Эксперыментуюць на карысць рэгіянальнай сістэмы адукацыі

Сёння асаблівае значэнне набывае інавацыйная дзейнасць у навучальных установах. Наватарскія праекты, якія рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі, спрыяюць павышэнню прафесійнай кампетэнцыі педагогаў і ўплываюць на паляпшэнне якасці адукацыі. Гэтыя пастулаты добра ведаюць у Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, супрацоўнікі якога імкнуцца стымуляваць педагагічныя калектывы навучальных устаноў вобласці на ўкараненне інавацый.

Як паведаміла метадыст аддзела педагагічных інавацый інстытута Вікторыя Цюко, на цяперашні момант на Магілёўшчыне рэалізоўваецца 26 рэспубліканскіх інавацыйных праектаў на базе 68 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
— Праекты разнапланавыя па сваім змесце. Яны накіраваны на вырашэнне такіх актуальных пытанняў, як развіццё інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу навучэнцаў, духоўна-маральнае, экалагічнае, грамадзянска-патрыятычнае, фінансава-эканамічнае выхаванне падрастаючага пакалення, фарміраванне здаровага ладу жыцця вучняў, пераемнасць навучання на розных ступенях адукацыі, развіццё інфармацыйна-адукацыйнай прасторы навучальных устаноў, забеспячэнне эфектыўнага ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі з бацькоўскай грамадскасцю, — расказала Вікторыя Віктараўна. — Акрамя кансультатыўнай дапамогі, для настаўнікаў, зацікаўленых у інавацыйнай дзейнасці, мы арганізоўваем семінары, канферэнцыі, сустрэчы, дзе яны маюць магчымасць расказаць пра сябе, абмяняцца вопытам з калегамі. Такі абмен ідэямі і думкамі дазваляе зрабіць інавацыйныя праекты больш дасканалымі, надае ім імпульс для далейшага развіцця.
Чарговыя такія сустрэчы праходзілі на працягу некалькіх красавіцкіх дзён. У абласны інстытут развіцця адукацыі з’язджаліся прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, якія выступаюць інавацыйнымі пляцоўкамі на працягу ўжо двух гадоў. Мэтай сустрэч стала прадстаўленне прамежкавых вынікаў дзейнасці, іх экспертная ацэнка, а таксама вызначэнне эфектыўных перспектыў далейшай работы.
Цікавых напрацовак навучальныя ўстановы Магілёўшчыны прадставілі нямала. Так, арыгінальныя метады прадэманстравалі ўстановы, якія задзейнічаны ў рэалізацыі мадэлі інтэграцыі фізікі і матэматыкі пры дапамозе арганізацыі міжпрадметных факультатываў. У прыватнасці, у сярэдняй школе № 38 Магілёва пазнавальную актыўнасць вучняў павышаюць пры дапамозе творчасці. Цікавасць да вывучэння фізікі і матэматыкі ў дзяцей педагогі абуджаюць пры дапамозе… фокусаў, а таксама шэрага іншых творчых конкурсаў і мерапрыемстваў, якія арганізоўваюцца падчас міжпрадметных факультатываў. Эфект ад такога падыходу ўжо ёсць: узровень фізіка-матэматычных ведаў дзяцей па гэтых вучэбных прадметах у школе павысіўся.
Педагогі сярэдняй школы № 20 Бабруйска, якія таксама ўдзельнічаюць у рэалізацыі вышэйназванай інавацыйнай мадэлі, звяртаюцца да навуковых даследаванняў. Фізікі і матэматыкі школы распрацавалі і падрыхтавалі цыкл міжпрадметных заданняў, які ў значнай ступені ўплывае на павышэнне сярэдняга бала навучэнцаў па гэтых вучэбных прадметах, а таксама спрыяе павышэнню выніковасці ўдзелу школьнікаў у алімпіядах і інтэлектуальных конкурсах. У сувязі з гэтым, у планах у бабруйскіх педагогаў выданне і распаўсюджванне свайго зборніка міжпрадметных задач.
Не менш цікавым аказаўся вопыт рэалізацыі мадэлі выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў у інфармацыйна-адукацыйнай прасторы, прадстаўлены гімназіяй № 3 Магілёва.
— Каб паспяхова рэалізаваць праект, мы пастаянна працуем над удасканаленнем тэхнічнага забеспячэння гімназіі. Наша ўстанова ў дастатковай колькасці абсталявана камп’ютарамі, вадкакрышталічнымі тэлевізарамі, інтэрактыўнымі дошкамі, якія эфектыўна выкарыстоўваюць педагогі ў працэсе навучання, — падзялілася з калегамі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Шахрай.
Па словах Алены Віктараўны, у трэцяй гімназіі вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю сайта ўстановы. Больш за тое, у некаторых педагогаў гімназіі ёсць свае сайты і блогі, якія выкарыстоўваюцца ў вучэбных мэтах. Акрамя гэтага, педагагічны калектыў гімназіі — актыўны карыстальнік партала schools.by, дзе вядуцца электронныя дзённікі навучэнцаў і класныя журналы. Многія заняткі ва ўстанове падмацоўваюцца тэматычнымі мультымедыйнымі прэзентацыямі, актыўна выкарыстоўваюцца на ўроках у гімназіі і інтэрактыўныя дошкі. У планах педагагічнага калектыву — стварэнне на базе гімназіі рэсурснага цэнтра па гэтым напрамку работы.
Большасць інавацыйных праектаў накіравана на карысць дзяцей, але ёсць і такія, якія аблягчаюць і робяць прасцейшай работу настаўніка. Адзін з такіх праектаў “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння атэстацыі педагагічных кадраў на аснове развіцця рэфлексіўных прафесійных якасцей” прадстаўляў прарэктар МДАІРА Аляксандр Бондараў. Як растлумачыў Аляксандр Мікалаевіч, інавацыйны праект не толькі дапамагае педагогам псіхалагічна і метадычна падрыхтавацца да атэстацыі, але і спрыяе іх прафесійнаму развіццю.
Падчас прэзентацыйных сустрэч педагогі вобласці прадставілі мноства розных інавацыйных ідэй і распрацовак. Усе яны правераны часам і даказалі сваю эфектыўнасць. Але спыняцца на дасягнутым магілёўскае настаўніцтва не збіраецца. Педагогі вобласці не баяцца новага, а таму будуць працягваць эксперыментаваць на карысць рэгіянальнай сістэмы адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.