Экспрэс ААН-70 у Беларусі

- 10:22Адукацыйная прастора

Спецыяльны цягнік “Экспрэс ААН-70 у Беларусі” прайшоў па маршруце Мінск — Гродна — Баранавічы — Брэст — Гомель — Магілёў — Віцебск — Мінск у рамках святкавання 70-годдзя з дня заснавання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Пасажырамі цягніка былі супрацоўнікі ААН, прадстаўнікі ўрада, грамадскіх арганізацый, моладзь.

Напрыклад, у Магілёве ўдзельнікі акцыі тэмай для абмеркавання выбралі эканамічны рост і ўстойлівае развіццё краіны ў цэлым і рэгіёна ў прыватнасці. Адметна, што адным з фактараў устойлівасці рэгіянальных эканамічных перамен у рэгіёне з’яўляецца сфера адукацыі.Для развіцця новых ідэй на Магілёўшчыне дзейнічае спецыяльная партнёрская сетка агульнаадукацыйных навучальных устаноў. Касцюковіцкая раённая гімназія прадставіла дасягненні, да якіх удалося прыйсці ў ходзе рэалізацыі інавацыйнага праекта “Прадпрымальная школа”. На бізнес-адукацыю, развіццё прадпрымальнасці ў дзяцей робяць стаўку і ў Ходасаўскай сярэдняй школе Мсціслаўскага раёна. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце школы Т.С.Сямёнавай, ва ўстанове рэалізоўваюцца эканамічныя праекты “Скураная пластыка”, “Паштоўка сваімі рукамі” і іншыя. У сярэдніх школах №№ 28 і 37 Магілёва, Мсціслаўскай раённай гімназіі праектную дзейнасць вучняў накіроўваюць на энергазберажэнне, эканомію рэсурсаў, магчымасці другаснай перапрацоўкі матэрыялаў. У сярэдняй школе № 1 Слаўгарада ўсіх жадаючых вучаць эфектыўным спосабам эканоміі энергіі і рэсурсаў. На базе навучальнай установы функцыянуе Цэнтр па энерга- і рэсурсазберажэнні.
А вось на Краснапольшчыне, у Пачыпоўскім вучэбна-педагагічным комплексе, знайшлі эфектыўны спосаб барацьбы з дэградацыяй зямель, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС. У навучальнай установе рэалізоўваюць ідэю “Зялёная эканоміка саду”. Па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Краснапольскага райвыканкама Сяргея Сыранкова, тут будзе створаны рэсурсны цэнтр па перадачы вопыту работы школам суседніх раёнаў.
Спыніўшыся ў Віцебску, пасажыры экспрэса сабраліся ў гарадскім Палацы творчасці дзяцей і моладзі, дзе адбылася знакавая падзея: старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, нацыянальны саветнік па пытаннях ВІЧ/СНІДу ўпраўлення ААН па пытаннях наркотыкаў і злачыннасці ў Беларусі Уладзімір Гардзейка і каардынатар праграмы ЮНЭЙДС у Беларусі Вера Ільянкова падпісалі Дэкларацыю аб прыхільнасці да мэт устойлівага развіцця ААН.
Мікалай Шарснёў акцэнтаваў увагу на маштабным і працяглым па часе рэалізацыі праекце “Зялёны горад”. У яго аснове — ідэя паляпшэння экалогіі: з прамысловых і бытавых адходаў плануецца атрымліваць метан і выкарыстоўваць яго для запраўкі рухавікоў замест дызельнага паліва ў камунальнай гаспадарцы, на прадпрыемствах харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, грамадскім пасажырскім транспарце.
У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава велізарную студэнцкую аўдыторыю сабрала ток-шоу, прысвечанае пытанням аховы навакольнага асяроддзя. У дыялог з моладдзю ўступілі пасажыры экспрэса, сярод якіх былі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Каўхута, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Белавус, пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Абэргэ, намеснік дырэктара РУП “Навукова-практычны цэнтр гігіены” Ларыса Шаўчук, павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Скот Роланд.
У сярэдняй школе № 46 Віцебска абмяркоўваўся вопыт работы ў інклюзіўнай адукацыі, а ў Віцебскім дзяржаўным ПТК машынабудавання імя М.Ф.Шмырова — у сферы энергаэфектыўнасці і рэсурсазберажэння. Каледж па выніках конкурсу стаў уладальнікам гранта на 600 тысяч долараў ЗША згодна з Праграмай развіцця ААН па праекце “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні”.
Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Івана Шчурка, заслугоўвае ўвагі дзейнасць педагогаў Браслаўскага раёна ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Узмацненне магчымасцей турыстычнага развіцця ў памежным рэгіёне Латале—Уцена—Віцебск (Бела Дзвіна 2)”, Аршанскага раёна ў рамках праекта “Віртуальная школа” на базе гімназіі № 1 Оршы, Полацкага, Сенненскага раёна, Ульскага ліцэя і Відзаўскага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці ў рамках праекта Праграмы малых грантаў ГЭФ.

Ганна СІНЬКЕВІЧ,
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Ганны СІНЬКЕВІЧ.