Эксурсія ў сталіцу

У час зімовых канікул вучні сярэдняй школы № 7 Навагрудка здзейснілі падарожжа ў нашу сталіцу — Мінск.

Перш-наперш вучні наведалі батутную арэну “Неба”, дзе змаглі даць волю сваёй юнацкай неўтаймаванай энергіі і эмоцыям. Затым іх чакала больш сур’ёзная справа — наведванне музея МУС, дзе пазнаёміліся з дзейнасцю структур па ахове правапарадку на беларускіх землях у часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай, дазналіся шмат цікавага пра змаганне са злачыннасцю ў ХІХ ст., пра дзейнасць беларускай міліцыі ў ХХ стагоддзі і ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. А найбольшую цікавасць выклікала экспазіцыя, што расказвае пра дзейнасць нашай міліцыі на сучасным этапе, і павільён “Міліцэйская рэтратэхніка”.

Затым вучні наведалі помнік “Востраў слёз”, прасачылі яго гісторыю. Вельмі ўразіла скульптура анёла, які плача, бо не змог выканаць сваю місію — уратаваць воінаў ад смерці. Пасля наведалі галоўны праваслаўны храм Мінска — Свята-Духаў кафедральны сабор, каб ушанаваць памяць воінаў-афганцаў, палюбавацца архітэктурнай прыгажосцю сабора і ўбачыць свяшчэнную рэліквію — цудатворны абраз Божай Маці Мінскай.

Але самая захапляльная частка падарожжа была наперадзе. Гэта матч каманды Прэзідэнта Беларусі і зборнай Балтыі. Эмоцыі перапаўнялі ўсіх балельшчыкаў. Многія вучні былі на такім турніры ўпершыню, і можна толькі ўявіць, колькі ў іх было радасці і захаплення, калі каманда Беларусі перамагла з лікам 3: 9!

Экскурсія атрымалася вельмі насычаная і запамінальная. Нягледзячы на позняе вяртанне ў родны горад і стому, усе ўдзельнікі захапляльнага падаражжа былі перапоўнены пазітыўнымі эмоцыямі і па дарозе дамоў жыва абмяркоўвалі планы на наступную экскурсійную паездку.

Валянціна МАНЮК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Навагрудка.