на пачаткоўцаў, якія пакуль не валодаюць нават элементарнымі прафесійнымі ведамі, і на падрыхтаваных спецыялістаў, што працягваюць навучанне. Так, у каледжы РІПА паспяхова адпрацоўвалі практычныя навыкі бакалаўры тэхнічных навук з Нігерыі. І сертыфікаты выпускнікі цэнтраў могуць атрымліваць не толькі беларускія, але і замежныя, напрыклад, вытворцы НААS, і інш.

Прынамсі, такая экспартна арыентаваная палітыка Міністэрства адукацыі ўжо дае пэўны плён. Плануецца, што з дапамогай беларускага боку ў хуткім часе будзе адкрыты рэсурсны цэнтр у індыйскім штаце Пенджаб. Спадзяёмся, ён стане толькі першай ластаўкай у галіне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Думкі запрошаных гасцей на гэты конт выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Хасэ Хаакін Багіяна Пярычы. Ён заўважыў, што госці атрымалі шмат цікавай інфармацыі па розных узроўнях навучання і розных галінах эканомікі, якую неабходна абдумаць і прыняць рашэнні, зыходзячы з інтарэсаў сваіх краін.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.