Экспазіцыя «Нельга забыць!» пачала працаваць у сярэдняй школе № 9 імя Г.М. Халасцякова Баранавіч

- 17:48Образование

Экспазіцыя «Нельга забыць!» адкрылася ў сярэдняй школе № 9 імя Г.М. Халасцякова Баранавіч. Яна прысвечана ўшанаванню памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» дырэктар навучальнай установы Юлія Тарасава.

Выстава размясцілася ў памяшканні, дзе асаблівую атмасферу стварае чорна-белае афармленне сцен і столі, каваныя краты з гістарычнымі фотаздымкамі дзяцей — вязняў канцлагераў, а таксама, быццам падсвечаныя агнём знутры, страшныя лічбы ваенных часоў: знішчана 3 000 000 чалавек, 5 454 вёскі, вывезена ў рабства 400 000 чалавек…

Асаблівасць нашай выставы ў тым, што яна прысвечана менавіта генацыду дзяцей. Вельмі важна, што вучні прымалі непасрэдны ўдзел у стварэнні экспазіцыі, гэта дазволіць ім адчуць усю сутнасць генацыду і сфарміраваць уласнае стаўленне да падзей, якія адбываліся, — адзначыла Ю. Тарасава. — Вялікая Айчынная вайна застанецца навечна ў памяці як сённяшніх, так і будучых пакаленняў. Гэта не проста гістарычная падзея — гэта, бадай, цэлая эпоха. Толькі праз пераемнасць пакаленняў мы зможам зберагчы памяць аб гераічным мінулым нашага народа і ганарыцца нашай гісторыяй.

Падчас урачыстага адкрыцця выставы ў навучэнцаў школы была магчымасць пачуць былога вязня Калдычэўскага лагера смерці Паліну Якаўлеўну Мушкарову, якая падзялілася сваёй гісторыяй. Хлопчыкі і дзяўчынкі з хваляваннем слухалі кранальныя ўспаміны відавочніцы тых далёкіх падзей.

Педагогі ўстановы ўпэўнены, што музейная экспазіцыя нікога не пакіне абыякавым. Пакуль тут не так многа экспанатаў (большасць з іх прадстаўлена навучэнцамі, іх бацькамі, настаўнікамі), але плануецца, што выстава будзе папаўняцца, дзякуючы вялікай пошукавай рабоце, якая арганізуецца ў школе.

           Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва школы